14.02.2018  
Прэс-рэліз

Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Інструкцыю аб банкаўскім пераводзе


У рамках далейшага ўдасканалення ў Рэспубліцы Беларусь безнаяўных разлікаў Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь прынята пастанова ад 29 студзеня 2018 г. № 35 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Інструкцыю аб банкаўскім пераводзе" (далей – пастанова № 35).

У прыватнасці, з мэтай рэалізацыі на практыцы нормы Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", якая прадугледжвае права суб'ектаў гаспадарання не выкарыстоўваць пячаці, пастановай № 35 з Інструкцыі аб банкаўскім пераводзе выключаны нормы, якія патрабуюць прастаўлення кліентамі банкаў адбіткаў пячаці на разліковых і іншых дакументах.

Таксама пастановай № 35 уводзіцца новы від банкаўскага пераводу – прамое дэбетаванне рахунку. Укараненне гэтага лічбавага прадукту дазволіць паскорыць разлікі пры рэгулярных плацяжах за работы, тавары і паслугі, павысіць якасць паслуг, якія прадстаўляюцца банкамі пры ажыццяўленні безнаяўных разлікаў.

Для ініцыявання плацяжу пры прамым дэбетаванні рахунку плацежнае патрабаванне бенефіцыяра з указаннем унікальнага нумара акцэпту прад'яўляецца праз абслугоўваючы банк у сістэму разлікаў (перадачы інфармацыі). Пры наяўнасці ў ёй аналагічнага нумара акцэпту плацельшчыка грашовыя сродкі спісваюцца з карэспандэнцкага рахунка банка плацельшчыка на карысць бенефіцыяра. Плацельшчык пакрывае абслугоўваючаму банку выплачаныя грашовыя сродкі.

Адначасова прадугледжана магчымасць вяртання плацяжу, які здзейснены пры дапамозе прамога дэбетавання рахунку, на працягу трох банкаўскіх дзён з дня яго ажыццяўлення. Такое вяртанне ажыццяўляецца ў выпадках невыканання плацельшчыкам сваіх абавязацельстваў перад абслугоўваючым банкам па заключаным паміж імі дагаворы прамога дэбетавання рахунку або адмовы плацельшчыкам ад аплаты работ, тавараў, паслуг у сувязі з іх неналежнай якасцю, а таксама ў iншых выпадках, прадугледжаных у дагаворы прамога дэбетавання рахунку, заключаным паміж банкам і плацельшчыкам.

Форма разлікаў пры дапамозе прамога дэбетавання рахунку актыўна выкарыстоўваецца ў дзяржавах – удзельніцах Еўразійскага эканамічнага саюза (Расійская Федэрацыя, Казахстан), а таксама ў Польшчы, Германіі і іншых краінах.

Пастановай № 35 прадугледжана магчымасць прымянення ў разліках зводнага плацежнага даручэння для пералічэння грашовых сродкаў фізічным асобам, якія абслугоўваюцца ў розных банках.

Акрамя таго, у дакуменце знайшоў адлюстраванне шэраг іншых навацый. Так, пастановай № 35:

– вызначана, што прызначэнне плацяжу ўказваецца толькі ў выпадках, устаноўленых заканадаўствам або дагаворам паміж плацельшчыкам і бенефіцыярам;

– прадугледжана магчымасць выпраўлення памылковых запісаў па пераводах грашовых сродкаў, зробленых унутры банка;

– уведзены кантроль адпаведнасці ў паступаючых для аплаты разліковых дакументах нумара рахунка плацельшчыка – юрыдычнай асобы ўліковаму нумару плацельшчыка, а таксама нумара рахунка плацельшчыка – фiзiчнай асобы яго прозвішчу, імені, імені па бацьку (калі такое маецца) ці іншаму рэквізіту, які дазваляе адназначна ідэнтыфікаваць плацельшчыка;

– уведзены патрабаванні аб указанні ў заяве на акцэпт УНП плацельшчыка і кантроль з боку банкаў наяўнасці гэтага рэквізіту ў плацежных патрабаваннях;

– прадугледжана магчымасць прымянення плацежнага патрабавання з акцэптам плацельшчыка для ажыццяўлення разлікаў з продажам замежнай валюты, а таксама спісання грашовых сродкаў з карэспандэнцкага рахунка банка на падставе заключанага міжбанкаўскага карэспандэнцкага пагаднення (дагавора).

У пастанове № 35 устаноўлены розныя тэрміны ўступлення ў сілу асобных яго нормаў з улікам неабходнасці выканання банкамі розных аб'ёмаў работ па дапрацоўцы праграмнага забеспячэння іх аўтаматызаваных сістэм.