24.12.2015

ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ

Аб вызначэнні кодаў беларускага рубля пасля дэнамінацыі

Агенцтва па падтрымцы міжнароднага стандарту ІСО 4217 "Коды для прадстаўлення валют і фондаў" (англ. ISO 4217 "Codes for the representation of currencies and funds") 18 снежня 2015 г. выпусціла папраўку № 161, у якой вызначаны новыя коды валюты дэнамінаванага беларускага рубля. Літарны код – BYN (дзе BY – код краіны па стандарце ІСО 3166, N – першая літара англійскага слова "new" ("новы")), лічбавы код – 933.

З тэкстам папраўкі можна азнаёміцца па спасылцы:
http://www.currency-iso.org/dam/isocy/downloads/dl_currency_iso_amendment_161.pdf.

Як паведамлялася раней, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2015 г. № 450 з 1 ліпеня 2016 г. у Рэспубліцы Беларусь будзе праведзена дэнамінацыя афіцыйнай грашовай адзінкі – беларускага рубля.

Дэнамінацыя будзе праведзена шляхам замены банкнотаў узору 2000 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года да 1 беларускага рубля ў грашовых знаках узору 2009 года.

Да 1 ліпеня 2016 г. адзіным законным плацежным сродкам для ажыццяўлення наяўных разлікаў у Рэспубліцы Беларусь будуць з'яўляцца банкноты ўзору 2000 года, якія знаходзяцца цяпер у абарачэнні.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 г. уключна банкноты ўзору 2000 года, а таксама банкноты і манеты ўзору 2009 года будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні і з'яўляцца абавязковымі да прыёму пры ажыццяўленні ўсіх відаў плацяжоў усімі суб'ектамі гаспадарання без абмежаванняў.

На працягу наступных пяці гадоў – з 1 студзеня 2017 г. па 31 снежня 2021 г. уключна – будзе ажыццяўляцца абмен грашовых знакаў узору 2000 года на грашовыя знакі ўзору 2009 года ў любой суме без абмежаванняў і без спагнання камісійнага ўзнагароджання.

З 1 студзеня 2022 г. грашовыя знакі ўзору 2000 года будуць лічыцца несапраўднымі.

Рашэнне аб дэнамінацыі беларускага рубля прынята з мэтай удасканалення грашовага абарачэння, спрашчэння ўліку і разлікаў, падтрымання аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы, значнага скарачэння дзяржаўных расходаў на абслугоўванне наяўнага грашовага абарачэння ў Рэспубліцы Беларусь.

Працэс дэнамінацыі носіць тэхнічны характар і не паўплывае на пакупную здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты ў адносінах да замежных валют, а таксама фактычны ўзровень інфляцыі.