Гласарый тэрмінаў у галіне дзейнасці на пазабіржавым рынку Форэкс

Тэрміны, якія выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні дзейнасці на пазабіржавым рынку Форэкс:

суб'екты пазабіржавога рынку Форэкс – форэкс-кампаніі, Нацыянальны форэкс-цэнтр, банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь;

форэкс-кампанія – юрыдычная асоба, зарэгістраваная ў Рэспубліцы Беларусь і ўключаная Нацыянальным банкам у рэестр форэкс-кампаній;

базавы актыў – актыў, што ляжыць у аснове беспаставачнага пазабіржавога фінансавага інструмента і мае вартасную ацэнку, якую выкарыстоўвае для разлікаў па здзейсненай аперацыі з беспаставачным пазабіржавым фінансавым інструментам;

знешні контрагент – суб'ект пазабіржавога рынку Форэкс, за выключэннем Нацыянальнага форэкс-цэнтра, юрыдычная асоба – нерэзідэнт, якая мае права ажыццяўляць дзейнасць па здзяйсненні аперацый з беспаставачнымі пазабіржавымі фінансавымі інструментамі ў адпаведнасці з заканадаўствам замежнай дзяржавы і адпавядае крытэрыям, устаноўленым Нацыянальным банкам;

узнагароджанне (плата) – сумы сродкаў, якія атрымліваюцца суб'ектам пазабіржавога рынку Форэкс ад кліента пры здзяйсненні аперацый з беспаставачнымі пазабіржавымі фінансавымі інструментамі;

кліент – фізічная або юрыдычная асоба, а таксама замежная арганізацыя, якая не з'яўляецца юрыдычнай асобай па замежным праве, якія заключылі пагадненне з суб'ектам пазабіржавога рынку Форэкс, а для Нацыянальнага форэкс-цэнтра – іншыя суб'екты пазабіржавага рынку Форэкс;

асабісты віртуальны кабінет кліента – размешчаны на сайце суб'екта пазабіржавога рынку Форэкс у сетцы Інтэрнэт інфармацыйны рэсурс, створаны для акумулявання звестак пра кліента, а таксама ўліку дзеянняў кліента ў рамках ініцыяваных ім аперацый і адлюстравання інфармацыі, звязанай з такімі аперацыямі;

маржынальнае забеспячэнне – грашовыя сродкі, унесеныя кліентамі на банкаўскія рахункі, і (або) электронныя грошы, пералічаныя кліентамі ў электронныя кашалькі суб'ектаў пазабіржавога рынку Форэкс у мэтах адкрыцця і (або) падтрымання адкрытых пазіцый, а таксама сродкі, налічаныя кліенту суб'ектам пазабіржавога рынку Форэкс у прадугледжаных заканадаўствам выпадках;

маржынальнае плячо – суадносіны сумы, названай у распараджэнні кліента аб фіксацыі цаны базавага актыву (памеру пазіцыі), і сумы маржынальнага патрабавання;

маржынальнае патрабаванне – частка маржынальнага забеспячэння, неабходная для адкрыцця і падтрымання пазіцыі;

аперацыя з беспаставачным пазабіржавым фінансавым інструментам – пазабіржавая здзелка, якая складаецца з двух частак – адкрыццё і закрыццё пазіцыі, не прадугледжвае правоў і не ўстанаўлівае абавязкаў бакоў па куплі (продажы) базавага актыву, але стварае абавязак выплаціць (права атрымаць) суму розніцы паміж цаной базавага актыву ў момант адкрыцця пазіцыі і цаной базавага актыву ў момант закрыцця пазіцыі;

распараджэнне кліента – указанне кліента, якое накіроўваецца суб'екту пазабіржавога рынку Форэкс у рамках ініцыявання і здзяйснення аперацыі з беспаставачным пазабіржавым фінансавым інструментам у мэтах здзяйснення тых ці іншых дзеянняў, у тым ліку адкрыцця пазіцыі, змянення яе памеру, закрыцця пазіцыі.