17.05.2019  
Прэс-рэліз

Пяцідзясятае пасяджэнне Міжбанкаўскага валютнага савета цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі прайшло ў Гомелі


Бягучая эканамічная сітуацыя і ход рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў Беларусі і Расіі ў 2019 годзе абмеркаваны на юбілейным, пяцідзясятым, пасяджэнні Міжбанкаўскага валютнага савета цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі. Пасяджэнне адбылося 17 мая 2019 года ў г. Гомелі з удзелам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Паўла Калаура і Старшыні Банка Расіі Эльвіры Набіулінай, іншых прадстаўнікоў цэнтральных банкаў дзвюх краін.

Бакі разгледзелі вынікі работы банкаўскіх сістэм Беларусі і Расіі, двухбаковы плацежны баланс і плацежны баланс Саюзнай дзяржавы за 2018 год, а таксама міжнародную інвестыцыйную пазіцыю Саюзнай дзяржавы па стане на 1 студзеня 2019 года.

Акрамя таго, у ходзе пасяджэння абмеркаваны пытанні развіцця інвестыцыйнага банкінгу ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі, а таксама знешнія рызыкі фінансавай стабільнасці.

У гэты ж дзень адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае юбілейнаму Міжбанкаўскаму валютнаму савету. У якасці ганаровых гасцей у ім прынялі ўдзел Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Румас, былы Старшыня Банка Расіі Сяргей Ігнацьеў, а таксама іншыя запрошаныя.

Выступаючы на ўрачыстым пасяджэнні, кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі адзначыў, што Міжбанкаўскі валютны савет, першае пасяджэнне якога адбылося 21 снежня 1999 года ў г. Туле, з'яўляецца вельмі эфектыўнай дыскусійнай пляцоўкай для кіраўнікоў і спецыялістаў цэнтральных банкаў дзвюх краін.

"З моманту ўтварэння Савета разгледжана больш за 300 пытанняў. На працягу дваццаці гадоў мы збіраемся для абмеркавання самых вострых і актуальных тэм у банкаўскай і фінансавай сферах нашых дзяржаў, і не было выпадку, каб мы не дасягнулі кампрамісу, не прынялі рашэнняў, якія ўлічваюць інтарэсы ўсіх бакоў", – сказаў Павел Калаур.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што супрацоўніцтва цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі і ў далейшым будзе развівацца ў рэчышчы прыязнасці і паразумення, а Міжбанкаўскі валютны савет будзе садзейнічаць вырашэнню пастаўленых задач у фінансава-банкаўскай сферы на карысць эканомік дзвюх краін.

Міжбанкаўскі валютны савет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі створаны ў лістападзе 1999 года. Асноўнымі задачамі Савета з'яўляюцца падрыхтоўка міждзяржаўных пагадненняў у галіне банкаўскай дзейнасці, уніфікацыя нарматыўна-рэгулятыўнай базы фінансавай і банкаўскай сфер для стварэння роўных умоў суб'ектам гаспадарання дзвюх краін, падрыхтоўка рэкамендацый па распрацоўцы і рэалізацыі каардынаванай грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі.