22.12.2017  
Прэс-рэліз

Кантракт "Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" падпісаны сёння з мэтай рэалізацыі праекта "Твінінг", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам


22 снежня 2017 г. у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь падпісаны кантракт "Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" з мэтай рэалізацыі праекта "Твінінг", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Дакументы падпісалі Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Андрэа Віктарын, дырэктар Цэнтра тэхнічнага супрацоўніцтва Нямецкага Федэральнага банка Марцін Дзінкельборг, намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Сяргей Калечыц.

Праект будзе рэалізаваны кансорцыумам банкаў: Нямецкім Федэральным банкам, Нацыянальным банкам Польшчы і Банкам Літвы. Бюджэт праекта – 1,15 млн. еўра, тэрмін рэалізацыі – 2018–2019 гг.

У рамках рэалізацыі праекта плануецца прыняць шэраг мер, накіраваных на ўзмацненне плацежнай сістэмы, павышэнне фінансавай стабільнасці, паляпшэнне банкаўскага нагляду і кіравання фінансавымі рызыкамі. Акрамя таго, удзельнікі праекта маюць намер удасканаліць абарону спажыўцоў фінансавых паслуг і інфармацыйную палітыку Нацыянальнага банка.

"Праект "Твінінг" мае важнае значэнне з пункту гледжання прымянення перадавога вопыту банкаў-партнёраў і забеспячэння стабільнасці беларускай банкаўскай сістэмы ў цэлым", – адзначыў падчас цырымоніі падпісання Сяргей Калечыц.

"Для Нямецкага Федэральнага банка, Нацыянальнага банка Польшчы і Банка Літвы гонар аказаць дапамогу Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь па ўкараненні сучасных метадаў і працэдур дзейнасці цэнтральнага банка. Мы вітаем еўрапейскія ініцыятывы на карысць Рэспублікі Беларусь і спадзяемся на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва", – сказаў Марцін Дзінкельборг.

"Першы праект "Твінінг" накіраваны на ўмацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у выкананні яго асноўных функцый. У выніку павышэння прафесійнай кваліфікацыі персаналу мы чакаем зніжэнне інфляцыі, павышэнне стабільнасці беларускага рубля, умацаванне банкаўскага нагляду, павышэнне надзейнасці плацежнай сістэмы і ўмацаванне агульнага даверу да сістэмы на карысць беларускага народа і суб'ектаў эканомікі", – адзначыла Андрэа Віктарын.

На цырымоніі падпісання таксама прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў Федэратыўнай Рэспублікі Германія, Рэспублікі Польшча і Літоўскай Рэспублікі.