НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Навіны і прэс-рэлізы


print  Версія для друку

15.02.2017

ПРЭС-РЭЛІЗ

Нацыянальны банк ініцыіруе пашырэнне практыкі хеджыравання валютных рызык

Нацыянальны банк ініцыіруе пашырэнне практыкі прымянення хеджыравання валютных рызык для беларускіх прадпрыемстваў ва ўмовах узмацнення валацільнасці ўзаемных курсаў валют.

У сувязі з гэтым Нацыянальны банк у пачатку лютага ў Вучэбным цэнтры Нацыянальнага банка правёў семінар "Хеджыраванне валютных рызык нефінансавых арганізацый Рэспублікі Беларусь", у якім узялі ўдзел спецыялісты больш за 70 прадпрыемстваў краіны. З дакладамі выступілі эксперты Нацыянальнага банка, Міністэрства фінансаў, Міністэрства па падатках і зборах, беларускія навукоўцы, прадстаўнікі банкаў і Нямецкай эканамічнай групы ў Беларусі.

У цяперашні час праблема мінімізацыі валютных рызык з'яўляецца адной з найбольш актуальных для беларускіх імпарцёраў і экспарцёраў. Асноўнымі макраэканамічнымі перадумовамі для пашырэння сферы выкарыстання інструментаў хеджыравання з'яўляюцца істотнае павелічэнне амплітуды ваганняў абменнага курса беларускага рубля да асноўных сусветных валют з прычыны пераходу Нацыянальнага банка да гібкага рэжыму абменнага курса, а таксама павышэнне валацільнасці абменнага курса расійскага рубля да долара ЗША і еўра з-за ўзмацнення ваганняў цэн на нафту на сусветных таварных рынках.

Удзельнікі семінара сышліся ў меркаванні, што ў гэтых умовах хеджыраванне становіцца найбольш аптымальным спосабам кіравання валютнымі рызыкамі. У сусветнай практыцы такія аперацыі ўжо даўно з'яўляюцца неад'емнай часткай рызыка-менеджменту кампаніі.

Аднак у Беларусі колькасць і аб'ёмы здзелак хеджыравання з мэтай пакрыцця валютных рызык застаюцца нязначнымі. Удзельнікі семінара канстатавалі, што развіццё актуальных інструментаў мінімізацыі валютных рызык стрымлівае, у першую чаргу, адсутнасць нарматыўнага рэгулявання парадку правядзення і ўліку аперацый хеджыравання, а таксама парадку іх падаткаабкладання. Акрамя таго, уплывае нізкі ўзровень карпаратыўнага рызыка-менеджменту на прадпрыемствах і неразвітая інфраструктура рынку: адсутнасць рызыка-тэйкераў, якія могуць узяць на сябе пазіцыі па куплі/продажы валюты з форварднымі датамі выканання, і бенчмаркаў даходнасці па доўгатэрміновых даўгавых інструментах.

З улікам шэрагу фактараў, якія стрымліваюць і якія не залежаць ад дзейнасці нефінансавых арганізацый, на семінары падкрэслівалася важнасць актывізацыі работы дзяржаўных органаў у напрамку ўдасканалення нарматыўных прававых дакументаў, якія рэгламентуюць і тлумачаць парадак правядзення і ўліку нефінансавымі арганізацыямі аперацый хеджыравання, а таксама ўстанаўліваюць парадак падаткаабкладання даходаў па аперацыях хеджыравання валютных рызык і ўліку выдаткаў, якія ўзнікаюць у падаткаабкладанні.

Слухачы семінара выказалі надзею на працяг Нацыянальным банкам палітыкі, накіраванай на зніжэнне інфляцыі і намінальных працэнтных ставак, падтрымку фінансавай стабільнасці і макраэканамічнай збалансаванасці, далейшую лібералізацыю валютнага рэгулявання і развіццё валютнага рынку.

Прадстаўленыя ў рамках семінара прэзентацыі размешчаны на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у раздзеле "Хеджыраванне валютных рызык".




Падзяліцца: