16.03.2018  
Прэс-рэліз

Узнагароджаны пераможцы конкурсу відэаблогераў на тэму "Грошы маюць значэнне"


16 сакавіка 2018 года ў Нацыянальным банку адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў конкурсу відэаблогераў на тэму "Грошы маюць значэнне", які быў прымеркаваны да Тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі (Global Money Week), які праводзіцца ў Рэспубліцы Беларусь з 12 па 18 сакавіка 2018 года.

Першае месца заняла калектыўная работа маладых людзей з г. Мінска – Марыі Агароднікавай, Віктара Плюшчая, Таццяны Кішкурны, Уладзіслава Шалкоўскага і Дар'і Барысенкавай. Ім уручаны галоўны прыз конкурсу – грашовая прэмія ў памеры 1000 беларускіх рублёў.

Другое месца і грашовую прэмію ў памеры 700 беларускіх рублёў атрымаў Аляксандр Прысяжнюк (г. Пінск, Брэсцкая вобласць).

Трэцяе месца і грашовая прэмія ў памеры 500 беларускіх рублёў дасталіся Вераніцы Мітраховіч (г. Светлагорск, Гомельская вобласць).

Акрамя таго, журы конкурсу прыняло рашэнне з улікам творчага неардынарнага падыходу і сюжэтна-кампазіцыйнага ўвасаблення ўзнагародзіць дадатковымі заахвочвальнымі прызамі па 400 беларускіх рублёў кожны яшчэ дзве конкурсныя работы: відэаролік Глеба Вараб'ёва (г. Асіповічы, Магілёўская вобласць) і калектыўную работу Надзеі Гайдук, Яўгеніі Шукан, Аліны Курунту і Алены Хоміч (г. Барысаў, Мінская вобласць).

"Мы ўпершыню праводзілі падобны конкурс і былі прыемна здзіўлены вялікай колькасцю ўдзельнікаў, якія даслалі свае работы. Высокая цікавасць моладзі да падобнай формы творчасці пацвярджае актуальнасць яе выкарыстання пры правядзенні мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва. У сувязі з гэтым прынята рашэнне зрабіць конкурс відэаблогераў штогадовым. Пры гэтым вялікая колькасць жанраў, у якіх былі выкананы работы, а таксама разнапланавасць творчых падыходаў іх аўтараў прымушаюць нас задумацца аб павелічэнні колькасці намінацый, што дазволіць адзначыць прызамі як мага больш дастойных работ", – сказаў падчас цырымоніі ўзнагароджання намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц.

Конкурс відэаблогераў праводзіўся Нацыянальным банкам з мэтай прыцягнення ўвагі моладзі да тэмы фінансавай граматнасці і папулярызацыі базавых ведаў у галіне кіравання асабістымі фінансамі.

Усяго на конкурс было прадстаўлена больш за 260 работ з усіх рэгіёнаў Беларусі. Ролікі-пераможцы можна паглядзець на Адзіным інтэрнэт-партале фінансавай граматнасці насельніцтва www.fingramota.by. Там жа ў найбліжэйшы час будуць размешчаны і некаторыя іншыя работы, дасланыя на конкурс.