07.09.2018  
Прэс-рэліз

Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 верасня склалі 7,2 млрд. долараў ЗША


Міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь на 1 верасня 2018 года, па папярэдніх звестках, склалі 7 246,4 млн. долараў ЗША (у эквіваленце).

За жнівень 2018 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 216,2 млн. долараў ЗША (на 3,1 працэнта) пасля росту ў ліпені 2018 года на 198,8 млн. долараў ЗША (на 2,9 працэнта).

Павелічэнню ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў у жніўні спрыялі купля замежнай валюты Нацыянальным банкам на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа", паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, паступленне сродкаў ад продажу на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намініраваных у замежнай валюце.

Урадам і Нацыянальным банкам у жніўні выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 190 млн. долараў ЗША.

Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння Урадам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш за 6 млрд. долараў ЗША.