27.02.2018  
Прэс-рэліз

Адбылося афіцыйнае адкрыццё праекта "Твінінг" "Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь"


27 лютага 2018 г. у Мінску адбылося афіцыйнае адкрыццё праекта "Твінінг" "Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Праект будзе рэалізаваны кансорцыумам банкаў: Нямецкім Федэральным банкам, Нацыянальным банкам Польшчы і Банкам Літвы.

Падчас афіцыйнага адкрыцця былі прадстаўлены задачы і мерапрыемствы праекта "Твінінг", а таксама адбылося знаёмства з яго непасрэднымі ўдзельнікамі з боку Германіі, Літвы, Польшчы і Беларусі.

Кіраўнік праекта "Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц адзначыў: "Упэўнены, што наш вопыт будзе станоўчым, і спадзяюся, што ў хуткім часе і іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання змогуць пачаць новыя праекты" Твінінг" са сваімі еўрапейскімі калегамі".

Кіраўнік адміністрацыйнага аддзела Прадстаўніцтва ЕС у Рэспубліцы Беларусь Фрэдэрык Куне адзначыў: "Ад імя ЕС выказваю перакананасць у тым, што дасягненне вынікаў праекта дазволіць пашырыць прафесійныя магчымасці і інстытуцыянальны патэнцыял Нацыянальнага банка Беларусі, узмоцніць пераемнасць і павысіць прадказальнасць грашова-крэдытнай палітыкі, забяспечыць далейшае зніжэнне інфляцыі, умацаванне стабільнасці беларускага рубля, павышэнне надзейнасці плацежнай сістэмы і рост даверу да фінансавай сістэмы ў цэлым з боку грамадзян і эканамічных суб'ектаў".

У сваю чаргу, дырэктар Цэнтра тэхнічнага супрацоўніцтва Нямецкага Федэральнага банка Марцін Дзінкельборг і кіраўнік праекта ад Германіі зазначыў: "Федэральны банк Германіі і Нацыянальны банк Польшчы з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі многіх твінінг-праектаў ЕС, накіраваных на развіццё інстытутаў у дзяржавах – суседзях Еўрапейскага саюза. Мы імкнемся да ўмацавання патэнцыялу цэнтральных банкаў з мэтай эфектыўнага выканання імі сваіх асноўных функцый і рады прадстаўленай нам магчымасці супрацоўніцтва з Нацыянальным банкам Беларусі ў складзе кансорцыума".

"Для Нацыянальнага банка Польшчы ўдзел у праекце служыць лагічным працягам шматгадовага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж нашымі цэнтральнымі банкамі на двухбаковай аснове. Высокая эфектыўнасць і плённасць нашага ўзаемадзеяння стварае добрыя перадумовы для поспеху праекта. Мы можам запэўніць нашых беларускіх партнёраў, што дасягнутыя пры рэалізацыі праекта вынікі атрымаюць далейшае развіццё ў рамках нашага двухбаковага супрацоўніцтва", – адзначыла дырэктар Дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва Нацыянальнага банка Польшчы Aгата Лаговска, сакіраўнік праекта ад Рэспублікі Польшча.

"Гэты твінінг-праект ЕС з'яўляецца працягам доўгатэрміновага супрацоўніцтва паміж Банкам Літвы і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь. Гэта першы вопыт удзелу Банка Літвы ў падобным праекце. Спадзяемся на паспяховую рэалізацыю гэтай трансгранічнай ініцыятывы, якая мае вялікае значэнне як для Еўропы, так і для Беларусі. Сумесна з калегамі па кансорцыуме гатовы дзяліцца з Беларуссю перадавым вопытам работы цэнтральных банкаў краін ЕС", – сказала кіраўнік праектаў аддзела міжнародных сувязяў Банка Літвы Гітана Камінскене, сакіраўнік праекта ад Літоўскай Рэспублікі.

Твінінг – гэта новая форма прамога супрацоўніцтва паміж органамі ўлады дзяржаў – членаў Еўрапейскага саюза і Рэспублікі Беларусь. Яна прадугледжвае перадачу прагрэсіўнага вопыту органаў дзяржаўнага кіравання краін – членаў ЕС іх беларускім партнёрам. Нацыянальны банк з'яўляецца першым дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь, у якім стартуе праект "Твінінг".

У рамках рэалізацыі праекта плануецца прыняць шэраг мер, накіраваных на ўзмацненне плацежнай сістэмы, павышэнне фінансавай стабільнасці, паляпшэнне банкаўскага нагляду і кіравання фінансавымі рызыкамі. Акрамя таго, удзельнікі праекта маюць намер удасканаліць абарону спажыўцоў фінансавых паслуг і інфармацыйную палітыку Нацыянальнага банка.

Бюджэт праекта – 1,15 млн. еўра, тэрмін рэалізацыі – 2018–2019 гг.