27.08.2015

ПРЭС-РЭЛІЗ

Аб пераходзе на выкарыстанне міжнароднай структуры нумара рахунка ў Рэспубліцы Беларусь

З 1 студзеня 2017 г. пры ажыццяўленні разлікаў у безнаяўнай форме банкі, нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі і адкрытае акцыянернае таварыства "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" (далей – банкі) пяройдуць на выкарыстанне міжнароднай структуры нумара рахунка. Гэта прадугледжана пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 27 ліпеня 2015 г. № 440 (далей – пастанова № 440).

Рашэнне прынята ў рамках рэалізацыі Плана мерапрыемстваў па ўкараненні метадалогіі стандарта ISO 20022 у плацежную сістэму Рэспублікі Беларусь на 2014– 017 гады.

Прымяненне ў плацежнай сістэме Рэспублікі Беларусь метадалогіі міжнароднага стандарта ISO 20022 "Фінансавыя паслугі. Універсальная схема паведамленняў фінансавай індустрыі" (далей – метадалогія міжнароднага стандарта ISO 20022) дазволіць павысіць узровень скразной бесперапыннай апрацоўкі інфармацыі на ўсіх этапах жыццёвага цыкла фінансавых паведамленняў, што з'яўляецца ў цяперашні час стратэгічным напрамкам развіцця аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм сусветных удзельнікаў фінансавага рынку.

У адпаведнасці з пастановай № 440 з 1 студзеня 2017 г. у разліках будуць выкарыстоўвацца нумары рахункаў, структура якіх распрацавана згодна з міжнароднымі стандартамі 13616:2007 "Фінансавыя паслугі. Міжнародны нумар банкаўскага рахунка (IBAN)" і ISO 7064:2003" Інфармацыйныя тэхналогіі. Метад абароны сістэмы кантрольных знакаў" (далей – нумар рахунка IBAN). Пры гэтым нумар рахунка IBAN будзе выкарыстоўвацца як пры правядзенні разлікаў унутры краіны, так і для міжнародных разлікаў, што спрыяльна адаб'ецца на сумяшчальнасці розных інфармацыйных банкаўскіх сістэм і дазволіць скараціць выдаткі на іх суправаджэнне і развіццё. Вызначэнне структуры банкаўскага нумара рахунка згодна з міжнароднымі стандартамі дазволіць адназначна ідэнтыфікаваць удзельніка разлікаў, паскорыць працэс апрацоўкі плацяжоў, дазволіць прытрымлівацца прынцыпу скразной бесперапыннай апрацоўкі, скараціць аперацыйныя рызыкі і знізіць выдаткі пры апрацоўцы плацяжоў.

Нумар рахунка IBAN мае фіксаваную даўжыню ў дваццаць восем разрадаў, яго структура вызначана з улікам пазіцыі банкаў. Гэта структура дазваляе банку захаваць у нумары рахунка IBAN трынаццацізначны нумар рахунка, які выкарыстоўваецца ў цяперашні час, і ў рамках дадатковых разрадаў увесці іншыя літарна-лічбавыя прыкметы ідэнтыфікацыі кліента, здзелкі, банкаўскага прадукту.

Практычныя мерапрыемствы па пераафармленні нумароў рахункаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі будуць праведзены з улікам вынікаў абмеркавання гэтых пытанняў з банкаўскай супольнасцю і іншымі зацікаўленымі.