НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Залатая зліткавая (інвестыцыйная) манета "Славянка" наміналам 50 рублёў

Гэта манета з'яўляецца першай зліткавай (інвестыцыйнай) манетай, выпушчанай у абарачэнне Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь.

Намаляваны на манеце мастацкі вобраз маладой славянкі з немаўляткам на руках у асяроддзі дзвюх райскіх птушак уяўляе сабой універсальны агульнаславянскі сімвал, які мае глыбокі ўнутраны патэнцыял. Спакон веку такі зборны вобраз жанчыны славянскай знешнасці ўвасабляў прыгажосць, сілу духу, розум і памяркоўны характар, чысціню і духоўнасць, гонар і стойкасць у жыццёвых выпрабаваннях. Вобраз велічнай славянкі захапляў і натхняў многіх паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў і кампазітараў на стварэнне культурных шэдэўраў.

Славянка адлюстроўвае ідэю агульнаславянскага ўкладу ў сусветную скарбонку каштоўнасцей і прагрэс цывілізацыі. Яна дэкларуе спрадвечныя агульнагуманітарныя каштоўнасці і ў той жа час падкрэслівае ў сваім вобразе строгае самавызначэнне нацыі. Пры гэтым увасабляе значнасць славянскай культуры, якая мае моцныя хрысціянскія карані.

Манета нейтральная і вытрыманая, уяўляе кангламерат вобразаў, які не прэтэндуе на якую-небудзь канкрэтную ідэнтыфікацыю з культурнай традыцыяй таго ці іншага славянскага народа.

Зліткавая (інвестыцыйная) манета "Славянка" прызначана для інвеставання і накаплення. Кошт манеты вызначаецца зыходзячы з колькасці каштоўных металаў, якія змяшчаюцца ў ёй, з улікам коштаў, якія склаліся на міжнародным рынку каштоўных металаў.

Залатая зліткавая (інвестыцыйная) манета "Славянка" ўведзена у абарачэнне Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь 1 жніўня 2013 г.

Дызайн: Святлана Някрасава (Беларусь). Чаканка: прадпрыемства Valcambi (Швейцарыя).

Манета мае форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў – кант, які выступае па акружнасці, гурт з насечкай.

Аверс: уверсе па крузе надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, у цэнтры – рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; пад ім – год чаканкі і намінал 50 РУБЛЁЎ, злева – проба сплаву, справа – маса манеты.

Рэверс: у цэнтры – рэльефная выява пагруднага партрэта маладой славянкі з немаўляткам на руках, па баках – дзве райскія птушачкі, якія дапаўняюць духоўны складнік кампазіцыі; уверсе па крузе надпіс: СЛАВЯНКА.

Манета адчаканена: наміналам 50 рублёў, якасцю "анцыркулейтэд", пробай сплаву 999,9, масай 7,78 г, дыяметрам 22,00 мм, тыражом да 100 000 штук.

Залатая зліткавая (інвестыцыйная) манета "Славянка", выпушчаная ў абарачэнне, з’яўляецца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковая да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.