Банкноты і манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Агульныя звесткі

У ліпені 1990 года Вярхоўным Саветам Беларускай ССР была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце. У пачатковы перыяд пасля абвяшчэння незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь абарачаліся грашовыя знакі Дзяржбанка СCСР, а пасля і Цэнтральнага банка Расіі. Па рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у маі 1992 года на тэрыторыі Беларусі былі ўведзены ў абарачэнне разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь наступных вартасцей: 50 капеек, 1, 3, 5, 10, 25, 50 і 100 рублёў.

З другой паловы 1993 года ў наяўным грашовым абарачэнні нашай краіны практычна сталі выкарыстоўвацца разліковыя білеты Нацыянальнага банка (пастанова Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 1993 г. № 2491-XII / 505 "Аб выключэнні з абарачэння дзяржаўных казначэйскіх білетаў СССР, білетаў Дзяржаўнага банка СССР і банкнотаў банка Расіі ўзору 1961–1992 гадоў і іх абмене на разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь").

У маі 1994 г. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь пастанавіў да фактычнага аб'яднання грашовых сістэм Беларусі і Расійскай Федэрацыі лічыць адзіным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь беларускі рубель, а ў наяўным абароце – разліковы білет Нацыянальнага банка, намінальнае выражэнне якога роўнае 10 беларускім безнаяўным рублям. Усе разлікі на тэрыторыі Беларусі з гэтага часу ажыццяўляліся ў беларускіх рублях (пастанова Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 1994 г. № 5 "Аб плацежным сродку Рэспублікі Беларусь").

Паколькі аб'яднання грашовых сістэм Беларусі і Расіі так і не адбылося, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь пастановай ад 19 кастрычніка 1994 г. № 3326-XII "Аб плацежным сродку Рэспублікі Беларусь" абвясціў адзіным законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь беларускі рубель, а ў наяўным абарачэнні – разліковы білет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Гэта рашэнне фактычна завяршыла працэс набыцця беларускім рублём статусу нацыянальнай грашовай адзінкі, а Нацыянальным банкам – статусу адзінага эмісійнага цэнтра дзяржавы.

З 1 ліпеня 2016 года ў абарачэнне выпушчаны сем наміналаў банкнотаў – 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў узору 2009 года і восем наміналаў манет – 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі ўзору 2009 года.

Нацыянальная валюта нароўні з гербам, сцягам і гімнам з'яўляецца неад'емным атрыбутам суверэннай дзяржавы. Адным з галоўных складнікаў паўнавартаснай сістэмы грашовага абарачэння з'яўляюцца металічныя грашовыя знакі (манеты).

Слова "манета" паходзіць ад імя багіні Юноны (Juno Moneta), пры храме якой у Старажытным Рыме ў III стагоддзі да нашай эры знаходзіўся манетны двор. На працягу больш чым дзве тысячы гадоў (з часу свайго з'яўлення ў VII стагоддзі да нашай эры і да XVIII–XIX стагоддзяў) манеты з'яўляліся практычна адзіным інструментам грашовага абарачэння. З шырокім распаўсюджваннем папяровых грошай яны паступова ператварыліся з асноўнага плацежнага сродку ў дапаможны. Тым не менш нават у наш час, калі ажыццяўляюцца банкаўскія разлікі, існуюць крэдытныя карты і электронныя грошы, манеты працягваюць іграць сваю ролю ў грашовым абарачэнні.

27 снежня 1996 года былі выпушчаны першыя манеты Рэспублікі Беларусь. Іх з'яўленне – вынік станаўлення суверэннай дзяржавы і яе эмісійнага інстытута. На старонках гэтага раздзела вы зможаце азнаёміцца з інфармацыяй аб памятных манетах, выпушчаных Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь у перыяд з 1996 года да гэтага моманту. Тут прыведзены: падрабязнае апісанне, выявы абодвух бакоў манеты, кароткія даведкі аб падзеях, персанажах, помніках архітэктуры, адлюстраваных на манетах. Указаны таксама памеры і тыражы манет, агульныя характарыстыкі сплаваў, з якіх яны выраблены.

Дызайн большасці манет распрацаваны мастакамі Беларусі. У якасці дэкору выкарыстаны традыцыйны беларускі геаметрычны арнамент.

Спадзяёмся, што прадстаўленая інфармацыя будзе цікавай і карыснай як для сапраўдных калекцыянераў, так і для больш шырокага кола наведвальнікаў, якія захапляюцца гісторыяй манеты.