НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Навіны і прэс-рэлізы


print  Версія для друку

19.02.2015

ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ

Аб Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 лютага 2015 г. № 69 "Аб выкарыстанні вэксаляў"

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 лютага 2015 г. № 69 "Аб выкарыстанні вэксаляў" (далей – Указ) прыняты ў мэтах стварэння ўмоў для ўзмацнення канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на замежных рынках і ўдасканалення фінансавых механізмаў стымулявання экспарту.

Прадугледжаны Указам фінансавы механізм, з аднаго боку, дае магчымасць экспарцёрам прадастаўляць пакупнікам-нерэзідэнтам працяглыя адтэрміноўкі па аплаце адгружаных тавараў (звыш устаноўленых тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый), з другога боку, дазваляе аператыўна атрымліваць грашовыя сродкі за прадукцыю, якая экспартуецца, па факце адгрузкі ад фінансуючых арганізацый.

Указам прадугледжаны наступны механізм разлікаў па экспартным кантракце:

1) экспарцёр заключае з нерэзідэнтам дагавор пастаўкі з умовай аплаты тавару нерэзідэнтам, да прыкладу, праз 1 год. Гэта дазваляе стварыць неабходныя канкурэнтныя ўмовы на знешніх рынках па няцэнавым фактары;

2) нерэзідэнт на суму запазычанасці перад беларускім экспарцёрам выпісвае вэксаль, тэрмін плацяжу па якім супадае з заканчэннем перыяду адтэрміноўкі за пастаўлены тавар;

3) гэты вэксаль забяспечваецца абавязацельствам банка-нерэзідэнта, якое адпавядае ўстаноўленым Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь крытэрыям1, шляхам прастаўлення аваля;

4) вэксаль з прастаўленым авалем банка-нерэзідэнта перадаецца экспарцёру;

5) экспарцёр ажыццяўляе адгрузку тавару пакупніку пры атрыманні вэксаля;

6) паколькі экспарцёр зацікаўлены ў хутчэйшым атрыманні грашовых сродкаў для забеспячэння сваёй дзейнасці, ён можа перадаць правы атрымання аплаты па вэксалю банку, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі альбо спецыялізаванай юрыдычнай асобе, якая ажыццяўляе аперацыі па ўліку вэксаляў2. Такім чынам, экспарцёр аператыўна атрымлівае выручку ад экспарту і здымае з сябе ўсе рызыкі па неаплаце вэксаля нерэзідэнтам пры наступленні тэрміну плацяжу.

Далейшыя дзеянні банка, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі альбо спецыялізаванай юрыдычнай асобы з указаным вэксалем не абмяжоўваюцца.

Даведачна: Трымальнік вэксаля можа ажыццявіць, да прыкладу, наступныя дзеянні:

1) чакаць аплаты вэксаля нерэзідэнтам (альбо аваліруючым банкам-нерэзідэнтам у выпадку невыканання пакупніком-нерэзідэнтам сваіх абавязацельстваў па пагашэнні выпушчанага ім вэксаля) ва ўстаноўлены тэрмін;

2) перадаць права атрымання аплаты па вэксалі іншаму банку, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі альбо спецыялізаванай юрыдычнай асобе, якая ажыццяўляе аперацыі па ўліку вэксаляў;

3) перадаць права атрымання аплаты па вэксалі нерэзідэнту (банку, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі альбо іншай асобе, якая ажыццяўляе аперацыі па ўліку вэксаляў).

З макраэканамічнага пункту гледжання трэці варыянт найбольш пераважны, паколькі экспарцёр адразу атрымлівае экспартную выручку, а здзелку фактычна фінансуе банк-нерэзідэнт, які ўступіў у праваадносіны з беларускім банкам і атрымаў права атрымання плацяжу па вэксалі.

Указам вызначана, што акрамя банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый улік вэксаляў маюць права ажыццяўляць юрыдычныя асобы, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, статутны фонд якіх сфарміраваны ў памеры не менш за 50 тыс. еўра на дату ўліку вэксаля. Пры гэтым калі юрыдычная асоба мае намер ажыццяўляць аперацыі па ўліку вэксаляў на рэгулярнай аснове, яна абавязана да правядзення другой такой аперацыі пісьмова паведаміць аб гэтым Нацыянальны банк для разгляду пытання аб уключэнні гэтага суб'екта гаспадарання ў рэестр юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць улік вэксаляў (далей – рэестр).

Юрыдычныя асобы, уключаныя ў рэестр, змогуць пры ўліку вэксаляў разлічвацца з экспарцёрамі ў замежнай валюце.

Падставай для адмовы ва ўключэнні ў рэестр будзе з'яўляцца невыкананне ўстаноўленага Указам патрабавання аб мінімальным памеры статутнага фонду юрыдычнай асобы.

Інфармацыя аб юрыдычных асобах, уключаных у рэестр, а таксама аб выключэнні іх з рэестра будзе размяшчацца на афіцыйным інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка на дзень іх уключэння ў рэестр (выключэння з рэестра).

У мэтах забеспячэння эканамічнай мэтазгоднасці рэалізацыі гэтага фінансавага механізму Указам прадугледжваецца вызваленне экспарцёраў, банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый і спецыялізаваных юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць аперацыі па ўліку вэксаляў, ад выплаты гербавага збору за ажыццяўленне аперацый з вэксалямі, якія выконваюць функцыю разліковых дакументаў па знешнегандлёвых дагаворах, што прадугледжваюць экспарт.

Гэтым Указам таксама ўносіцца дапаўненне ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 2008 г. № 178 "Аб парадку правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый", у адпаведнасці з якім завяршэннем знешнегандлёвай аперацыі па экспарце будзе з'яўляцца паступленне грашовых сродкаў (за вылікам дысконту) экспарцёру ад продажу вэксаля банку, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі альбо спецыялізаванай юрыдычнай асобе, якая ажыццяўляе аперацыі па ўліку вэксаляў.

Акрамя таго, унесена дапаўненне ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2006 г. № 452 "Аб абавязковым продажы замежнай валюты", у адпаведнасці з якім замежная валюта, што паступае на рахунак экспарцёра ад спецыялізаванай юрыдычнай асобы, якая ажыццяўляе аперацыі па ўліку вэксаляў, прызнаецца даходам, які падлягае абавязковаму продажу ва ўстаноўленых заканадаўствам памеры і парадку.

Такім чынам, у сукупнасці нормы Указа накіраваны на актывізацыю экспарту шляхам удасканалення існуючых фінансавых механізмаў разлікаў па ім пры адначасовым захаванні эканамічных інтарэсаў дзяржавы.

Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.


1 Устанаўленне крытэрыяў у дачыненні да банкаў-нерэзідэнтаў мае на мэце зніжэнне рызык неплацяжу па вэксалях. У якасці такіх крытэрыяў Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь у рамках рэалізацыі Указа будзе ўстаноўлена наяўнасць у банка-нерэзідэнта прысвоеных міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі (Fitch Ratings, Standard&Рoor's і Moody's Investors Service) доўгатэрміновых рэйтынгаў па абавязацельствах у замежнай валюце дастатковага ўзроўню.

2 Пад улікам вэксаляў разумеецца набыццё (з дысконтам па вэксалі) асобай, якая не з'яўляецца першым вэксалетрымальнікам, права атрымання аплаты па вэксалі да наступлення тэрміну плацяжу па ім без права рэгрэсу.




Падзяліцца: