07.06.2018  
Інфармацыйнае паведамленне

У Беларусі пашыраюцца магчымасці для атрымання суб'ектамі гаспадарання наяўных грашовых сродкаў у касах банкаў


У Беларусі суб'ектам гаспадарання прадастаўляецца права атрымліваць наяўныя грашовыя сродкі ў беларускіх рублях у касах банкаў па адпаведных заявах не толькі з бягучых (разліковых), але і з іншых банкаўскіх рахункаў. Раней для атрымання грошай з іншых банкаўскіх рахункаў прымяняліся чэкі з чэкавых кніжак, выкарыстанне якіх паступова адмяняецца.

Адпаведныя рашэнні зацверджаны пастановамі Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 25 мая 2018 г. № 235 "Аб унясенні змяненняў у Інструкцыю аб парадку вядзення касавых аперацый і парадку разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі ў беларускіх рублях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь" (далей – пастанова № 235), а таксама ад 25 мая 2018 г. № 236 "Аб прымяненні чэкавых кніжак для атрымання наяўных грошай і прызнанні страціўшымі сілу некаторых нарматыўных прававых актаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" (далей – пастанова № 236), якія ўваходзяць у сілу адначасова 8 чэрвеня 2018 г.

Пашырэнне выпадкаў выкарыстання заяў на атрыманне наяўных грошай дазволіць прымяняць больш просты і менш затратны спосаб атрымання наяўных грошай у банках у параўнанні з чэкамі з чэкавых кніжак.

Адначасова ў сувязі з тым, што ў банках яшчэ маецца запас не выдадзеных кліентам чэкавых кніжак, а ў кліентаў знаходзяцца выдадзеныя, але яшчэ не выкарыстаныя імі да гэтага часу чэкавыя кніжкі, захоўваецца права прымяняць у практычнай рабоце чэкавыя кніжкі, якія маюцца ў наяўнасці, да поўнага іх выкарыстання. Пры гэтым запаўненне чэкаў і карыстанне імі ажыццяўляецца ў парадку, які ўказаны на адваротным баку вокладкі чэкавай кніжкі, і чэк павінен быць прад'яўлены да атрымання грашовай наяўнасці на працягу 10 дзён, не лічачы дня яго выпіскі чэкадаўцам.

Акрамя таго, у рамках выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 пастановамі № 235 і № 236 суб'ектам гаспадарання прадастаўляецца права не выкарыстоўваць пячаткі пры здзяйсненні касавых аперацый і прымяненні чэкавых кніжак для атрымання наяўных грошай.

Таксама пастановай № 235 суб'ектам гаспадарання прадастаўляецца права самастойна прымаць меры па забеспячэнні захаванасці наяўных грошай у касе, пры іх дастаўцы ў банкі (з банкаў).