НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Слоўнік тэрмінаў у галіне лізінгавай дзейнасці

Лізінгавая дзейнасць – прадпрымальніцкая дзейнасць па набыцці лізінгадаўцам ва ўласнасць маёмасці з мэтай яе наступнага прадастаўлення за плату ў часовае валоданне і карыстанне юрыдычнай або фізічнай асобе (далей – лізінгаатрымальнік);

лізінгавая арганізацыя – юрыдычная асоба, якая адпавядае патрабаванням, што прад'яўляюцца Указам, іншымі заканадаўчымі актамі і прынятымі ў адпаведнасці з імі нарматыўнымі прававымі актамі Нацыянальнага банка, i якая ажыццяўляе лізінгавую дзейнасць;

лізінгадавец – суб'ект, надзелены ў адпаведнасці з падпунктам 1.1 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2014 г. № 99 "Аб пытаннях рэгулявання лізінгавай дзейнасці" (Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 27.02.2014, 1/14857) правам ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці, які ў адпаведнасці з дагаворам лізінгу абавязуецца набыць ва ўласнасць маёмасць з мэтай яе наступнага прадастаўлення ў якасці прадмета лізінгу, і прадаставіць яе за плату ў часовае валоданне і карыстанне лізінгаатрымальніку;

лізінгаатрымальнік – юрыдычная або фізічная асоба, якой у адпаведнасці з дагаворам лізінгу прадастаўляецца ў часовае валоданне і карыстанне прадмет лізінгу;

прадавец (пастаўшчык) прадмета лізінгу – асоба, з якой лізінгадавец заключае дагавор куплі-продажу (пастаўкі), які прадугледжвае набыццё лізінгадаўцам ва ўласнасць маёмасці, прызначанай для наступнай перадачы ў якасці прадмета лізінгу лізінгаатрымальніку;

дагавор фінансавай арэнды (дагавор лізінгу) – від дагавора арэнды, у адпаведнасці з якім арэндадавец (лізінгадавец), які з'яўляецца юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам, бярэ на сябе абавязацельства набыць ва ўласнасць зазначаную арандатарам (лізінгаатрымальнікам) маёмасць у вызначанага ім прадаўца (пастаўшчыка) і прадаставіць арандатару (лізінгаатрымальніку) гэту маёмасць, якая складае прадмет лізінгу, за плату ў часовае валоданне і карыстанне;

дагавор сублізінгу – від дагавора лізінгу, пры якім лізінгаатрымальнік (сублізінгадавец па дагаворы сублізінгу) перадае трэцяй асобе (сублізінгаатрымальніку) у межах сваіх правоў, прадастаўленых па дагаворы лізінгу, у валоданне і карыстанне на вызначаны тэрмін за плату маёмасць, якая атрымана ад лізінгадаўца па дагаворы лізінгу і складае прадмет лізінгу;

кошт прадмета лізінгу – кантрактны кошт прадмета лізінгу, які прадастаўляецца ў часовае валоданне і карыстанне лізінгаатрымальніку. Кошт прадмета лізінгу вызначаецца па ўзгадненні паміж лізінгадаўцам і лізінгаатрымальнікам і выкарыстоўваецца для разліку лізінгавых плацяжоў і выкупнога кошту прадмета лізінгу (калі дагаворам лізінгу прадугледжаны выкуп прадмета лізінгу);

выкупны кошт прадмета лізінгу – сума, устаноўленая дагаворам лізінгу ў выпадку, калі ўмовамі дагавора прадугледжаны выкуп прадмета лізінгу, якая вызначаецца як розніца паміж коштам прадмета лізінгу па дагаворы лізінгу і часткай агульнай сумы лізінгавых плацяжоў, што пакрывае кошт прадмета лізінгу, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам лізінгу;

інвестыцыйныя расходы лізінгадаўца – затраты лізінгадаўца, уключаныя ў кошт прадмета лізінгу і звязаныя з набыццём маёмасці, прызначанай для наступнай перадачы ў якасці прадмета лізінгу, давядзеннем яе да стану, прыдатнага для выкарыстання лізінгаатрымальнікам у адпаведнасці з дагаворам лізінгу, перадачай прадмета лізінгу лізінгаатрымальніку, а таксама расходы лізінгадаўца, не ўключаныя ў кошт прадмета лізінгу і звязаныя з заключэннем і выкананнем дагавора лізінгу, якія падлягаюць пакрыццю лізінгаатрымальнікам у адпаведнасці з дагаворам лізінгу поўнасцю або часткова;

узнагароджванне (даход) лізінгадаўца – сума, прадугледжаная дагаворам фінансавай арэнды (лізінгу) (далей – дагавор лізінгу) у складзе лізінгавых плацяжоў звыш сум, якія пакрываюць інвестыцыйныя расходы лізінгадаўца;

лізінгавыя плацяжы – агульная сума прадугледжаных дагаворам лізінгу выплат лізінгадаўцу за часовае валоданне і карыстанне лізінгаатрымальнікам прадметам лізінгу;

прадмет лізінгу – рэч, якая не спажываецца, у тым ліку прадпрыемства, іншы маёмасны комплекс, капітальны будынак (збудаванне), у тым ліку жылы, ізаляванае памяшканне, у тым ліку жылое, машына-месца, яго частка, пазначая ў дагаворы, абсталяванне, і іншыя рэчы, якія не губляюць сваіх натуральных якасцей у працэсе іх выкарыстання, акрамя зямельнага ўчастка або іншага прыроднага аб'екта, якая ў адпаведнасці з дагаворам лізінгу набываецца лізінгадаўцам для наступнай перадачы за плату ў часовае валоданне і карыстанне лізінгаатрымальніку;

тэрмін лізінгу – прадугледжаны дагаворам лізінгу тэрмін часовага валодання і карыстання прадметам лізінгу, што вылічаецца з даты яго перадачы лізінгаатрымальніку да даты набыцця ім права ўласнасці на прадмет лізінгу або да даты звароту прадмета лізінгу лізінгадаўцу;

ліквіднасць прадмета лізінгу – магчымасць адчужэння прадмета лізінгу, вернутага лізінгадаўцу, у тэрміны і па кошце, якія забяспечваюць пакрыццё інвестыцыйных расходаў лізінгадаўца, не кампенсаваных лізінгаатрымальніку ў складзе лізінгавых плацяжоў;

фінансавая арэнда (лізінг) (далей – лізінг) – сукупнасць эканамічных і прававых адносін, якія ўзнікаюць у сувязі з рэалізацыяй дагавора лізінгу, у тым ліку па набыцці за кошт уласных і (або) прыцягнутых сродкаў лізінгадаўцам у прадаўца (пастаўшчыка) ва ўласнасць маёмасці, прызначанай для наступнай перадачы ў якасці прадмета лізінгу лізінгаатрымальніку, і яе наступным прадастаўленні за плату ў часовае валоданне і карыстанне лізінгаатрымальніку;

раскрыццё інфармацыі – забеспячэнне доступу да інфармацыі аб лізінгавай дзейнасці лізінгавай арганізацыі і яе фінансавым стане ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;

справаздачнасць лізінгавай арганізацыі – справаздачнасць аб лізінгавай дзейнасці, якая складаецца лізінгавымі арганізацыямі па форме і ў аб'ёме, вызначанымі Нацыянальным банкам, на падставе рэгістра бухгалтарскага ўліку і (або) бухгалтарскай справаздачнасці, якія складаюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, і грамадзянска-прававых дагавораў, звязаных з ажыццяўленнем лізінгавай дзейнасці.