30.10.2018  
Прэс-рэліз

Ход рэалізацыі праекта "Твінінг" абмеркаваны на сустрэчы з дэлегацыяй Еўрапарламента


Ход рэалізацыі твінінг-праекта Еўрапейскага саюза "Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" абмеркаваны 30 кастрычніка 2018 года на сустрэчы дэлегацыі Еўрапейскага парламента, якая знаходзіцца з візітам у Мінску, з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў Нацыянальнага банка Беларусі, што ўдзельнічаюць у праекце "Твінінг".

"Нацыянальны банк стаў першым дзяржаўным органам у Беларусі, які ажыццяўляе твінінг-праект з Еўрапейскім саюзам. Мы ўсведамляем складанасць і маштаб гэтага праекта і імкнемся рэалізаваць яго прафесійна і адказна", – адзначыў у ходзе сустрэчы з членамі Еўрапейскага парламента начальнік Галоўнага ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Нацыянальнага банка Аляксей Лясной. "На сённяшні дзень праект прайшоў палову свайго шляху, і мы бачым добры прагрэс па ўсіх кампанентах", – дадаў ён.

Твінінг – гэта новая форма прамога супрацоўніцтва паміж органамі ўлады дзяржаў – членаў Еўрапейскага саюза і Рэспублікі Беларусь. Ён прадугледжвае перадачу прагрэсіўнага вопыту органаў дзяржаўнага кіравання краін – членаў ЕС іх беларускім партнёрам. Твінінг-праект "Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь" рэалізуецца са студзеня 2018 года ў рамках праграмы партнёрства ЕС кансорцыумам еўрапейскіх банкаў у складзе Нямецкага Федэральнага банка, Нацыянальнага банка Польшчы і Банка Літвы.

Рэалізацыя праекта прадугледжвае прыняцце шэрагу мер, накіраваных на ўзмацненне плацежнай сістэмы, павышэнне фінансавай стабільнасці, удасканаленне банкаўскага нагляду і кіравання фінансавымі рызыкамі, абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, а таксама павышэнне адкрытасці і празрыстасці інфармацыйнай палітыкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.