15.06.2018  
Прэс-рэліз

Апублікаваны штогадовы агляд па фінансавай стабільнасці


Апублікаваны аналітычны агляд "Фінансавая стабільнасць у Рэспубліцы Беларусь у 2017 годзе".

Нацыянальны банк сумесна з Урадам забяспечылі фінансавую стабільнасць у Рэспубліцы Беларусь у 2017 годзе. Фінансавы сектар краіны захоўвае ўстойлівасць у адносінах да найбольш значных рызык, ключавыя паказчыкі фінансавай стабільнасці знаходзяцца ў дапушчальных дыяпазонах.

Эканоміка краіны развівалася ў мінулым годзе пры спрыяльных знешніх умовах. Паскорыўся рост сусветнай эканомікі, што спрыяла паляпшэнню сітуацыі ў сферы інвестыцый, прамысловай вытворчасці і бізнесу. Меры макраэканамічнай палітыкі Нацыянальнага банка і Урада садзейнічалі паляпшэнню рахунка бягучых аперацый, росту міжнародных рэзерваў і зніжэнню ўзроўню інфляцыі да гістарычна мінімальнага значэння.

Сітуацыя на ўнутраным валютным рынку заставалася стабільнай і характарызавалася перавышэннем прапановы замежнай валюты над попытам на яе. Назіралася паляпшэнне структуры дэпазітнага рынку, якое выразілася ў павелічэнні долі безадзыўных укладаў, памяншэнні аб'ёму дэпазітаў у замежнай валюце.

Зніжэнне намінальных працэнтных ставак услед за зніжэннем інфляцыі прывяло да патаннення крэдытных рэсурсаў, што дазволіла аслабіць даўгавую нагрузку на прадпрыемствы і насельніцтва, забяспечыла рост крэдытавання ў аб'ёмах, неабходных для аднаўлення эканамічнай актыўнасці.

У мінулым годзе банкамі выкананы асноўныя нарматывы бяспечнага функцыянавання. Захавана станоўчая дынаміка абсалютных паказчыкаў развіцця страхавога рынку. Назіраўся апераджальны рост актываў нябанкаўскіх фінансавых арганізацый, у першую чаргу лізінгавых. Забяспечана стабільнае і бесперабойнае функцыянаванне плацежнай сістэмы краіны.

Найбольш значнай для банкаў па памеры патэнцыйных страт заставалася крэдытная рызыка. У 2017 годзе не адбылося істотных паляпшэнняў у структуры і эфектыўнасці размеркавання фінансавых рэсурсаў. Пагрозу фінансавай стабільнасці таксама ствараў значны ўзровень даларызацыі эканомікі і знешняга доўгу.

З мэтай павышэння фінансавай устойлівасці банкаўскага сектара вялася работа, накіраваная на фарміраванне рынку праблемных актываў у Рэспубліцы Беларусь і стварэнне сістэмы ўрэгулявання праблемных банкаў.

На працягу года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь праводзіў работу па ўкараненні інструментаў макрапрудэнцыяльнай палітыкі. Было прынята рашэнне дыферэнцыраваць нарматывы дастатковасці нарматыўнага капіталу ў залежнасці ад ступені сістэмнай значнасці банкаў. Праведзена падрыхтоўчая работа па ўкараненні контрцыклічнага буфера капіталу як аднаго з асноўных макрапрудэнцыяльных інструментаў і па стварэнні сектаральных макрапрудэнцыяльных інструментаў для абмежавання рызык крэдытавання хатніх гаспадарак.