НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Слоўнік тэрмінаў у галіне фарфейтынгавай дзейнасці

Аваль – гарантыя плацяжу па вэксалі. Пры дапамозе аваля плацеж па вэксалі можа быць гарантаваны як на ўсю суму вэксаля, так і на яе частку. Аваль можа быць дадзены за любую абавязаную па вэксалі асобу (за вэксалядаўца, акцэптанта, індасанта).

Знешнегандлёвы дагавор – дагавор паміж рэзідэнтам і нерэзідэнтам, які прадугледжвае выплатную перадачу тавараў, інфармацыі, якая ахоўваецца, выключных правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, выкананне работ, аказанне паслуг.

Гербавы збор – збор, які выплачваецца арганізацыямі і фізічнымі асобамі пры перадачы і атрыманні простых і пераводных вэксаляў, іх копій і экзэмпляраў пераводных вэксаляў з мэтай змянення права ўласнасці або іншых рэчавых правоў на іх, у тым ліку пры выдачы, індасіраванні, аваліраванні простых і пераводных вэксаляў, іх копій і экзэмпляраў пераводных вэксаляў, а таксама пры прад’яўленні да аплаты складзенага (выдадзенага), індасіраванага або аваліраванага ў Рэспубліцы Беларусь простага або пераводнага вэксаля, яго копіі і экзэмпляра пераводнага вэксаля, інфармацыя аб якіх не прадстаўлена ў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Рэспубліканскі цэнтральны дэпазітарый каштоўных папер".

Дысконт – розніца паміж сумай грашовага абавязацельства нерэзідэнта, з якім экспарцёр заключыў знешнегандлёвы дагавор, што прадугледжвае экспарт, па вэксалі, які з’яўляецца разліковым дакументам па гэтым знешнегандлёвым дагаворы, і сумай, якая выплачваецца экспарцёру пры ўліку вэксаля.

Крытэрыі ў дачыненні да банкаў-нерэзідэнтаў – крытэрыі, устаноўленыя пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2015 г. № 267 "Аб устанаўленні крытэрыяў у дачыненні да банкаў-нерэзідэнтаў, якія выпускаюць і аваліруюць вэксалі".

Нерэзідэнты – фізічныя асобы – замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, за выключэннем замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь; юрыдычныя асобы, створаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам замежных дзяржаў, з месцам знаходжання за межамі Рэспублікі Беларусь, а таксама іх філіялы і прадстаўніцтвы, якія знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.

Улік вэксаляў – набыццё з дысконтам асобай, якая не з’яўляецца першым вэксалетрымальнікам, права атрымання аплаты па вэксалі да наступлення тэрміну плацяжу па ім без права рэгрэсу.

Фарфейтынг – набыццё з дысконтам і без права рэгрэсу фінансавым агентам (фарфейтарам) плацежнага абавязацельства імпарцёра (даўжнiка) перад экспарцёрам (крэдыторам) па камерцыйным кантракце з адтэрміноўкай аплаты.

Экспарцёр – індывідуальны прадпрымальнік, юрыдычная асоба, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, якія заключылі знешнегандлёвы дагавор, што прадугледжвае экспарт.