30.05.2018  
Прэс-рэліз

Аб укараненні ў практыку паказчыка "неабслугоўваныя актывы"


Адносіны неабслугоўваемых актываў да актываў, схільных да крэдытнай рызыкі, на 1 мая 2018 года склалі 3,5 працэнта ў цэлым па банкаўскім сектары. Значэнне гэтага паказчыка ўпершыню раскрыта ў Статыстычным бюлетэні, які размешчаны 30 мая 2018 года на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка.

Паказчык "неабслугоўваемыя актывы" ўведзены ў практыку пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 15 снежня 2017 г. № 505, якая зацвердзіла новую рэдакцыю Інструкцыі аб парадку фарміравання і выкарыстання банкамі, адкрытым акцыянерным таварыствам "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі спецыяльных рэзерваў на пакрыццё магчымых страт па актывах і аперацыях, якія не адлюстраваны на балансе (далей – Інструкцыя), і якая ўвайшла ў сілу з 1 красавіка 2018 года. У адпаведнасці з Інструкцыяй да неабслугоўваемых актываў адносяцца актывы, класіфікаваныя ў V–VI групы рызыкі, а таксама рэструктурызаваная запазычанасць, класіфікаваная ў IV–VI групы рызыкі.

Гэта рашэнне было прынята ў сувязі з неабходнасцю збліжэння паказчыкаў, што выкарыстоўваюцца ў айчыннай практыцы і характарызуюць долю неабслугоўваемых актываў, з міжнароднымі падыходамі. Увядзенне ўказанага паказчыка дазволіць уніфікаваць паказчык "праблемныя актывы", які выкарыстоўваецца ў Рэспубліцы Беларусь, з паказчыкам NPL (Non Performing Loans), што выкарыстоўваецца міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку пры ўзаемадзеянні з Нацыянальным банкам і іншымі дзяржаўнымі органамі краіны.

Паказчык, які характарызуе долю неабслугоўваемых актываў (NPL), з'яўляецца адным з ключавых паказчыкаў, якія выкарыстоўваюцца міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, рэйтынгавымі агенцтвамі і інвестарамі пры ацэнцы ўзроўню крэдытнай рызыкі. Пры гэтым у сусветнай практыцы адсутнічае адзінае вызначэнне паказчыка "неабслугоўваемыя крэдыты". Базельскія прынцыпы (а таксама дырэктывы ЕС, заснаваныя на гэтых прынцыпах) прапануюць агульны ўніфікаваны падыход, які закладваецца ў аснову і дапаўняецца кожнай юрысдыкцыяй з улікам асаблівасцей нацыянальных эканомік. Як правіла, міжнародная практыка прадугледжвае ўключэнне ў разлік паказчыка "неабслугоўваемыя крэдыты" актываў, працягласць пратэрмінаванай запазычанасці па якіх перавышае 90 дзён.

Значэнне паказчыка "неабслугоўваемыя актывы" разлічана з улікам узроўню рызык па актывах, які склаўся на дату ўваходжання ў сілу пастановы Праўлення Нацыянальнага банка № 505. У далейшым значэнне гэтага паказчыка можа змяняцца ў залежнасці ад існуючых эканамічных умоў.

Паказчык "праблемныя актывы", які прымяняўся раней у Беларусі, больш кансерватыўны і шырэйшы за паказчык "неабслугоўваемыя актывы" і ўключае ў сябе запазычанасць не толькі па прыкмеце наяўнасці пратэрміноўкі, але і з улікам іншых характарыстык самога даўжніка і забеспячэння запазычанасці. На 1 красавіка 2018 года доля праблемных актываў у цэлым па банкаўскім сектары склала 13,08 працэнта.

Укараненне ў практыку паказчыка "неабслугоўваемыя актывы" не азначае якіх-небудзь паслабленняў патрабаванняў Нацыянальнага банка ў галіне ацэнкі рызык і фарміравання спецыяльных рэзерваў на пакрыццё страт. Класіфікацыя актываў па групах рызыкі і фарміраванне спецыяльных рэзерваў, як і раней, ажыццяўляюцца зыходзячы з ацэнкі здольнасці даўжніка выканаць свае абавязацельствы, якасці і дастатковасці забеспячэння, а таксама ўсёй інфармацыі аб фінансавым стане і любых рызыках даўжніка, якая ёсць у распараджэнні банка.

Банкі ацэньваюць рызыкі належным чынам і ажыццяўляюць іх пакрыццё сфарміраванымі спецыяльнымі рэзервамі. Памер сфарміраваных спецыяльных рэзерваў на пакрыццё страт у цэлым па дзеючых банках на 1 мая 2018 года склаў 3 161,8 млн. рублёў, што на 239,7 млн. рублёў перавышае значэнне на папярэднюю справаздачную дату (на 1 красавіка 2018 года – 2 868, 1 млн. рублёў). Ступень пакрыцця спецыяльнымі рэзервамі актываў, якія падвяргаюцца крэдытнай рызыцы, застаецца на ўзроўні пачатку 2018 года.