| Абмен пашкоджаных банкнотаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь
Дадаткам 1 да Інструкцыі аб парадку вызначэння плацежнасці і абмену банкнотаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2011 г. № 211, вызначаны пералік прыкмет плацежнасці банкнотаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з ім:
1. Плацежнымі з'яўляюцца банкноты, якія маюць сілу законнага плацежнага сродку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (у тым ліку тыя, што выключаюцца з абарачэння), цалкам адпавядаюць па дызайне і элементах аховы ўзорам і апісанням, прыведзеным у афіцыйных паведамленнях Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, не маюць прыкмет падробкі, без пашкоджанняў. Да плацежных банкнотаў таксама належаць банкноты, якія маюць фізічны знос і пашкоджанні наступнага характару:
1.1. старыя банкноты, якія маюць:
- надрывы, у тым ліку склееныя празрыстай ліпкай стужкай, невялікія адтуліны, праколы, страчаныя вуглы і краі;
- нязначныя забруджванні (плямы, пабочныя надпісы, адбіткі штампаў і іх фрагменты, уключаючы бачныя ва ўльтрафіялетавых промнях);
1.2. абмененыя банкноты:
- якія страцілі значную частку, але не больш за 45 працэнтаў ад сваёй першапачатковай плошчы;
- склееныя з частак (без уліку іх колькасці), якія безумоўна належаць аднаму банкноту і складаюць не менш за 55 працэнтаў ад першапачатковай плошчы банкнота;
- якія змянілі афарбоўку і свячэнне ва ўльтрафіялетавых промнях, пашкоджаныя агнём, вадой, іншымі вадкасцямі або хімікатамі, у выпадку, калі гэтыя пашкоджанні не перашкаджаюць вызначэнню сапраўднасці банкнотаў;
- якія змянілі ў выніку ўздзеяння агрэсіўнага асяроддзя першапачатковыя памеры ў бок як павелічэння, так і памяншэння банкнота.
2. Неплацежнымі з'яўляюцца банкноты:
- з пашкоджаннямі, не названымі ў падпунктах 1.1 і 1.2 пункта 1 гэтага дадатку;
- якія страцілі сілу законнага плацежнага сродку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (знятыя з абарачэння і не падлягаюць абмену);
- з надрукаваным словам "УЗОР" і (або) "ОБРАЗЕЦ", і (або) "SPESIMEN".
Структурныя падраздзяленні Нацыянальнага банка, банкі павінны прымаць для абмену і выканання банкаўскіх аперацый, вызначаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, старыя банкноты.
Структурныя падраздзяленні Нацыянальнага банка і банкі павінны прымаць да абмену банкноты з пашкоджаннямі, названымі ў падпунктах 1.1 і 1.2 пункта 1.
Пры звароце юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб у структурнае падраздзяленне Нацыянальнага банка ці банк з пытаннем абмену пашкоджаных банкнот касір разглядае магчымасць іх абмену. Пры гэтым пашкоджаныя банкноты павінны быць падклеены з адваротнага боку без накладання асобных частак банкнота адна на адну для вызначэння іх плацежнасці.
Банкноты, якія можна абменьваць, абменьваюцца структурным падраздзяленнем Нацыянальнага банка і банкам незалежна ад прад'яўленай да абмену сумы без складання бухгалтарскіх праводак. Плата за абмен структурным падраздзяленнем Нацыянальнага банка і банкам не бярэцца.
|