06.07.2018  
Прэс-рэліз

Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 ліпеня склалі 6,83 млрд. долараў ЗША


Міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь на 1 ліпеня 2018 года, па папярэдніх звестках, склалі 6 831,4 млн. долараў ЗША (у эквіваленце).

За чэрвень 2018 года золатавалютныя рэзервы знізіліся на 108,2 млн. долараў ЗША (на 1,6 працэнта) пасля скарачэння ў маі 2018 года на 98,5 млн. долараў ЗША (на 1,4 працэнта).

Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў па выніках чэрвеня абумоўлена планавым пагашэннем Нацыянальным банкам і Урадам Рэспублікі Беларусь знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму каля 424 млн. долараў ЗША, а таксама зніжэннем кошту манетарнага золата.

Падтрыманню ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў у чэрвені спрыялі купля замежнай валюты Нацыянальным банкам на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа", паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, паступленне сродкаў ад продажу на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце.

Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння Урадам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш за 6 млрд. долараў ЗША.