04.04.2016

ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ

Аб некаторых пытаннях работы банкаўскай і плацежнай сістэм Рэспублікі Беларусь у сувязі з правядзеннем дэнамінацыі беларускага рубля

У мэтах забеспячэння цэласнасці і аднастайнасці разумення прыярытэтных напрамкаў рэалізацыі норм Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2015 г. № 450 "Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь" (далей – Указ № 450) Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь прынятыя рашэнні, якія вызначаюць асаблівасці работы банкаўскай і плацежнай сістэм Рэспублікі Беларусь у сувязі з правядзеннем з 1 ліпеня 2016 г. дэнамінацыі беларускага рубля.

Так, пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 15 сакавіка 2016 г. № 130 (далей – пастанова № 130) урэгуляваны асобныя пытанні, звязаныя з рэжымам работы банкаўскай і плацежнай сістэм 29–30 чэрвеня і 1 ліпеня 2016 г.

Устаноўлена, што 1 ліпеня 2016 г. не будзе функцыянаваць аўтаматызаваная сістэма міжбанкаўскіх разлікаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі маюць права не ажыццяўляць разліковае і (або) касавае абслугоўванне кліентаў альбо прыпыняць аказанне кліентам асобных відаў паслуг па ажыццяўленні банкаўскіх аперацый.

Прыём электронных плацежных дакументаў і электронных паведамленняў сістэмай BISS аўтаматызаванай сістэмы міжбанкаўскіх разлікаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь 29 чэрвеня 2016 г. будзе ажыццяўляцца да 20.00, 30 чэрвеня 2016 г. – у адпаведнасці з графікам прыёму і апрацоўкі сістэмай BISS электронных плацежных дакументаў і электронных паведамленняў.

Даведачна. Сістэма BISS з'яўляецца сістэмай міжбанкаўскіх разлікаў Нацыянальнага банка, у якой у рэжыме рэальнага часу ажыццяўляюцца міжбанкаўскія разлікі ў беларускіх рублях па тэрміновых і нетэрміновых грашовых пераводах, а таксама па выніках клірынгу ў сумежных сістэмах. Таму рэжым яе працы мае непасрэдны ўплыў на арганізацыю работы як асобных банкаў, так і ўсёй банкаўскай сістэмы краіны, уключаючы час завяршэння аперацыйных дзён банкаў і бягучага банкаўскага дня ў цэлым па рэспубліцы.

У сувязі з тым, што змяненне з 1 ліпеня 2016 г. намінальнага кошту беларускага рубля пацягне неабходнасць пераацэнкі артыкулаў бухгалтарскага балансу, выражаных у тым ліку ў замежнай валюце і якія падлягаюць пераацэнцы ў адпаведнасці з заканадаўствам, у пастанове № 130 таксама замацавана палажэнне аб неабходнасці поўнага завяршэння банкамі, нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі і адкрытым акцыянерным таварыствам "Беларуская валютна-фондавая біржа" ўсіх разлікаў у беларускіх рублях па выніках біржавых таргоў, якія праводзяцца адкрытым акцыянерным таварыствам "Беларуская валютна-фондавая біржа", за 30 чэрвеня 2016 г.

Такім чынам, прыняцце пастановы № 130 будзе садзейнічаць забеспячэнню планамернага і рацыянальнага размеркавання часовых, працоўных і тэхнічных рэсурсаў у рамках рэалізацыі работ па абнаўленні праграмнага забеспячэння, правядзенні пераліку астаткаў штодзённых балансаў, у тым ліку шляхам пераліку астаткаў на рахунках кліентаў, а таксама ажыццяўленні шэрагу іншых мерапрыемстваў, звязаных са змяненнем намінальнага кошту афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь.

У сувязі з першачарговай неабходнасцю выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2015 г. № 450 "Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь" Нацыянальным банкам таксама было прынята рашэнне аб пераносе тэрміну пераходу банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый і адкрытага акцыянернага таварыства "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" (далей – банкі) на выкарыстанне міжнародных нумара рахунку (IBAN) і банкаўскага ідэнтыфікацыйнага кода (BIC) пры ажыццяўленні разлікаў у безнаяўнай форме.

Так, пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 2 лютага 2016 г. № 49 "Аб унясенні змяненняў у некаторыя нарматыўныя прававыя акты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" тэрмін пераходу беларускіх банкаў на выкарыстанне IBAN і BIC перанесены з 1 студзеня 2017 г. на 4 ліпеня 2017 г.

Як паведамлялася раней, рашэнне аб пераходзе беларускіх банкаў на выкарыстанне IBAN і BIC пры ажыццяўленні безнаяўных разлікаў было прынята ў рамках рэалізацыі Плана мерапрыемстваў па ўкараненні метадалогіі стандарту ISO 20022 "Фінансавыя паслугі. Універсальная схема паведамленняў фінансавай індустрыі" ў плацежную сістэму Рэспублікі Беларусь на 2014–2017 гады.

Прымяненне ў плацежнай сістэме Рэспублікі Беларусь метадалогіі міжнароднага стандарту ISO 20022 дасць магчымасць павысіць узровень скразной бесперапыннай апрацоўкі інфармацыі на ўсіх этапах жыццёвага цыкла фінансавых паведамленняў, што з'яўляецца ў цяперашні час стратэгічным напрамкам развіцця аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм сусветных удзельнікаў фінансавага рынку.