20.06.2018  
Прэс-рэліз

Стаўка рэфінансавання з 27 чэрвеня зніжаецца да 10 працэнтаў гадавых


З 27 чэрвеня 2018 года стаўка рэфінансавання зніжаецца з 10,5 да 10 працэнтаў гадавых, стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці – з 11,75 да 11,5 працэнта гадавых. Адпаведнае рашэнне прынята 20 чэрвеня 2018 года Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на штоквартальным пасяджэнні па грашова-крэдытнай палітыцы. Гадавая інфляцыя запавольваецца. Прагноз развіцця сітуацыі ў эканоміцы, у знешнім гандлі, на валютным і дэпазітным рынках паказвае, што грашова-крэдытныя ўмовы, якія фарміруюцца, забяспечаць знаходжанне інфляцыі ў рамках мэтавых параметраў.

У маі 2018 года прырост спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні склаў 4,4 працэнта пры 5 працэнтах у красавіку 2018 года. Гадавая базавая інфляцыя запаволілася да 2,9 працэнта (3,1 працэнта ў красавіку 2018 года), у тым ліку з прычыны ўмацавання беларускага рубля адносна кошыка замежных валют.

У другой палове 2018 года чакаецца некаторы рост інфляцыі з улікам больш слабога дэзынфляцыйнага ўплыву ўнутранай эканомікі, а таксама магчымага павелічэння рэгулюемых цэн. Фарміраванне курса беларускага рубля паблізу раўнаважнага ўзроўню не будзе аказваць ціску на цэны. Манетарныя ўмовы захаваюцца блізкімі да нейтральных і працягнуць забяспечваць дасягненне мэты па цэнавай стабільнасці. Чакаецца, што па выніках 2018 года інфляцыя складзецца каля 5,5 працэнта.

Уздзеянне ўнутранага попыту на дынаміку цэн у сярэднетэрміновай перспектыве ацэньваецца як умеранае. Стрымліванню інфляцыі ў сярэднетэрміновай перспектыве будзе спрыяць паступовае зніжэнне інфляцыйных чаканняў, што адбываецца пад уплывам бягучай умеранай дынамікі спажывецкіх цэн і арыентацыі грашова-крэдытнай палітыкі на падтрыманне цэнавай стабільнасці.

З боку грашовай прапановы праінфляцыйныя рызыкі ацэньваюцца на нізкім узроўні. Пасля чаканага паскарэння ў пачатку года прырост сярэдняй шырокай грашовай масы паступова вяртаецца ў мэтавы дыяпазон 9–12 працэнтаў, у маі 2018 года гэты паказчык склаў 12,3 працэнта ў гадавым выражэнні. Нацыянальны банк працягне фарміраваць умовы, якія падтрымаюць узрослую гатоўнасць насельніцтва захоўваць зберажэнні ў беларускіх рублях, што таксама будзе садзейнічаць замацаванню інфляцыі на мэтавым узроўні.

Наступнае штоквартальную пасяджэнне Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па грашова-крэдытнай палітыцы плануецца 19 верасня 2018 года.