Гласарый тэрмінаў у галіне лізінгавай дзейнасці

Тэрміны, якія выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні лізінгавай дзейнасці:

лізінгавая дзейнасць – прадпрымальніцкая дзейнасць па набыцці лізінгадаўцам ва ўласнасць маёмасці з мэтай яе наступнага прадастаўлення за плату ў часовае валоданне і карыстанне юрыдычнай або фізічнай асобе;

лізінгавая дзейнасць з жылымі памяшканнямі – лізінгавая дзейнасць, якая прадугледжвае набыццё лізінгадаўцам ва ўласнасць і прадастаўленне за плату ў часовае валоданне і карыстанне лізінгаатрымальніку кватэры і (або) аднакватэрнага жылога дома;

лізінгавая арганізацыя – юрыдычная асоба, уключаная Нацыянальным банкам у рэестр лізінгавых арганізацый, якая ажыццяўляе лізінгавую дзейнасць;

дагавор фінансавай арэнды (лізінгу) – дагавор, у адпаведнасці з умовамі якога лізінгадаўца абавязваецца набыць ва ўласнасць канкрэтную маёмасць у пэўнага прадаўца (пастаўшчыка) і прадаставіць лізінгаатрымальніку гэту маёмасць за плату ў часовае валоданне і карыстанне;

дагавор сублізінгу – від дагавора лізінгу, пры якім лізінгаатрымальнік (сублізінгадаўца па дагаворы сублізінгу) перадае трэцяй асобе (сублізінгаатрымальніку) у межах сваіх правоў, прадастаўленых па дагаворы лізінгу, у валоданне і карыстанне на вызначаны тэрмін за плату маёмасць, атрыманую ад лізінгадаўца па дагаворы лізінгу, якая складае прадмет лізінгу;

дагавор лізінгу жылога памяшкання – дагавор лізінгу, прадметам лізінгу па якім з'яўляецца кватэра прыватнага жыллёвага фонду ў шматкватэрным або блакіраваным жылым доме і (або) аднакватэрны жылы дом прыватнага жыллёвага фонду;

лізінгадаўца – лізінгавая арганізацыя, якая згодна з дагаворам лізінгу набывае ва ўласнасць маёмасць з мэтай яе наступнага прадастаўлення ў якасці прадмета лізінгу і прадастаўляе гэту маёмасць за плату ў часовае валоданне і карыстанне лізінгаатрымальніку;

лізінгаатрымальнік – юрыдычная або фізічная асоба, якой ў адпаведнасці з дагаворам лізінгу прадастаўляецца ў часовае валоданне і карыстанне прадмет лізінгу;

прадавец (пастаўшчык) прадмета лізінгу – юрыдычная або фізічная асоба, з якой лізінгадавец заключае дагавор куплі-продажу (пастаўкі), які прадугледжвае набыццё лізінгадаўцам ва ўласнасць маёмасці, прызначанай для наступнай перадачы лізінгаатрымальніку ў якасці прадмета лізінгу;

аванс – сума грашовых сродкаў, якія перадаюцца лізінгаатрымальнікам лізінгадаўцу ў адпаведнасці з дагаворам лізінгу да пачатку тэрміну лізінгу ў якасці платы за набыццё лізінгадаўцам і перадачу лізінгаатрымальніку ў часовае валоданне і карыстанне прадмета лізінгу;

лізінгавы плацеж – плацеж, які выплачвае лізінгаатрымальнік лізінгадаўцу па графіку лізінгавых плацяжоў у якасці платы лізінгадаўцу за набыццё прадмета лізінгу і яго перадачу лізінгаатрымальніку ў часовае валоданне і карыстанне;

графік лізінгавых плацяжоў – інфармацыя аб сумах лізінгавых плацяжоў, якая змяшчаецца ў дагаворы лізінгу або дадатку да яго, што падлягаюць выплаце лізінгаатрымальнікам лізінгадаўцу, і іх перыядычнасці (тэрміне выплаты);

прадмет лізінгу – любыя неспажываныя рэчы, акрамя зямельных участкаў і іншых прыродных аб'ектаў, якія паводле дагавора лізінгу набыты лізінгадаўцам ва ўласнасць і прадастаўлены лізінгаатрымальніку за плату ў часовае валоданне і карыстанне;

кошт прадмета лізінгу – кошт прадмета лізінгу,які прадастаўляецца ў часовае валоданне і карыстанне лізінгаатрымальніку, вызначаецца па ўзгадненні паміж лізінгадаўцам і лізінгаатрымальнікам;

узнагароджанне лізінгадаўцы – даход, атрыманы лізінгадаўцам ад прадастаўленага ў часовае валоданне і карыстанне лізінгаатрымальніку прадмета лізінгу, які вызначаецца як розніца паміж агульнай сумай лізінгавых плацяжоў, выкупнога кошту прадмета лізінгу і агульнай сумай інвестыцыйных выдаткаў лізінгадаўца, якія кампенсуюцца лізінгаатрымальнікам у складзе лізінгавых плацяжоў і выкупнога кошту прадмета лізінгу;

выкупны кошт – вызначаная дагаворам лізінгу сума набыцця ва ўласнасць прадмета лізінгу, якая выплачваецца па-за лізінгавых плацяжоў лізінгаатрымальнікам. Выкупны кошт можа мець значэнне "0" у выпадку, калі ўвесь кошт прадмета лізінгу кампенсаваны ў складзе лізінгавых плацяжоў;

цана дагавора лізінгу – сукупнасць прадугледжаных дагаворам лізінгу лізінгавых плацяжоў і выкупнога кошту прадмета лізінгу;

інвестыцыйныя выдаткі лізінгадаўцы – выдаткі, якія панёс лізінгадаўца пры набыцці прадмета лізінгу, давядзенні яго да стану, прыдатнага для выкарыстання лізінгаатрымальнікам у адпаведнасці з дагаворам лізінгу, перадачы прадмета лізінгу лізінгаатрымальніку, а таксама выдаткі лізінгадаўцы, звязаныя з заключэннем і выкананнем дагавора лізінгу, якія лізінгаатрымальнік пакрывае лізінгадаўцу ў адпаведнасці з умовамі дагавора лізінгу;

тэрмін лізінгу – прадугледжаны дагаворам лізінгу тэрмін часовага валодання і карыстання прадметам лізінгу. Гэты тэрмін вылічаецца з даты перадачы прадмета лізінгу па акце прыёмкі-перадачы маёмасці лізінгаатрымальніку да даты набыцця ім у адпаведнасці з заканадаўствам права ўласнасці на прадмет лізінгу або даты вяртання прадмета лізінгу па адпаведным акце лізінгадаўцу;

інфармацыя аб умовах лізінгу – звесткі, прадстаўленыя лізінгадаўцам лізінгаатрымальніку – фізічнай асобе, якая не выступае пры заключэнні дагавора лізінгу ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, да заключэння дагавора лізінгу пад подпіс для прыняцця ім абгрунтаванага рашэння аб заключэнні такога дагавора. Гэта інфармацыя павінна змяшчаць наступныя звесткі:

  • кошт прадмета лізінгу;
  • тэрмін лізінгу;
  • памер, тэрмін і парадак выплаты лізінгавых плацяжоў, у тым ліку з улікам выплаты авансу (калі дагаворам лізінгу прадугледжваецца аванс);
  • выпадкі павелічэння лізінгадаўцам у аднабаковым парадку памеру лізінгавых плацяжоў (калі дагаворам лізінгу прадугледжваецца такое права);
  • парадак і ўмовы выкупу прадмета лізінгу, выкупны кошт прадмета лізінгу (калі дагаворам лізінгу прадугледжваецца ўмова аб выкупе прадмета лізінгу);
  • абмежаванні па выкарыстанні прадмета лізінгу;
  • указанне на немагчымасць адчужэння лізінгаатрымальнікам прадмета лізінгу трэцім асобам на працягу тэрміну лізінгу;
  • правы лізінгадаўца па распараджэнні прадметам лізінгу на працягу тэрміну лізінгу, у тым ліку па яго адчужэнні, перадачы ў заклад, абцяжаранні іншымі спосабамі;
  • права лізінгадаўцы ажыццяўляць кантроль за захаванасцю прадмета лізінгу, падтрыманнем яго ў працоўным стане, захаваннем устаноўленых ім абмежаванняў па выкарыстанні прадмета лізінгу;
  • указанне боку, на які ўскладзены абавязак па страхаванні прадмета лізінгу;
  • адказнасць лізінгаатрымальніка па дагаворы лізінгу;
  • рызыкі лізінгаатрымальніка, звязаныя з выбарам прадмета лізінгу і прадаўца (пастаўшчыка) прадмета лізінгу, калі яны вызначаюцца лізінгаатрымальнікам;
  • парадак вяртання прадмета лізінгу і разлікаў паміж лізінгадаўцам і лізінгаатрымальнікам у выпадку скасавання дагавора лізінгу.

Віды лізінгу:

  • фінансавы лізінг – лізінг, пры якім тэрмін лізінгу складае не менш за 1 год, а лізінгавыя плацяжы забяспечваюць пакрыццё лізінгадаўцу не менш за 75 працэнтаў кошту прадмета лізінгу. Фінансавы лізінг можа прадугледжваць выкуп прадмета лізінгу;
  • аператыўны лізінг – лізінг, пры якім тэрмін лізінгу не абмежаваны, а лізінгавыя плацяжы на працягу тэрміну лізінгу забяспечваюць пакрыццё лізінгадаўцу менш за 75 працэнтаў кошту прадмета лізінгу. Аператыўны лізінг не можа прадугледжваць выкуп прадмета лізінгу;
  • зваротны лізінг – фінансавы або аператыўны лізінг, пры якім лізінгаатрымальнік ў рамках аднаго дагавора лізінгу з'яўляецца адначасова прадаўцом (пастаўшчыком) прадмета лізінгу.