05.01.2015  
Прэс-рэліз

Аб зніжэнні памеру камісійнага збору пры куплі насельніцтвам замежнай валюты


Памер камісійнага збору пры куплі насельніцтвам замежнай валюты з 6 студзеня 2015 г. будзе зніжаны да 10 працэнтаў. Такое рашэнне прынята Праўленнем Нацыянальнага банка з улікам зніжэння з 5 студзеня 2015 г. падатка на біржавыя аперацыі па набыцці замежнай валюты да 10 працэнтаў (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2015 № 3) і змянення афіцыйнага абменнага курса беларускага рубля да долара ЗША, якое склала па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы 5 студзеня 2015 г. каля 7 працэнтаў.

Гэтыя крокі Урада і Нацыянальнага банка зроблены ў рамках комплексу паслядоўных мер па нармалізацыі сітуацыі ў фінансавым сектары Рэспублікі Беларусь. Адначасовае зніжэнне падатку на біржавыя аперацыі па набыцці замежнай валюты і афіцыйнага абменнага курса беларускага рубля да долара ЗША накіравана на збліжэнне абменных курсаў на розных сегментах валютнага рынку рэспублікі і не прывядзе да павелічэння фактычнага курса набыцця замежнай валюты для насельніцтва і прадпрыемстваў.

У цэлым сітуацыя на валютным рынку краіны застаецца ўстойлівай. Аперацыі па куплі-продажы насельніцтвам замежнай валюты з банкамі зараз ажыццяўляюцца ў звычайным рэжыме, большасць абменных пунктаў і кас банкаў забяспечана наяўнай замежнай валютай у дастатковых аб’ёмах. Пры гэтым юрыдычныя і фізічныя асобы ў апошні час прадаюць валюты больш, чым купляюць.

На дэпазітным рынку прыток тэрміновых укладаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце ў апошнія дні 2014 г. істотна ўзрос.

Далейшыя аператыўныя дзеянні Нацыянальнага банка і Урада будуць накіраваны на замацаванне пазітыўных тэндэнцый на фінансавым рынку.