23.10.2015

ПРЭС-РЭЛІЗ

Аб пашыраным пасяджэнні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь

Вынікі выканання Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь за студзень – верасень 2015 г. і задачы банкаўскай сістэмы па іх далейшай рэалізацыі, а таксама перспектывы ўкаранення міжнародных стандартаў у плацежную сістэму Рэспублікі Беларусь разгледжаны 23 кастрычніка 2015 г. на пашыраным пасяджэнні Праўлення Нацыянальнага банка. У яго рабоце ўзялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнага сходу, Урада, Апарату Савета Міністраў, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі галоўных і самастойных упраўленняў цэнтральнага апарату і структурных падраздзяленняў Нацыянальнага банка, Асацыяцыі беларускіх банкаў, банкаў, Асацыяцыі лізінгадаўцаў Беларусі, Рэспубліканскай асацыяцыі мікрафінансавых арганізацый.

Як адзначалася на пасяджэнні, у гэтым годзе асноўныя меры эканамічнай палітыкі, якія рэалізуюцца Урадам і Нацыянальным банкам, накіраваны на зніжэнне макраэканамічных дысбалансаў, што сфарміраваліся раней. Рэалізацыя гэтых мер ажыццяўляецца ў складаных умовах, якія фарміруюцца, перш за ўсё, пад уздзеяннем неспрыяльных знешніх фактараў.

Грашова-крэдытная палітыка, што праводзіцца, разам з мерамі па аптымізацыі ўнутранага попыту спрыяла запаволенню інфляцыйных працэсаў. Дынаміка інфляцыйных працэсаў на працягу 9 месяцаў гэтага года характарызавалася ўстойлівай тэндэнцыяй да запаволення.

Прырост спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні знізіўся з 17,1 працэнта ў студзені да 11,9 працэнта ў верасні 2015 г. і з II квартала знаходзіцца ніжэй за аб’яўлены мэтавы параметр на 2015 г.

Рэалізацыя комплексу мер па павышэнні збалансаванасці знешняга гандлю і эканомікі ў цэлым прывяла да фарміравання па выніках 8 месяцаў гэтага года станоўчага сальда знешняга гандлю ў аб'ёме 1,4 млрд. долараў ЗША і, як вынік, істотнага зніжэння дэфіцыту бягучага рахунку – з 6,9 да 1,7 працэнта ВУП.

Паляпшэнне збалансаванасці знешняга гандлю і вяртанне рэальнага эфектыўнага абменнага курса да свайго раўнаважнага ўзроўню з'яўляліся вызначальнымі фактарамі падтрымання стабільнай сітуацыі на валютным рынку краіны.

Па выніках 9 месяцаў сфарміравалася чыстая прапанова валюты з боку насельніцтва на фоне парытэту попыту і прапановы ў сегменце прадпрыемстваў. Станоўчую ролю ў гэтым адыграў і новы рэжым курсаўтварэння, дазваляючы своечасова згладжваць уплыў негатыўных фактараў на валютны рынак.

Сітуацыя на валютным рынку шмат у чым задавала дынаміку прамежкавага арыенціру манетарнай палітыкі – сярэдняй шырокай грашовай масы.

У верасні 2015 г. яе фактычны прырост у гадавым выражэнні склаў 40,7 працэнта. Асноўнай прычынай росту гэтага паказчыка стала пераацэнка валютнага складніка ў выніку паскоранага паслаблення абменнага курса беларускага рубля. Па фіксаваным курсе параметр па прыросце грашовай прапановы складваецца на ўзроўні 0,4 працэнта, што ніжэй, чым па прагнозе.

Паводле ацэнак Нацыянальнага банка, ужо ў I квартале 2016 г. ступень уздзеяння курсавога складніка на дынаміку шырокай грашовай масы істотна зменшыцца, і ён ушчыльную наблізіцца да ўстаноўленага параметра прамежкавага арыенціру.

Стабільная сітуацыя ў фінансавай сферы задавала трэнд ставак грашовага і крэдытна-дэпазітнага рынкаў на зніжэнне, арыентуючыся на які Нацыянальны банк паэтапна зніжаў працэнтныя стаўкі па сваіх інструментах рэгулявання ліквіднасці.

Сітуацыя на дэпазітным рынку ў студзені – верасні 2015 г. характарызавалася рознанакіраванай дынамікай і складвалася ў тым ліку пад уплывам мер, якія прымаюцца і накіраваны на перафармаціраванне наяўнай рэсурснай базы банкаў у рамках абранай Нацыянальным банкам стратэгіі па зніжэнні долі "гарачых" укладаў.

У цэлым за 9 месяцаў гэтага года тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва павялічыліся на 1,8 трлн. рублёў. Пры гэтым толькі за перыяд з сакавіка па верасень удзельная вага дэпазітаў тэрмінам ад 1 да 3 гадоў у агульным аб'ёме прыцягнутых сродкаў узрасла з 12 да 25 працэнтаў.

Такім чынам, улічваючы дзейснасць праведзеных змяненняў у грашова-крэдытнай палітыцы, Нацыянальны банк мае намер захаваць пераемнасць падыходаў да яе рэалізацыі да канца гэтага года і ў наступным годзе.

Асноўныя намаганні па-ранейшаму будуць накіраваныя на запаволенне інфляцыі і выхад у сярэднетэрміновай перспектыве на яе адназначную велічыню.

Дасягненне гэтай мэты будзе забяспечвацца шляхам кантролю над грашовай прапановай. У якасці прамежкавага арыенціру манетарнай палітыкі будзе выкарыстоўвацца шырокая грашовая маса, аперацыйнага арыенціру – прырост рублёвай грашовай базы.

Прадоўжыцца рэалізацыя бягучай гнуткай курсавой палітыкі, сфакусаванай на павышэнні ролі рыначных механізмаў у фарміраванні абменнага курса.

Рэалізацыя працэнтнай палітыкі будзе забяспечваць захаванасць грошай ад абясцэнення і адначасовае зніжэнне рызыкі-прэміі, закладзенай у даходнасць дэпазітаў і кошт крэдытаў.

Адным з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці Нацыянальнага банка ў найбліжэйшай перспектыве па-ранейшаму застанецца ўкараненне міжнародных стандартаў у плацежную сістэму Рэспублікі Беларусь.

Як было адзначана ў ходзе пасяджэння, плацежная сістэма Рэспублікі Беларусь першапачаткова стваралася на аснове рэкамендацый міжнародных стандартаў, якія ўвабралі ў сябе найлепшыя практыкі і вопыт пабудовы эфектыўных і надзейных плацежных сістэм ва ўмовах рыначнай эканомікі.

Цяпер у якасці базавых арыенціраў па забеспячэнні эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыянавання плацежнай сістэмы Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь вызначаны Прынцыпы для інфраструктур фінансавага рынку (далей – Прынцыпы ІФР), апублікаваныя Камітэтам па плацежных і разліковых сістэмах Банка міжнародных разлікаў і Міжнароднай арганізацыяй камісій па каштоўных паперах у красавіку 2012 г.

Прынцыпы ІФР уяўляюць сабой 24 кіруючых указанні па кіраванні рызыкамі і забеспячэнні эфектыўнасці інфраструктуры фінансавага рынку і ўключаюць мінімальныя патрабаванні да ўсіх сістэмна значных плацежных сістэм, цэнтральных дэпазітарыяў каштоўных папер, сістэм разлікаў па каштоўных паперах, цэнтральных контрагентах і гандлёвых рэпазіторыяў. Для цэнтральных банкаў, рэгулятараў рынку і іншых кампетэнтных органаў у галіне інфраструктур фінансавага рынку Прынцыпы ІФР вызначаюць пяць абавязкаў па эфектыўным кіраванні, наглядзе і назіранні за інфраструктурамі.

У 2014 годзе Нацыянальны банк правёў самаацэнку захавання Прынцыпаў ІФР у сістэме BISS як сістэмна значнай. Вынікі ацэнкі паказалі, што на сённяшні дзень у сістэме BISS няма істотных праблем, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Асноўнае нявырашанае пытанне – частковае выкананне Прынцыпу 22 "Працэдуры і стандарты перадачы паведамленняў", якім прадугледжана забеспячэнне сумяшчальнасці з міжнароднымі працэдурамі і стандартамі перадачы паведамленняў. Для дасягнення адпаведнасці сістэмы BISS Прынцыпу 22 Нацыянальным банкам праводзіцца планамерная работа па ўкараненні ў плацежную сістэму Рэспублікі Беларусь метадалогіі міжнароднага стандарту ISO 20022 "Фінансавыя паслугі. Універсальная схема паведамленняў фінансавай індустрыі".

У рамках гэтай работы з 1 студзеня 2017 г. у Рэспубліцы Беларусь будзе зроблены пераход на выкарыстанне міжнароднай структуры нумара рахунку (IBAN) і банкаўскага ідэнтыфікацыйнага кода (БІК).

Перспектывы далейшага ўкаранення міжнародных стандартаў у плацежную сістэму будуць адлюстраваныя ў Канцэпцыі развіцця плацежнай сістэмы Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады, якая цяпер знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. Гэты дакумент вызначыць сярэднетэрміновую стратэгію развіцця плацежнай сістэмы Рэспублікі Беларусь з улікам прагрэсіўнага сусветнага вопыту і неабходнасці кансалідацыі намаганняў і рэсурсаў Нацыянальнага банка, банкаў і іншых кампетэнтных органаў у частцы рэалізацыі задач па далейшым павышэнні эфектыўнасці, надзейнасці і бяспекі функцыянавання інфраструктуры фінансавага рынку краіны.