07.06.2019  
Прэс-рэліз

Чатырнаццатае пасяджэнне Кансультатыўнага савета цэнтральных банкаў Беларусі і Украіны адбылося ў г. Роўна


Бягучая эканамічная сітуацыя і ход рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі абмеркаваны на чатырнаццатым пасяджэнні Кансультатыўнага савета цэнтральных банкаў Рэспублікі Беларусь і Украіны, якое адбылося 7 чэрвеня 2019 года ў г. Роўна з удзелам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Паўла Калаура і Старшыні Нацыянальнага банка Украіны Якава Смолія, іншых прадстаўнікоў цэнтральных банкаў дзвюх краін.

Удзельнікі сустрэчы азнаёмілі адзін аднаго з ходам лібералізацыі валютнага заканадаўства ў дзвюх краінах, абмеркавалі пытанні міжнароднага супрацоўніцтва. Украінскі бок падзяліўся вопытам рэалізацыі праектаў тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага саюза, адным з бенефіцыяраў па якіх выступае Нацыянальны банк Украіны.

Таксама быў прадстаўлены вопыт супрацоўніцтва Нацыянальнага банка Украіны з еўрапейскім бокам у рамках твінінг-праекта, старт рэалізацыі якога плануецца ў канцы бягучага – пачатку наступнага года. У сваю чаргу, беларускі бок праінфармаваў украінскіх калег аб ходзе рэалізацыі твінінг-праекта "Умацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь".

Падчас пасяджэння бакі таксама падзяліліся вопытам аптымізацыі структуры і цэнтралізацыі выконваемых функцый, павышэння празрыстасці камунікацыйнай дзейнасці цэнтральных банкаў дзвюх краін.

Акрамя таго, у рамках развіцця двухбаковага супрацоўніцтва напярэдадні пасяджэння Кансультатыўнага савета прадстаўнікі Нацыянальнага банка Беларусі – намеснік Старшыні Праўлення Сяргей Калечыц і намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Андрэй Кацегаў – прынялі ўдзел у праведзеным 5 чэрвеня пасяджэнні Камітэта па манетарнай палітыцы Нацыянальнага банка Украіны.

Даведачна. Першае пасяджэнне Кансультатыўнага савета цэнтральных банкаў Рэспублікі Беларусь і Украіны адбылося ў маі 2002 года. Кансультатыўны савет быў створаны з мэтай садзейнічання развіццю знешнеэканамічных адносін паміж дзвюма краінамі, валютных рынкаў і плацежных сістэм, паляпшэння ўмоў дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. У яго задачы і функцыі ўваходзіць падрыхтоўка і арганізацыя выканання двухбаковых пагадненняў у галіне банкаўскай дзейнасці, рашэнне бягучых праблем двухбаковага супрацоўніцтва і абмен вопытам.