08.01.2015  
Прэс-рэліз

Аб мерах грашова-крэдытнай палітыкі па стабілізацыі сітуацыі ў фінансавай сферы


У мэтах далейшай стабілізацыі сітуацыі ў фінансавай сферы і аднаўлення ўстойлівасці функцыянавання валютнага рынку Рэспублікі Беларусь Нацыянальным банкам прыняты шэраг мер у сферы грашова-крэдытнай палітыкі.

З улікам абнулення з 8 студзеня 2015 г. падатку на біржавыя аперацыі па набыцці замежнай валюты (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2015 г. № 5) Праўленнем Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб адмене з 9 студзеня 2015 г. камісійнага збору пры куплі замежнай валюты насельніцтвам.

Гэта мера заклікана ўніфікаваць абменныя курсы куплі-продажу на розных сегментах валютнага рынку, у тым ліку ў абменных пунктах банкаў, і наблізіць іх да афіцыйнага курса беларускага рубля, які па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы 8 студзеня 2015 г. склаў 13 760 беларускіх рублёў за 1 долар ЗША.

Таксама з 9 студзеня 2015 г. Нацыянальны банк аднаўляе выкарыстанне механізму прывязкі курса беларускага рубля да кошыка замежных валют. Пры гэтым у структуры кошыка доля расійскага рубля павялічваецца да 40 працэнтаў, а долі еўра і долара ЗША зніжаюцца да 30 працэнтаў кожная.

У рамках новага механізму становяцца больш жорсткімі падыходы да выкарыстання золатавалютных рэзерваў для падтрымання абменнага курса. Валютныя інтэрвенцыі будуць праводзіцца толькі для згладжвання пікавых ваганняў кошту кошыка замежных валют у аб’ёмах, якія забяспечваюць станоўчае сальда куплі-продажу Нацыянальным банкам замежнай валюты ў сярэднетэрміновым перыядзе.

Ваганні курса беларускага рубля ў дачыненні да кожнай з валют (долар ЗША, еўра і расійскі рубель) будуць складвацца як за кошт змянення кошту кошыка пад уплывам попыту і прапановы валюты падчас біржавых таргоў, так і за кошт узаемных змяненняў крос-курсаў гэтых замежных валют. Пры гэтым змяненні абменнага курса могуць быць як у адзін, так і ў другі бок.

Увядзенне згаданага механізму курсаўтварэння дазволіць больш эфектыўна кіраваць курсам нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валют, якія маюць асноўнае значэнне для знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь, і павысіць устойлівасць беларускай эканомікі да ўздзеяння знешніх фактараў.

Для падтрымання адноснай стабільнасці абменнага курса беларускага рубля будуць задзейнічаны меры эканамічнай, бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі.

Акрамя таго, Нацыянальным банкам прыняты шэраг рашэнняў у галіне працэнтнай палітыкі, якія накіраваны на фарміраванне ў эканоміцы ўзроўню працэнтных ставак, што забяспечваюць фінансавую і макраэканамічную стабільнасць, запаволенне інфляцыі, а таксама баланс інтарэсаў укладчыкаў і пазычальнікаў.

Так, з 9 студзеня 2015 г. стаўка рэфінансавання павялічваецца на 5 працэнтных пунктаў і складзе 25 працэнтаў гадавых. З 14 студзеня 2015 г. працэнтныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў зніжаюцца з 50 да 40 працэнтаў гадавых, стаўка па дэпазітах авернайт павышаецца да 20 працэнтаў гадавых.

Пры гэтым з 9 студзеня 2015 г. верхняя мяжа працэнтных ставак па дэпазітах юрыдычных асоб зніжаецца з 50 да 40 працэнтаў гадавых. Верхняя мяжа па рублёвых укладах фізічных асоб пакуль захоўваецца на ўзроўні 50 працэнтаў, але па меры далейшай стабілізацыі сітуацыі таксама будзе змяншацца.

З мэтай нівеліравання негатыўных наступстваў зніжэння абменнага курса на ліквіднасць банкаў зніжаецца нарматыў абавязковых рэзерваў, якія дэпаніруюцца ў Нацыянальным банку (рэзервовых патрабаванняў), ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце: у студзені 2015 г. – з 13 да 12,5 працэнта, у лютым 2015 г. – да 10 працэнтаў. Гэта мера дазволіць падтрымаць устойлівую працу банкаў ва ўмовах недахопу рублёвых сродкаў, сфарміраванага ў снежні 2014 г.

У далейшым Нацыянальны банк і Урад прадоўжаць прымаць паслядоўныя меры па павышэнні макраэканамічнай збалансаванасці і ўмацаванні стабільнасці на фінансавым і валютным рынках рэспублікі.