27.12.2016

ПРЭС-РЭЛІЗ

Завяршаецца перыяд паралельнага абарачэння грашовых знакаў узору 2000 года і 2009 года

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь нагадвае, што 31 снежня 2016 г. заканчваецца перыяд паралельнага абарачэння банкнотаў узору 2000 года і грашовых знакаў узору 2009 года. Такім чынам, завяршаюцца асноўныя мерапрыемствы па правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі – беларускага рубля.

З 1 студзеня 2017 г. у якасці адзінага плацежнага сродку пры наяўных разліках за тавары і паслугі суб'екты гаспадарання будуць прымаць толькі банкноты і манеты ўзору 2009 года.

"Старыя" грашовыя знакі можна абмяняць на "новыя" на працягу наступных 5 гадоў без абмежаванняў і спагнання камісійнага ўзнагароджання:

– з 1 студзеня 2017 г. па 31 снежня 2019 г. уключна – у Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь;

– з 1 студзеня 2020 г. па 31 снежня 2021 г. уключна – у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

З 1 студзеня 2022 г. грашовыя знакі ўзору 2000 года стануць несапраўднымі.

На сёння выведзена з абарачэння больш за 95 працэнтаў ад сумы грашовай наяўнасці "старога" ўзору і 56 працэнтаў ад колькасці банкнотаў, якія знаходзіліся па-за касамі Нацыянальнага банка на 1 ліпеня 2016 г.

На 20 снежня 2016 г. банкноты буйных наміналаў выведзены з абарачэння практычна цалкам (больш за 99 працэнтаў ад агульнай колькасці, якая знаходзілася ў звароце), узровень вывядзення банкнотаў сярэдніх наміналаў (5 000, 10 000 і 20 000 рублёў) перавысіў 70 працэнтаў. Таксама выведзена з абарачэння 33 працэнты банкнотаў дробных наміналаў. Паступленне банкнотаў дробных наміналаў у касы Нацыянальнага банка чакаецца яшчэ ў пачатку 2017 года. Вопыт папярэдніх гадоў па вывядзенні з абарачэння банкнотаў дробных наміналаў і аналіз сусветнай практыкі паказвае, што ў касы цэнтральных банкаў вяртаецца да 50 працэнтаў банкнотаў дробных наміналаў.

У агульнай колькасці грашовых знакаў узору 2009 года, якія знаходзяцца па-за касамі Нацыянальнага банка, на долю манет прыходзіцца амаль 70 працэнтаў, банкнотаў – 30 працэнтаў. Найбольш запатрабаванымі з'яўляюцца манеты наміналам 1, 5 і 10 капеек (амаль 50 працэнтаў ад агульнай колькасці манет, якія знаходзяцца ў абарачэнні). Самымі папулярнымі банкнотамі з'яўляюцца 10 і 20 рублёў (больш за 63 працэнты ад агульнай колькасці банкнотаў).

Дэнамінацыя афіцыйнай грашовай адзінкі – беларускага рубля – праведзена 1 ліпеня 2016 г. у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 450 ад 4 лістапада 2015 г. З 1 ліпеня 2016 г. у абарачэнне ўведзены сем наміналаў новых банкнотаў узору 2009 года – 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў і восем наміналаў манет – 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі. З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 г. уключна было прадугледжана паралельнае абарачэнне банкнотаў узору 2000 года, а таксама банкнотаў і манет узору 2009 года.