НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Навіны і прэс-рэлізы


print  Версія для друку

05.10.2017

ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ

Нумізматы з 8 краін сабраліся на міжнародную канферэнцыю ў Мінску

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь праводзіць VIII міжнародную нумізматычную канферэнцыю. У гэтым годзе тэматыка канферэнцыі аб'яднана дэвізам "Захоўваючы мінулае – будуем будучыню".

У канферэнцыі прымае ўдзел больш за 70 прадстаўнікоў буйных музеяў, цэнтральных банкаў, вядучыя вучоныя-нумізматы, даследчыкі гісторыі грашовага абарачэння і манетнай чаканкі з 8 краін – Арменіі, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны і Беларусі. Міжнародны нумізматычны форум праходзіць у Вучэбным цэнтры Нацыянальнага банка (Раўбічы, Мінскі р-н).

"Падтрымка нумізматычнага руху ў Беларусі з'яўляецца адным з элементаў дзяржаўнай палітыкі захавання і прымнажэння гістарычнай спадчыны нашай краіны, – падкрэсліў намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц. – У гэтай сферы дыялог асабліва важны з улікам агульнай рэгіянальнай гісторыі і актуальнасці навуковых і культурных сувязяў нашай краіны з міжнароднай супольнасцю".

У ходзе пленарнага пасяджэння і на тэматычных секцыях разглядаюцца пытанні гісторыі грашовага абарачэння і фінансавых устаноў. Тэматыка дакладаў уключае, у прыватнасці, даследаванне гістарычных знаходак на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якія ахопліваюць больш чым тысячагадовы перыяд грашовага абарачэння, навуковае даследаванне і апісанне манетных скарбаў, актуальныя праблемы аховы нумізматычных помнікаў. На канферэнцыі агучаны прамежкавыя вынікі навуковага даследавання музейнага фонду Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусі, які ўключае ў сябе больш за 52 тысячы экспанатаў.

Удзельнікам канферэнцыі таксама прадстаўлены выпускі памятных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусі, пры стварэнні якіх выкарыстана тэма гісторыка-культурнай спадчыны. У абарачэнне выпушчаны каля дзесяці серый манет, прысвечаных гістарычным падзеям, персанажам, народным традыцыям. Спецыяльна да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое адзначаецца ў нашай краіне ў гэтым годзе, Нацыянальны банк выпусціў серыю з 6 памятных манет "Шлях Скарыны". Традыцыйна беларускія памятныя манеты атрымліваюць высокія ацэнкі на прэстыжных міжнародных конкурсах.

Міжнародная нумізматычная канферэнцыя праводзіцца Нацыянальным банкам пры садзейнічанні ГА "Беларускае нумізматычнае таварыства" з 2003 года і з'яўляецца значнай падзеяй у нумізматычным руху Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.




Падзяліцца: