02.03.2018  
Прэс-рэліз

Аб банкаўскіх аперацыях з выкарыстаннем праграмна-апаратных сродкаў і тэхналогій


У Рэспубліцы Беларусь уводзіцца новы спосаб падпісання (пацвярджэння) дакумента ў электронным выглядзе – лічбавы рукапісны подпіс, а таксама пашыраецца пералік банкаўскіх аперацый, паслуг і здзелак, якія здзяйсняюцца з выкарыстаннем праграмна-апаратных сродкаў і тэхналогій (далей – праграмных сродкаў).

Адпаведныя рашэнні змяшчаюцца ў пастанове праўлення Нацыянальнага банка ад 19 лютага 2018 г. № 65 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 6 мая 2016 г. № 241" (далей – пастанова № 65), якая ўваходзіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

У адпаведнасці з пастановай № 65 лічбавы рукапісны подпіс можа прастаўляцца як аддалена з выкарыстаннем спецыяльных праграмна-апаратных сродкаў (у тым ліку планшэтаў і дысплэяў), так і пры асабістай прысутнасці кліента ў аддзяленні банка. Такі спосаб падпісання юрыдычна значных дакументаў будзе спрыяць развіццю фінансавых паслуг, якія прадастаўляюцца банкамі з дапамогай лічбавых тэхналогій, а таксама скарачэнню папяровага дакументаабароту.

Пастановай № 65 для фізічных асоб прадугледжваецца магчымасць набыцця каштоўных папер з выкарыстаннем праграмных сродкаў, а таксама заключэння з іх дапамогай дагавора залогу каштоўных папер пры забеспячэнні выканання абавязацельстваў па дагаворах, што заключаюцца банкамі. Гэтыя нормы дазволяць закласці аснову і актывізаваць дыстанцыйную работу ў галіне выкарыстання каштоўных папер.

Акрамя таго, у рамках выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 скасоўваецца норма, якая абавязвае банкі змацоўваць пячаткай копію дакумента ў электронным выглядзе на папяровым носьбіце. Пры гэтым пастановай № 65 банку прадастаўляецца права ставіць пячатку на копіі дакумента ў электронным выглядзе.