04.06.2018  
Інфармацыйнае паведамленне

У Беларусі спрашчаецца парадак вядзення касавых аперацый у замежнай валюце


У Беларусі суб'ектам гаспадарання прадастаўляецца права не выкарыстоўваць пячаткі пры здзяйсненні касавых аперацый з наяўнай замежнай валютай. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 25 мая 2018 г. № 237 "Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў Інструкцыю аб парадку вядзення касавых аперацый у наяўнай замежнай валюце на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь" (далей – пастанова № 237) у рамках выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7.

У адпаведнасці з пастановай № 237 таксама прадугледжваецца магчымасць дадаць да справаздачы аб расходаваных сумах замежнай валюты ў службовай камандзіроўцы за мяжу пасадачнага талона, аформленага ў электронным выглядзе і раздрукаванага на паперы. Гэта рашэнне звязана з шырокім распаўсюджваннем у цяперашні час практыкі набыцця электронных білетаў і выкарыстання пасажырамі пры рэгістрацыі і пасадцы планшэтаў, смартфонаў і іншых электронных прылад.

Акрамя таго, пастановай № 237 суб'ектам гаспадарання прадастаўляецца права самастойна прымаць меры па забеспячэнні захаванасці наяўнай замежнай валюты ў касе, а таксама пры яе дастаўцы ў банкі і з банкаў.

Пастанова № 237 увайшла ў сілу 3 чэрвеня 2018 г.