НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Банкноты і манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь

У ліпені 1990 года Вярхоўным Саветам Беларускай ССР была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце. У пачатковы перыяд пасля абвяшчэння незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь былі ў абарачэнні грашовыя знакі Дзяржбанка СCСР, а затым і Цэнтральнага банка Расіі. Па рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у маі 1992 года на тэрыторыі Беларусі былі ўведзены ў абарачэнне разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь наступных вартасцей: 50 капеек, 1, 3, 5, 10, 25, 50 і 100 рублёў. У далейшым былі ўведзены ў абарачэнне разліковыя білеты вартасцю 200 і 500 (1992 г.), 1000 (1993 г.), 5000 і 20000 (1994 г.), 50000 (1995 г.), 100000 (1996 г.), 500000 (1998 г.), 1000000 і 5000000 (1999 г.) рублёў.

Хаця разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь не былі абвешчаны грашовымі знакамі і выпушчаны першапачаткова ў дадатак да асноўнай грашовай адзінкі (савецкаму, а ў далейшым і расійскаму рублю), наступныя падзеі ўзвялі іх у ранг наяўных беларускіх рублёў. У маі 1994 года пастановай Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь адзіным плацежным сродкам на тэрыторыі Беларусі прызнаны беларускі рубель, а ў наяўна-грашовым абарачэнні – банкноты, якія называюцца "разліковыя білеты".

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 1 студзеня 2000 года былі ўведзены ў абарачэнне новыя банкноты (білеты) вартасцю 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1000 і 5000 рублёў, у 2001 годзе – 10000 рублёў, у 2002 годзе – 20000 і 50000 рублёў, у 2005 годзе – 100000 рублёў, а ў 2012 годзе – 200000 рублёў.

Нацыянальная валюта нароўні з гербам, сцягам і гімнам з'яўляецца неад'емным атрыбутам суверэннай дзяржавы. Адным з важных складальнікаў паўнацэннай сістэмы грашовага абарачэння з'яўляюцца металічныя грашовыя знакі (манеты).

Слова "манета" паходзіць ад імя багіні Юноны (Juno Moneta), пры храме якой у Старажытным Рыме ў III стагоддзі да нашай эры знаходзіўся манетны двор. На працягу больш за дзве тысячы гадоў (з часу свайго з'яўлення ў VII стагоддзі да нашай эры і да XVIII–XIX стагоддзяў) манеты з'яўляліся практычна адзіным інструментам грашовага абарачэння. З шырокім распаўсюджваннем папяровых грошай яны паступова ператварыліся з асноўнага плацежнага сродку ў дапаможны. Тым не менш нават у наш час, калі ажыццяўляюцца банкаўскія разлікі, існуюць крэдытныя карты і электронныя грошы, манеты працягваюць адыгрываць сваю ролю ў грашовым абарачэнні.

27 снежня 1996 года былі выпушчаны першыя манеты Рэспублікі Беларусь. Іх з'яўленне — вынік станаўлення суверэннай дзяржавы і яе эмісійнага інстытута. На старонках гэтага раздзела Вы зможаце азнаёміцца з інфармацыяй аб памятных манетах, выпушчаных Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь у перыяд з 1996 года па сучасны момант. Тут прыведзены: падрабязнае апісанне, адлюстраванне абодвух бакоў манеты, кароткія даведкі аб падзеях, персанажах, помніках архітэктуры, адлюстраваных на манетах. Указаны таксама памеры і тыражы манет, агульныя характарыстыкі сплаваў, з якіх яны выраблены.

Дызайн большасці манет распрацаваны мастакамі Беларусі. У якасці дэкору выкарыстаны традыцыйны беларускі геаметрычны арнамент.

Спадзяёмся, што прадстаўленая інфармацыя будзе цікавай і карыснай як для сапраўдных калекцыянераў, так і для больш шырокага кола наведвальнікаў, якія захапляюцца гісторыяй манеты.