07.05.2018  
Прэс-рэліз

Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 мая перавысілі 7 млрд. долараў ЗША


Міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь на 1 мая 2018 года, па папярэдніх звестках, склалі 7 038,1 млн. долараў ЗША (у эквіваленце).

За красавік 2018 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 43,5 млн. долараў ЗША (на 0,6 працэнта) пасля зніжэння ў сакавіку 2018 года на 98,8 млн. долараў ЗША (на 1,4 працэнта).

Павелічэнню ўзроўня міжнародных рэзервовых актываў у красавіку спрыялі купля замежнай валюты Нацыянальным банкам на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа", паступленне сродкаў ад продажу на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты.

Урадам і Нацыянальным банкам у красавіку выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 332 млн. долараў ЗША.

Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння Урадам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш за 6 млрд. долараў ЗША.