27.11.2018  
Інфармацыйнае паведамленне

Прамежкавыя вынікі рэалізацыі праекта "Твінінг" падведзены на прэс-сняданку ў Нацыянальным банку


Прамежкавыя вынікі рэалізацыі твінінг-праекта Еўрапейскага саюза "Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" падведзены 27 лістапада 2018 года падчас прэс-сняданку, які прайшоў у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнікі праекта ад Нацыянальнага банка і кансорцыума еўрапейскіх банкаў – намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц і дырэктар Цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва з цэнтральнымі банкамі Нямецкага Федэральнага банка Марцін Дзінкельборг – падрабязна праінфармавалі журналістаў аб ходзе яго рэалізацыі.

"Твінінг-праекты прадугледжваюць сумеснае выкарыстанне экспертнага патэнцыялу органаў дзяржаўнага кіравання краін ЕС і краін-бенефіцыяраў з мэтай дасягнення канкрэтна абумоўленых абавязковых практычных вынікаў праз рэалізацыю мерапрыемстваў на аснове раўнапраўнага супрацоўніцтва. Падобныя праекты былі рэалізаваны ў многіх краінах Усходняй Еўропы. У Рэспубліцы Беларусь першым і пакуль адзіным дзяржаўным органам, які пачаў супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам у рамках праграмы "Твінінг", стаў Нацыянальны банк", – сказаў Сяргей Калечыц.

На дадзены момант у праекце ўжо прынялі ўдзел каля 100 экспертаў з краін ЕС. Асноўнымі формамі дыялогу служаць экспертныя місіі, семінары-трэнінгі, навучальныя візіты, экспертныя форумы. За час рэалізацыі праекта адбыліся больш за 30 візітаў экспертных місій, дзве навучальныя паездкі ў цэнтральныя банкі Германіі і Польшчы, а таксама два экспертных форума. Адным з найважнейшых доўгатэрміновых вынікаў работы стала пашырэнне сеткі прафесійных кантактаў спецыялістаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і наданне ім пастаяннага і доўгатэрміновага характару. Гэта зробіць уклад у далейшае ўдасканаленне форм і метадаў работы і будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці мер рэагавання на рызыкі і пагрозы, якія ўзнікаюць.

"Нашых беларускіх партнёраў адрозніваюць адкрытасць і гатоўнасць да аналізу і творчага прымянення вопыту і практык краін ЕС у інтарэсах беларускіх грамадзян і розных сектараў беларускага грамадства, а таксама высокі прафесіяналізм, арганізаванасць і глыбокая зацікаўленасць у дасягненні мэтай праекта. Усё гэта ўсяляе ў нас упэўненасць у паспяховай яго рэалізацыі", – адзначыў Марцін Дзінкельборг.

Твінінг-праект "Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" рэалізуецца са студзеня 2018 года ў рамках праграмы партнёрства ЕС кансорцыумам еўрапейскіх банкаў у складзе Нямецкага Федэральнага банка, Нацыянальнага банка Польшчы і Банка Літвы.

Рэалізацыя праекта прадугледжвае прыняцце шэрагу мер, накіраваных на ўзмацненне плацежнай сістэмы, павышэнне фінансавай стабільнасці, удасканаленне банкаўскага нагляду і кіравання фінансавымі рызыкамі, абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, а таксама павышэнне адкрытасці і празрыстасці інфармацыйнай палітыкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.