НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Каментарыі і тлумачэнні па пытаннях ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці


  • Аб прызнанні ажыццяўлення лізінгавай арганізацыяй лізінгавай дзейнасці на дзень уступлення ў сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2014 г. № 99 "Аб пытаннях рэгулявання лізінгавай дзейнасці" (далей – Указ).

    Указам прадугледжаны асаблівасці фарміравання статутнага фонду і тэрмінаў уключэння ў рэестр для лізінгавых арганізацый, якія ажыццяўляюць лізінгавую дзейнасць на дзень уступлення ў сілу Указа (1 верасня 2014 г.). Так, паводле часткі другой падпункта 1.4 пункта 1 Указа для такіх лізінгавых арганізацый устаноўлена паэтапнае фарміраванне статутнага фонду да мінімальнага значэння, эквівалентнага 50 тыс. еўра. Пунктам 3 Указа для такіх лізінгавых арганізацый прадугледжана права ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці без уключэння ў рэестр да 1 сакавіка 2015 г.

    У гэтай сувязі патрабуе тлумачэння, як вызначаецца і пацвярджаецца факт ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці на паказаную дату.

    Згодна з абзацам другім падпункта 1.3 пункта 1 Указа пад лізінгавай дзейнасцю разумеецца прадпрымальніцкая дзейнасць па набыцці лізінгадаўцам ва ўласнасць маёмасці ў мэтах яе далейшага прадастаўлення за плату ў часовае валоданне і карыстанне лізінгаатрымальніку. Пры гэтым лізінгавая дзейнасць ажыццяўляецца шляхам заключэння дагавора фінансавай арэнды (лізінгу) і ў адпаведнасці з ім дагавора куплі-продажу (пастаўкі) маёмасці, набытай для наступнай перадачы ў якасці прадмета лізінгу.

    Зыходзячы з гэтага, фактам ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці на дату ўступлення ў сілу Указа з'яўляецца наяўнасць на 1 верасня 2014 г. заключаных юрыдычнай асобай (у якасці лізінгадаўца) дагаворах фінансавай арэнды (лізінгу) і дагавораў куплі-продажу (пастаўкі), якія прадугледжваюць набыццё маёмасці для наступнай перадачы ў якасці прадмета лізінгу па гэтых дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу).

    Варта адзначыць, што згодна з формай заявы аб уключэнні ў рэестр лізінгавых арганізацый, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 30 чэрвеня 2014 г. № 423 "Аб устанаўленні форм заявы і пасведчання аб уключэнні ў рэестр лізінгавых арганізацый і зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку стварэння і вядзення рэестра лізінгавых арганізацый“, пры ўказанні асноўных відаў дзейнасці юрыдычнай асобы асобна ўказваецца лізінгавая дзейнасць і працэнт гэтай дзейнасці ў агульным аб'ёме даходаў. Гэта інфармацыя ўказваецца зыходзячы з найбольш актуальнай інфармацыі,якая маецца ў лізінгавай арганізацыі. Такім чынам, указанне працэнта лізінгавай дзейнасці ў агульным аб'ёме даходаў у значэнні, адрозным ад 0, пацвярджае факт ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці на 1 верасня 2014 г. без неабходнасці прадстаўлення копій заключаных дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу) і куплі-продажу (пастаўкі) прадмета лізінгу.

  • Аб неабходнасці ўключэння ў рэестр юрыдычных асоб, для якіх лізінгавая дзейнасць не з'яўляецца асноўным відам дзейнасці.

    Да прыняцця Указа юрыдычныя асобы мелі магчымасць ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці ў якасці аднаго з відаў дзейнасці альбо заключаць дагаворы фінансавай арэнды (лізінгу) у якасці лізінгадаўца па меры неабходнасці ў рамках сваёй асноўнай дзейнасці. Пры гэтым для некаторых юрыдычных асоб лізінгавая дзейнасць не з'яўляецца асноўным відам дзейнасці.

    Варта адзначыць, што Указам не ўстанаўліваецца патрабаванне аб ажыццяўленні лізінгавай дзейнасці юрыдычнай асобай у якасці асноўнага і выключнага віду дзейнасці. З дня ўступлення ў сілу Указа юрыдычныя асобы могуць ажыццяўляць лізінгавую дзейнасць як у якасці асноўнага (або выключнага) віду дзейнасці, так і ў якасці дадатковага (спадарожнага, не асноўнага) віду дзейнасці. Правамоцнасць лізінгавых арганізацый на ажыццяўленне іншай прадпрымальніцкай дзейнасці, акрамя лізінгавай дзейнасці, вызначаецца грамадзянскім заканадаўствам і ўстаноўчымі дакументамі юрыдычнай асобы. Пры гэтым павінны выконвацца наступныя патрабаванні і абмежаванні, прадугледжаныя Указам:

    • Калі юрыдычная асоба мае намер пасля ўступлення ў сілу Указа заключаць больш за тры дагаворы фінансавай арэнды (лізінгу) на працягу аднаго каляндарнага года незалежна ад агульнага кошту прадметаў лізінгу, якія перадаюцца па ім, або ажыццяўляць перадачу ў лізінг прадметаў лізінгу на суму 10000 і больш базавых велічынь незалежна ад колькасці дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу), па якіх яны перадаюцца, такая юрыдычная асоба абавязана звярнуцца ў Нацыянальны банк з заявай аб уключэнні ў рэестр лізінгавых арганізацый.
    • Калі юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік пасля ўступлення ў сілу Указа заключае на працягу года тры і менш дагаворы фінансавай арэнды (лізінгу) агульным коштам менш за 10000 базавых велічынь, такая асоба можа ажыццяўляць лізінгавую дзейнасць без уключэння ў рэестр.

    Неабходна таксама адзначыць, што банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі ажыццяўляюць лізінгавую дзейнасць у адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам і іншым банкаўскім заканадаўствам без уключэння ў рэестр у адпаведнасці з Указам.

    Варта ўлічваць, што калі індывідуальны прадпрымальнік, які ажыццяўляе сёння лізінгавую дзейнасць, мае намер ажыццяўляць лізінгавую дзейнасць у якасці асноўнага віду дзейнасці (больш за тры дагаворы фінансавай арэнды (лізінгу) і (або) на суму прадметаў лізінгу 10000 і больш базавых велічынь), то ён павінен стварыць юрыдычную асобу і звярнуцца ва ўстаноўленым парадку ў Нацыянальны банк з заявай аб уключэнні ў рэестр.

  • Аб парадку падачы ў Нацыянальны банк заявы аб уключэнні лізінгавай арганізацыі ў рэестр лізінгавых арганізацый.

    Для ўключэння ў рэестр лізінгавая арганізацыя прадстаўляе ў Нацыянальны банк заяву аб уключэнні ў рэестр лізінгавых арганізацый па форме, устаноўленай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 30 чэрвеня 2014 г. № 423 "Аб устанаўленні форм заявы і пасведчання аб уключэнні ў рэестр лізінгавых арганізацый і зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку стварэння і вядзення рэестра лізінгавых арганізацый“.

    Заява складаецца ў двух экзэмплярах і прадстаўляецца ўпаўнаважанай асобай лізінгавай арганізацыі работніку структурнага падраздзялення Нацыянальнага банка, адказнага за вядзенне рэестра, альбо накіроўваецца ў Нацыянальны банк па пошце заказным пісьмом. Першы экзэмпляр заявы перадаецца ў Нацыянальны банк, другі экзэмпляр з адзнакай Нацыянальнага банка аб прыёме заявы застаецца ў лізінгавай арганізацыі (пры прадстаўленні работніку структурнага падраздзялення Нацыянальнага банка, адказнаму за вядзенне рэестра), альбо адпраўляецца лізінгавай арганізацыі па пошце заказным лістом (пры паступленні заявы па пошце). З першым экзэмплярам заявы ў Нацыянальны банк перадаюцца копія статута і копіі дакументаў, якія пацвярджаюць фарміраванне статутнага фонду.

    У заяве неабходна пазначыць віды эканамічнай дзейнасці, якія ажыццяўляюцца лізінгавай арганізацыяй, уключаючы лізінгавую дзейнасць. Лізінгавыя арганізацыі, якія ажыццяўляюць лізінгавую дзейнасць на 1 верасня 2014 г., паказваюць у заяве асноўныя віды дзейнасці па стане на 1 верасня 2014 г. з вызначэннем на аснове найбольш актуальнай інфармацыі працэнта кожнага віду дзейнасці ў агульным аб'ёме атрыманых імі даходаў. Іншыя лізінгавыя арганізацыі адзначаюць у заяве асноўныя віды дзейнасці на дату падачы заявы з вызначэннем на аснове найбольш актуальнай інфармацыі працэнта кожнага віду дзейнасці ў агульным аб'ёме атрыманых імі даходаў.

    Копіі дакументаў, названыя ў заяве ў радку "Дадатак" і якія змяшчаюць больш за адзін ліст, павінны быць прашытыя, пранумараваныя, змацаваныя пячаткай і падпісаныя ўпаўнаважанай асобай. На абароце апошняга ліста дакумента, які змяшчае больш за адзін ліст, робіцца адзнака "Копія правільная" з указаннем інфармацыі аб колькасці пранумараваных і прашытых у дакуменце лістоў, якая завяраецца подпісам кіраўніка альбо ўпаўнаважанай асобы і змацоўваецца пячаткай.

  • Аб фарміраванні мінімальнага памеру статутнага фонду лізінгавай арганізацыі

    У адпаведнасці з часткай першай падпункта 1.4 пункта 1 Указа ўмовай уключэння лізінгавай арганізацыі, зноў створанай пасля ўступлення ў сілу Указа, альбо юрыдычнай асобы, якая раней не ажыццяўляла лізінгавую дзейнасць, з'яўляецца наяўнасць статутнага фонду, сфарміраванага на дату падачы заявы аб уключэнні ў рэестр у памеры не ніжэй мінімальнага памеру, роўнага суме, эквівалентнай 50 тыс. еўра.

    Часткай другой дадзенага падпункта ўстаноўлены асобы парадак уключэння ў рэестр і фарміравання статутнага фонду для дзеючых лізінгавых арганізацый (лізінгавых арганізацый, якія маюць на 1 верасня 2014 г. заключаныя дагаворы фінансавай арэнды (лізінгу) і дагаворы куплі-продажу (пастаўкі) прадметаў лізінгу):

    • Дзеючыя лізінгавыя арганізацыі ўключаюцца ў рэестр незалежна ад памеру статутнага фонду;
    • Дзеючыя лізінгавыя арганізацыі абавязаны сфарміраваць статутныя фонды у тэрміны і ў мінімальным памеры ў наступным парадку:
      да 1 ліпеня 2015 г. – не менш за суму, эквівалентную 25 тыс. еўра;
      да 1 ліпеня 2016 г. – не менш за суму, эквівалентную 50 тыс. еўра.

    Важным момантам з'яўляецца дата, на якую ажыццяўляецца пералічэнне сумы статутнага фонду ў эквівалент еўра.

    Эквівалент у еўра фактычна сфарміраванага на дату прадстаўлення ў Нацыянальны банк дакументаў статутнага фонду лізінгавай арганізацыі вызначаецца зыходзячы з афіцыйнага курса беларускага рубля да еўра, устаноўленага Нацыянальным банкам на дату фарміравання статутнага фонду лізінгавай арганізацыі.

    У адпаведнасці з Указам пацвярджэннем фарміравання статутнага фонду на дату падачы заявы аб уключэнні ў рэестр з'яўляецца копія дакумента аб фарміраванні статутнага фонду. У адпаведнасці з заканадаўствам такімі дакументамі могуць быць:

    • выпіска з часовага рахунку;
    • заключэнне экспертызы дакладнасці ацэнкі кошту неграшовага ўкладу;
    • дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць у заснавальніка рэчавага права на маёмасць, якая ўносіцца ў якасці ўкладу ў неграшовай форме ў статутны фонд (дагавор куплі-продажу, даведка, выдадзеная тэрытарыяльнай арганізацыяй па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй);
    • плацежныя дакументы, якія пацвярджаюць унясенне грашовых укладаў у статутны фонд;
    • іншыя дакументы у адпаведнасці з заканадаўствам, якія пацвярджаюць фарміраванне статутнага фонду.
  • Ажыццяўленне замежнымі арганізацыямі лізінгавай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь

    У адпаведнасці з абзацам трэцім часткі другой падпункта 1.1 пункта 1 Указа лізінгавую дзейнасць без уключэння ў рэестр маюць права ажыццяўляць замежныя арганізацыі, якія ажыццяўляюць лізінгавую дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва.

    У адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі суб'екты іншых краін (замежныя арганізацыі) могуць ажыццяўляць дзейнасць з удзелам рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь у наступных формах:

    • Шляхам стварэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь юрыдычнай асобы. У гэтым выпадку такая юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе лізінгавую дзейнасць, падлягае ўключэнню ў рэестр у адпаведнасці з патрабаваннямі Указа;
    • Шляхам ажыццяўлення дзейнасці, якая ў адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь прызнаецца дзейнасцю праз пастаяннае прадстаўніцтва замежнай арганізацыі. Згодна з артыкулам 139 Падатковага кодэкса пастаянным прадстаўніцтвам замежнай арганізацыі прызнаецца:
      - пастаяннае месца дзейнасці, праз якое лізінгавая арганізацыя цалкам або часткова ажыццяўляе прадпрымальніцкую ці іншую дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
      - арганізацыя або фізічная асоба, якія ажыццяўляюць дзейнасць ад імя замежнай арганізацыі і (або) у яе інтарэсах і (або) маюць і выкарыстоўваюць паўнамоцтвы на заключэнне кантрактаў або ўзгадненне іх істотных умоў.
    • Падатковым кодэксам і афіцыйнымі тлумачэннямі не раскрываецца значэнне тэрміна "пастаяннае месца дзейнасці". Разам з тым, прымаючы пад увагу, што гэты тэрмін уведзены ў Падатковы кодэкс Законам Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2013 года замест тэрміна "адасобленае структурнае падраздзяленне (установа)“, мяркуем, што пад пастаянным месцам дзейнасці можа, у прыватнасці, разумецца прадстаўніцтва замежнай арганізацыі, створанае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з артыкулам 511 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

      Варта адзначыць, што згодна з Указам, замежныя арганізацыі, якія ажыццяўляюць праз пастаянныя прадстаўніцтвы лізінгавую дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, абавязаны ў парадку, устаноўленым Нацыянальным банкам, складаць і праз гэтыя прадстаўніцтвы накіроўваць у Нацыянальны банк справаздачнасць і іншую інфармацыю аб лізінгавай дзейнасці. Для гэтага замежныя арганізацыі павінны падаць у Нацыянальны банк звесткі аб пастаянных прадстаўніцтвах, праз якія яны ажыцьцяўляюць (маюць намер ажыццяўляць) лізінгавую дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь. Гэтая інфармацыя падаецца пасля пастаноўкі на ўлік арганізацыі або фізічнай асобы на падатковы ўлік у якасці пастаяннага прадстаўніцтва замежнай арганізацыі.

    • Шляхам ажыццяўлення дзейнасці, якая ў адпаведнасці з Падатковым кодэксам не прызнаецца дзейнасцю праз пастаяннае прадстаўніцтва. Адной з форм ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці ў дадзенай форме можа быць заключэнне дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу) непасрэдна з асобай, якая мае права подпісу такіх дагавораў ад імя замежнай арганізацыі.

    Неабходна ўлічваць, што калі дзейнасць замежнай арганізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не прызнаецца дзейнасцю праз пастаянныя прадстаўніцтвы замежнай арганізацыі, то на дадзеную дзейнасць распаўсюджваюцца патрабаванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія вызначаюць парадак яе ажыццяўлення (калі іншае не прадугледжана міжнароднымі пагадненнямі, заключанымі Рэспублікай Беларусь).

    З улікам гэтага замежныя арганізацыі могуць ажыццяўляць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь лізінгавую дзейнасць, якая ў адпаведнасці з Падатковым кодэксам не прызнаецца дзейнасцю праз пастаяннае прадстаўніцтва. Аднак пры ажыццяўленні гэтай дзейнасці на замежныя арганізацыі будуць распаўсюджвацца тыя ж патрабаванні, умовы і абмежаванні, якія ўстаноўлены Указам для грамадзян і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь.

    Такім чынам, у адпаведнасці з Указам, замежныя арганізацыі могуць ажыццяўляць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь лізінгавую дзейнасць без прызнання яе дзейнасцю праз пастаяннае прадстаўніцтва з заключэннем дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу) на працягу аднаго каляндарнага года не больш за тры і (або), якія прадугледжваюць перадачу прадметаў лізінгу агульным коштам менш за 10000 базавых велічынь.

  • Дзеянне дагавораў, заключаных у рамках ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці, пасля ўступлення ў сілу Указа

    Указам прадугледжаны шэраг навацый як у частцы правоў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (у тым ліку нерэзідэнтаў) на ажыццяўленне лізінгавай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, так і ў частцы парадку і ўмоў заключэння дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу) і іншых дагавораў у рамках ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці (у прыватнасці, дагавора куплі-продажу (пастаўкі) прадмета лізінгу). У гэтай сувязі патрабуе тлумачэння парадак выканання дагавораў, заключаных да ўступлення ў сілу Указа.

    У адпаведнасці з пунктам 4 Указа дагаворы фінансавай арэнды (лізінгу) і дагаворы куплі-продажу (пастаўкі), якія прадугледжваюць набыццё маёмасці для наступнай перадачы ў лізінг у якасці прадмета лізінгу, не падлягаюць прывядзенню ў адпаведнасць з нормамі гэтага Указа і дзейнічаюць да поўнага выканання бакамі ўсіх прынятых абавязацельстваў.

    Гэта азначае наступнае:

    • Пры выкананні названых дагавораў бакі павінны кіравацца заканадаўствам аб лізінгавай дзейнасці, якое дзейнічала да ўступлення ў сілу Указа. Пры гэтым да адносін, якія ўзнікаюць з гэтых дагавораў, не прымяняюцца як нормы Указа непасрэдна, так і нормы заканадаўчых актаў і іншых нарматыўных прававых актаў, прынятых у рамках прывядзення актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам.
    • Пры заключэнні дадатковых пагадненняў да раней заключаных дагавораў бакі абавязаны кіравацца заканадаўствам, дзеючым на дату падпісання адпаведных дадатковых пагадненняў.
    • Прадугледжаныя Указам абмежаванні па заключэнні дагавораў лізінгу юрыдычнымі асобамі, якія не з'яўляюцца лізінгавымі арганізацыямі, уключанымі ў рэестр, а таксама індывідуальнымі прадпрымальнікамі (не больш за тры дагаворы ў год і (або) пры суме прадмета лізінгу менш за 10000 базавых велічынь), не абмяжоўваюць правамоцтвы гэтых суб'ектаў (як рэзідэнтаў, так і нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь) на заключэнне дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу) да ўступлення ў сілу Указа і не ўплываюць на сапраўднасць гэтых дагавораў пасля ўступлення ў сілу Указа.
  • Аб заключэнні дадатковых пагадненняў да дзеючых на 1 ліпеня 2016 г. дагавор лізінгу для прывядзення іх у адпаведнасць з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2015 года № 450 "Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь"

    Пунктам 2 артыкула 392 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначана, што ў выпадку, калі прыняты акт заканадаўства, якi ўстанаўлiвае абавязковыя для бакоў правiлы, iншыя, чым тыя, якія дзейнічалі пры заключэнні дагавора, умовы заключанага дагавора павiнны быць прыведзены ў адпаведнасць з заканадаўствам, калi iншае не прадугледжана заканадаўствам.

    Паколькі нормамі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2015 года № 450 "Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь" вызначана суадносіны беларускага рубля узору 2009 гады да беларускага рубля узору 2000 года, мэтазгоднасць заключэння дадатковых пагадненняў да дзеючых дагаворах вызначаецца самастойна суб'ектамі гаспадарання.