Макрапрудэнцыяльнае рэгуляванне

Макрапрудэнцыяльнае рэгуляванне – гэта дзейнасць дзяржавы, накіраваная на павышэнне ўстойлівасці фінансавых інстытутаў і зніжэнне сістэмных рызык, якія могуць паўплываць на здольнасць усёй фінансавай сістэмы належным чынам выконваць свае функцыі.

Макрапрудэнцыяльнае рэгуляванне ажыццяўляецца з дапамогай маніторынгу сістэмных рызык, прыняцця мер з мэтай іх абмежавання.

Канчатковая мэта макрапрудэнцыяльнага рэгулявання – абмежаванне сістэмных фінансавых рызык; дзве ключавыя задачы – павышэнне ўстойлівасці фінансавага сектара і згладжванне амплітуды фінансавых цыклаў у эканоміцы. Сфера дзеяння макрапрудэнцыяльнага рэгулявання ахоплівае ўсе асноўныя элементы, якія складаюць фінансавую сістэму: фінансавых пасярэднікаў, фінансавыя рынкі і фінансавую інфраструктуру.

Для дасягнення мэт макрапрудэнцыяльнага рэгулявання Нацыянальны банк у адпаведнасці з сусветнай практыкай выкарыстоўвае комплекс спецыялізаваных макрапрудэнцыяльных інструментаў, адрозных ад мер манетарнай палітыкі і банкаўскага нагляду, хоць і цесна з імі звязаных. Асноўнымі макрапрудэнцыяльнымі інструментамі Нацыянальнага банка з'яўляюцца:

контрцыклічны буфер, які абавязвае ўсе дзеючыя банкі ствараць дадатковы запас капіталу ў перыяды найбольшай уразлівасці да крэдытнай рызыкі;

буфер сістэмнай значнасці, які фарміруе ў важных з пункту гледжання стабільнасці ўсёй фінансавай сістэмы банкаў больш высокі ўзровень капіталізацыі;

паказчыкі забяспечанасці крэдыту і пазыковай нагрузкі, якія перашкаджаюць назапашванню залішняга крэдытнага цяжару ў насельніцтва;

разліковыя велічыні стандартнай рызыкі, якія ўстанаўліваюць для банкаў, што рэалізуюць бізнес-мадэль з павышаным рызыка-апетытам, павышаныя адлiчэннi ў фонд абавязковых рэзерваў, павышаныя патрабаванні да капіталу і да фарміравання спецыяльных рэзерваў.