НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Фінансавая стабільнасць. Агульныя звесткі

Што такое фінансавая стабільнасць

Фінансавая стабільнасць – стан фінансавай сістэмы, пры якім банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, іншыя фінансавыя пасрэднікі, фінансавы рынак і плацежная сістэма належным чынам ажыццяўляюць уласцівую для іх дзейнасць і валодаюць здольнасцю ажыццяўляць такую дзейнасць у выпадку дэстабілізуючага ўздзеяння ўнутраных і знешніх фактараў.

Іншымі словамі, фінансавая стабільнасць гэта стабільная работа фінансавай сістэмы. У сваю чаргу, забеспячэнне фінансавай стабільнасці заключаецца ў прадухіленні парушэнняў фінансавай стабільнасці (узнікнення фінансавых крызісаў) і эфектыўным вырашэнні крызісных сітуацый у фінансавай сістэме з найменшымі стратамі для яе і эканомікі.

Чаму фінансавая стабільнасць важная

Фінансавая стабільнасць з'яўляецца ключавой прадпасылкай і неабходнай умовай нізкага ўзроўню інфляцыі і беспрацоўя, а таксама ўстойлівага эканамічнага росту і развіцця. Гэта тлумачыцца тым, што ў сучаснай эканоміцы такія задачы не могуць вырашацца без дапамогі развітой і стабільнай фінансавай сістэмы, якая з'яўляецца дзейсным правадніком для перадачы мер грашова-крэдытнай палітыкі іншым сектарам эканомікі.

Роля Нацыянальнага банка ў забеспячэнні і падтрыманні фінансавай стабільнасці

Згодна з Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.02.2016 № 78 Нацыянальны банк ва ўзаемадзеянні з Урадам Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе маніторынг фінансавай стабільнасці, а Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка нясе персанальную адказнасць за забеспячэнне фінансавай стабільнасці ў краіне.

Пад маніторынгам фінансавай стабільнасці разумеюцца назіранне за банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, іншымі фінансавымі пасрэднікамі, фінансавымі рынкамі, плацежнай сістэмай пры ажыццяўленні ўласцівай для іх дзейнасці і іх здольнасцю ажыццяўляць такую дзейнасць у выпадку дэстабілізуючага ўздзеяння ўнутраных і знешніх фактараў, а таксама комплексны аналіз фактараў, якія аказваюць уплыў на захаванне фінансавай стабільнасці.

Асноўнай мэтай маніторынгу фінансавай стабільнасці з'яўляецца выяўленне і ацэнка пагроз стабільнай рабоце банкаўскага сектара і слабых месцаў фінансавай сістэмы. Маніторынг фінансавай стабільнасці з'яўляецца асновай для распрацоўкі канкрэтных мерапрыемстваў па забеспячэнні фінансавай стабільнасці.

Задачамі маніторынгу фінансавай стабільнасці з'яўляюцца:

  • выяўленне фактараў, якія аказваюць негатыўны ўплыў на фінансавую сістэму;
  • ацэнка рызык і слабых месцаў фінансавай сістэмы;
  • распрацоўка рэкамендацый па мерах забеспячэння фінансавай стабільнасці;
  • своечасовае інфармаванне зацікаўленых аб патэнцыйных рызыках для фінансавай стабільнасці.

Савет па фінансавай стабільнасці

  Сумеснай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2016 г. № 454/16 у Беларусі створаны савет па фінансавай стабільнасці, які з'яўляецца пастаянна дзеючым калегiяльным органам для каардынацыі дзеянняў, накіраваных на забеспячэнне фінансавай стабільнасці. У склад Савета ўваходзяць работнікі Нацыянальнага банка, Міністэрства фінансаў і Міністэрства эканомікі.

Асноўнымі задачамі Савета з'яўляюцца:

  • арганізацыя і каардынацыя маніторынгу фінансавай стабільнасці ў Рэспубліцы Беларусь;
  • комплексны аналіз фактараў, якія аказваюць уплыў на захаванне фінансавай стабільнасці;
  • распрацоўка і каардынацыя выканання мер, накіраваных на забеспячэнне фінансавай стабільнасці;
  • распрацоўка механізмаў вырашэннякрызісных сітуацый на фінансавым рынку;
  • каардынацыя дзейнасці ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў па рэгуляванні і наглядзе на фінансавым рынку.

Для выканання гэтых задач Саветам створаны тры камітэты (рабочы камітэт па ацэнцы фінансавай стабільнасці і выпрацоўцы мер па яе забеспячэнні, рабочы камітэт па распрацоўцы механізмаў вырашэння крызісных сітуацый на фінансавым рынку, рабочы камітэт па распрацоўцы механізмаў вырашэння крызісных сітуацый на фінансавым рынку), якія ажыццяўляюць прапрацоўку на экспертным узроўні пытанняў, што ўваходзяць у кампетэнцыю Савета, і падрыхтоўку аналітычных матэрыялаў і праектаў рашэнняў для іх наступнага разгляду на пасяджэннях Савета.