НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Навіны і прэс-рэлізы


print  Версія для друку

04.11.2015

ПРЭС-РЭЛІЗ

Аб правядзенні з 1 ліпеня 2016 г. дэнамінацыі беларускага рубля

З 1 ліпеня 2016 г. у Рэспубліцы Беларусь будзе праведзена дэнамінацыя афіцыйнай грашовай адзінкі – беларускага рубля. Адпаведнае рашэнне прынята Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2015 г. № 450.

Дэнамінацыя будзе праведзена шляхам замены банкнотаў узору 2000 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года да 1 беларускага рубля ў грашовых знаках узору 2009 года. Гэта значыць, улічваючы абраны маштаб узбуйнення беларускага рубля (1: 10 000), самы нізкі намінал банкнота, які дзейнічае ў цяперашні час, – 100 рублёў – будзе заменены на самы нізкі намінал новага грашовага раду – 1 капейку.

Усяго з 1 ліпеня 2016 г. у абарачэнне будуць выпушчаны сем наміналаў банкнотаў – 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў, і восем наміналаў манет – 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі.

Агульная канцэпцыя дызайну новых банкнотаў адпавядае дэвізу "Мая краіна – Беларусь". Кожны банкнот прысвечаны адной з абласцей Беларусі і г. Мінску. Адпаведнасць вобласці наміналу банкнотаў вызначана ў алфавітным парадку. Выява банкнота наміналам 5 рублёў прысвечана Брэсцкай вобласці, 10 рублёў – Віцебскай вобласці, 20 рублёў – Гомельскай вобласці, 50 рублёў – Гродзенскай вобласці, 100 рублёў – Мінскай вобласці, 200 рублёў – Магілёўскай вобласці, 500 рублёў – г. Мінску. У дызайне новых банкнотаў узору 2009 года захавана пераемнасць адносна банкнотнага раду ўзору 2000 года ў частцы выкарыстання выяў помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва.

На аверсе (пярэднім баку) разменных (цыркуляцыйных) манет, якія ўводзяцца ў абарачэнне, – відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, на рэверсе (адваротным баку) – лічбавыя абазначэнні наміналаў манет.

Да 1 ліпеня 2016 г. адзіным законным плацежным сродкам для ажыццяўлення наяўных разлікаў у Рэспубліцы Беларусь будуць з'яўляцца банкноты ўзору 2000 года, якія знаходзяцца цяпер у абарачэнні.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 г. уключна банкноты ўзору 2000 года, а таксама банкноты і манеты ўзору 2009 года будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні і з'яўляцца абавязковымі да прыёму пры ажыццяўленні ўсіх відаў плацяжоў усімі суб'ектамі гаспадарання без абмежаванняў.

На працягу наступных пяці гадоў – з 1 студзеня 2017 г. па 31 снежня 2021 г. уключна – будзе здзяйсняцца абмен грашовых знакаў узору 2000 года на грашовыя знакі ўзору 2009 года ў любой суме без абмежаванняў і без спагнання камісійнага ўзнагароджання.

Пры гэтым абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе:

з 1 студзеня 2017 г. па 31 снежня 2019 г. уключна – у Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь;

з 1 студзеня 2020 г. па 31 снежня 2021 г. уключна – у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

З 1 студзеня 2022 г. грашовыя знакі ўзору 2000 года будуць лічыцца несапраўднымі.

Рашэнне аб дэнамінацыі беларускага рубля прынята з мэтай удасканалення грашовага абарачэння, спрашчэння ўліку і разлікаў, падтрымання аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы, значнага скарачэння дзяржаўных расходаў на абслугоўванне наяўнага грашовага абарачэння ў Рэспубліцы Беларусь.

Працэс дэнамінацыі носіць тэхнічны характар і не паўплывае на пакупную здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валют, а таксама фактычны ўзровень інфляцыі.

Так, цэны на тавары і паслугі з 1 ліпеня 2016 г. будуць пералічаны з улікам абранага маштабу дэнамінацыі – 1:10 000. Інакш кажучы, калі да дэнамінацыі які-небудзь тавар каштаваў, напрыклад, 100 000 рублёў, то пасля дэнамінацыі яго кошт складзе 10 рублёў. Пры гэтым, каб пакупнікам было лягчэй адаптавацца да такіх змяненняў, на час паралельнага абарачэння старых і новых грашовых знакаў, гэта значыць у перыяд з 1 ліпеня па 31 снежня 2016 г., усе суб'екты гаспадарання абавязаны будуць паказваць дзве цаны – старую і новую.

Па аналагічным прынцыпе пры правядзенні дэнамінацыі будуць пералічаны зарплаты, пенсіі, стыпендыі, рэшткі грашовых сродкаў на банкаўскіх рахунках, балансы прадпрыемстваў і ўстаноў і г. д.

Варта адзначыць, што падрыхтоўка да правядзення дэнамінацыі ў Рэспубліцы Беларусь заняла дастаткова працяглы перыяд. Так, новыя грашовыя знакі, якія будуць уведзены ў абарачэнне з 1 ліпеня 2016 г., былі вырабленыя на заказ Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь яшчэ ў 2008 годзе. Аднак тады, у сувязі з сусветным эканамічным крызісам і, як вынік, пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне, правядзенне дэнамінацыі было адкладзена, а вырабленыя грашовыя знакі перададзеныя ў Цэнтральнае сховішча Нацыянальнага банка.

З улікам часу вырабу новыя беларускія рублі маюць пэўныя асаблівасці. У прыватнасці, на банкнотах узору 2009 г., якія выпускаюцца ў абарачэнне, размешчана факсіміле подпісу П.П. Пракаповіча, які займаў на той момант пасаду Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, на новым банкноце наміналам 50 рублёў размешчаны надпіс "пяцьдзесят", што не адпавядае правілам беларускай арфаграфіі, якія дзейнічаюць цяпер. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года № 420-З "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" гэта слова павінна пісацца праз літару "я" ў другім складзе – "пяцьдзясят".

Пры ажыццяўленні Нацыянальным банкам наступных заказаў на выраб новых банкнотаў названыя неадпаведнасці будуць ліквідаваны.

Банкноты i манеты Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь, якiя выпускаюцца ў абарачэнне з 1 лiпеня 2016 г. (прэзентацыя).




Падзяліцца: