Каментарыі і тлумачэнні па пытаннях ажыццяўлення мікрафінансавай дзейнасці

З 27 красавіка 2020 г. увайшоў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2019 г. № 394 "Аб прадастаўленні і прыцягненні пазык" (далей – Указ № 394), які прыняты з мэтай удасканалення парадку ажыццяўлення дзейнасці па рэгулярным прадастаўленні і прыцягненні пазык, а таксама ўзмацненні абароны правоў спажыўцоў паслуг, што аказваюцца мікрафінансавымі арганізацыямі.

Указ № 394 адмяняе дзеянне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2014 г. № 325 "Аб прыцягненні і прадастаўленні пазык, дзейнасці мікрафінансавых арганізацый".

У ліку новаўвядзенняў, прадугледжаных Указам № 394, можна вылучыць наступныя.

З мэтай зніжэння пазыковай нагрузкі на спажыўцоў паслуг мікрафінансавых арганізацый абмежаваны сумы працэнтаў і няўстойкі, якія могуць быць налічаны па дагаворах мікрапазыкі. Так, сума належных мікрафінансавай арганізацыі працэнтаў за ўвесь тэрмін карыстання мікрапазыкай не можа перавышаць двухкратнай сумы мікрапазыкі, прадастаўленай мікрафінансавай арганізацыяй, а сума няўстойкi (штрафу, пеняў) не можа быць вышэй за палову сумы прадастаўленай мікрапазыкі.

Таксама не дапускаецца ўключэнне ў дагавор мікрапазыкі ўмоў аб збіранні мікрафінансавай арганізацыяй з пазычальніка павышаных працэнтаў за карыстанне мікрапазыкай у выпадку невыканання (неналежнага выканання) абавязацельстваў па дагаворы мікрапазыкі.

Зменены падыходы да фарміравання статутнага фонду ламбарда (ён павінен быць сфарміраваны шляхам унясення грашовых сродкаў у памеры не менш за мiнiмальны памер статутнага фонду, устаноўлены Нацыянальным банкам). Гэта дазволіць палепшыць фінансавае становішча ламбардаў і павысіць узровень адказнасці іх заснавальнікаў.

Пры гэтым пашыраны пералік відаў дзейнасці, якія маюць права ажыццяўляць ламбарды (прадастаўляць мікрапазыкі грамадзянам пад заклад транспартных сродкаў без абавязку перадачы прадмета закладу (транспартнага сродку) ламбарду, ажыццяўляць камісійны гандаль, захоўванне рэчаў і іх набыццё з мэтай рэалізацыі).

У выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі паміж пазычальнікам і пазыкадаўцам да звароту ў суд або Нацыянальны банк абавязковай умовай выступае прад'яўленне бакамі спрэчкі прэтэнзіі – пісьмовай прапановы аб добраахвотным урэгуляванні спрэчкі, якая ўзнікла.

Таксама ўстаноўлены патрабаванні да рэкламы дзейнасці па прадастаўленні (прыцягненні) пазык і мікрапазык. Рэклама павінна змяшчаць поўную і дакладную інфармацыю аб рэкламадаўцах і дзейнасці, якую яны рэкламуюць. Гэтае патрабаванне распаўсюджваецца як на арганізацыі, уключаныя ў рэестр мікрафінансавых арганізацый, так і на любыя суб'екты, якія прадастаўляюць грашовыя сродкі ў пазыку.

У адпаведнасці з новаўвядзеннямі членамі спажывецкіх кааператываў фінансавай узаемадапамогі (для атрымання фінансавання сваёй дзейнасці) могуць стаць фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, віды дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх выплачваецца адзіны падатак, а таксама суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Прадастаўляць мікрапазыкі пад заклад рухомай маёмасці могуць дзяржаўныя юрыдычныя асобы, якія не з'яўляюцца мікрафінансавымі арганізацыямі, аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву і зарэгістраваны ў сельскай мясцовасці, а таксама юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць скупку каштоўных металаў і камянёў для папаўнення Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь. Для ажыццяўлення такой дзейнасці названыя юрыдычныя асобы павінны накіраваць у Нацыянальны банк паведамленне аб намеры ажыццяўляць мікрафінансавую дзейнасць і з дня інфармавання Нацыянальным банкам аб атрыманні такога паведамлення маюць права яе ажыццяўляць.

З 27 красавіка 2020 г. некамерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі, створаныя ў арганізацыйна-прававой форме фонду, страцілі права рэгулярна даваць мікрапазыкі. Пры гэтым суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія раней былі пазычальнікамі фондаў, могуць атрымліваць мікрапазыкі ад спажывецкіх кааператываў фінансавай узаемадапамогі.

Акрамя таго, для выключэння асобных нядобрасумленных практык прадастаўлення грашовых сродкаў абмяжоўваецца спектр рэчаў, якія могуць быць прадметам лізінгу па дагаворах зваротнага лізінгу, што заключаюцца з фізічнымі асобамі. З 27 красавіка 2020 г. прадметам зваротнага лізінгу могуць выступаць толькі транспартныя сродкі і жылыя памяшканні. Раней нараканні выклікалі здзелкі па прадастаўленні грамадзянам грашовых сродкаў пад высокія працэнты, што афармляюцца ў выглядзе зваротнага лізінгу мабільных тэлефонаў і камп'ютарнай тэхнікі.

Пытанні, якія часта задаюць

У адпаведнасці з Указам № 394 пад дагаворам мікрапазыкі разумеецца від дагавора пазыкі, па ўмовах якога адзін бок (пазыкадаўца) перадае ва ўласнасць другому боку (пазычальніку) грашовыя сродкі ў суме, якая не перавышае 15 000 базавых велічынь на дату заключэння дагавора, а пазычальнік абавязваецца вярнуць пазыкадаўцу гэтую суму з выплатай працэнтаў за фактычны тэрмін карыстання атрыманымі грашовымі сродкамі або без выплаты працэнтаў.

Згодна з пунктам 17 Указа № 394 істотнымі ўмовамі дагавора мікрапазыкі акрамя істотных умоў, устаноўленых у адпаведнасці з заканадаўствам, з'яўляюцца:

  • памер працэнтаў, якія атрымлівае пазыкадаўца ад пазычальніка, у залежнасці ад тэрміну карыстання мікрапазыкай (дзённай (месячнай) працэнтнай стаўкі) і ў гадавым вылічэнні (гадавой працэнтнай стаўкі) (пры збіранні працэнтаў);
  • сума належных пазыкадаўцу працэнтаў і парадак яе вызначэння (пры збіранні працэнтаў);
  • права пазычальніка на датэрміновае вяртанне па ўласнай ініцыятыве мікрапазыкі з пераразлікам сумы належных пазыкадаўцу працэнтаў зыходзячы з фактычнага тэрміну карыстання грашовымі сродкамі (пры збіранні працэнтаў) і парадак датэрміновага вяртання;
  • указанне на наяўнасць у пазычальніка статусу, які дае яму права на зварот па прадастаўленне мікрапазыкі, на працягу не менш за адзін каляндарны месяц да дня звароту па прадастаўленне мікрапазыкі, а таксама на мэту прадастаўлення мікрапазыкі з улікам патрабаванняў, прадугледжаных у пунктах 9–12 Палажэння аб парадку ажыццяўлення мікрафінансавай дзейнасці, зацверджанага Указам № 394 (для некамерцыйных мікрафінансавых арганізацый).

У адпаведнасці з пунктам 17 Указа № 394 не дапускаецца ўключэнне ў дагавор мікрапазыкі ўмоў:

  • аб збіранні мікрафінансавай арганізацыяй з пазычальніка павышаных працэнтаў за карыстанне мікрапазыкай у выпадку невыканання (неналежнага выканання) абавязацельстваў па дагаворы мікрапазыкі;
  • аб збіранні мікрафінансавай арганізацыяй з пазычальніка якіх-небудзь дадатковых плацяжоў (камісійных і іншых) за карыстанне мікрапазыкай;
  • аб выплаце працэнтаў у дзень прадастаўлення грашовых сродкаў (заключэння дагавора мікрапазыкі), за выключэннем выпадку, калі дзень прадастаўлення мікрапазыкі супадае з днём яе вяртання;
  • аб павелічэнні мікрафінансавай арганізацыяй у аднабаковым парадку памеру працэнтаў, якія атрымлівае пазыкадаўца ад пазычальніка, у залежнасці ад тэрміну карыстання мікрапазыкай (дзённай (месячнай) працэнтнай стаўкі), у гадавым вылічэнні (гадавой працэнтнай стаўкі), памеру няўстойкі (штрафу, пеняў) па дагаворы і (або) аб змяненні тэрміну дзеяння дагавора;
  • аб прымяненні да пазычальніка няўстойкi (штрафу, пеняў) за датэрміновае вяртанне мікрапазыкі (часткі мікрапазыкі).

Пры гэтым сума належных мікрафінансавай арганізацыі працэнтаў, якія збіраюцца па дагаворы мікрапазыкі, не можа перавышаць двухкратнай сумы мікрапазыкі, прадастаўленай мікрафінансавай арганізацыяй (пункт 19 Указа № 394), а сума няўстойкi (штрафу, пеняў) па дагаворы мікрапазыкі не можа перавышаць палову сумы мікрапазыкі, прадастаўленай мікрафінансавай арганізацыяй пазычальніку (пункт 20 Указа № 394).

У адпаведнасці з пунктам 16 Палажэння аб парадку ажыццяўлення мікрафінансавай дзейнасці, зацверджанага Указам № 394, мікрапазыка прадастаўляецца на аснове дагавора мікрапазыкі. Пры гэтым пад дагаворам мікрапазыкі разумеецца від дагавора пазыкі, па ўмовах якога адзін бок (пазыкадаўца) перадае ва ўласнасць другому боку (пазычальніку) грашовыя сродкі ў суме, якая не перавышае 15 000 базавых велічынь на дату заключэння дагавора, а пазычальнік абавязуецца вярнуць пазыкадаўцу гэтую суму з выплатай працэнтаў за фактычны тэрмін карыстання атрыманымі грашовымі сродкамі або без выплаты працэнтаў.

На аснове выкладзенага беспрацэнтная пазыка ў суме, якая не перавышае 15 000 базавых велічынь, адносіцца да мікрапазыкі.

У адпаведнасці з пунктам 2 Указа № 394 з 27 красавіка 2020 г. мікрафінансавую дзейнасць маюць права ажыццяўляць:

  • камерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі – юрыдычныя асобы, якія зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь у форме гаспадарчага таварыства альбо ўнітарнага прадпрыемства і ажыццяўляюць мікрафінансавую дзейнасць у форме прадастаўлення мікрапазык пад заклад рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання (ламбарды);
  • некамерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі – юрыдычныя асобы, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь у арганізацыйна-прававой форме спажывецкага кааператыва (спажывецкі кааператыў фінансавай узаемадапамогі, таварыства ўзаемнага фінансавання суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, спажывецкі кааператыў другога ўзроўню);
  • дзяржаўныя юрыдычныя асобы, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву і зарэгістраваны ў сельскай мясцовасці, а таксама юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць скупку каштоўных металаў і камянёў для папаўнення Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь.

У адпаведнасці з пунктам 6 Указа № 394 мікрафінансавая дзейнасць, якая ажыццяўляецца юрыдычнымі асобамі, не названымі ў пункце 2 Указа № 394, і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, з'яўляецца незаконнай і забараняецца.

У адпаведнасці з пунктам 7 Указа № 394 яго дзеянне не распаўсюджваецца на пазыкі (незалежна ад сумы грашовых сродкаў) паміж фізічнымі асобамі, якія не выступаюць пры заключэнні гэтых здзелак у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама на дзейнасць:

  • Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў;
  • Беларускага інавацыйнага фонду;
  • устаноў фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў;
  • банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый;
  • юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў па прадастаўленні мікрапазык асобам, якiя знаходзяцца з імі ў працоўных адносінах;
  • прафесійных саюзаў, аб'яднанняў прафесійных саюзаў і іх арганізацыйных структур па акумуляванні грашовых сродкаў сваіх членаў і сродкаў з іншых крыніц з мэтай аказання сваім членам фінансавай дапамогі ў форме мікрапазык без збірання працэнтаў за карыстанне імі;
  • юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў па прыцягненні грашовых сродкаў з дапамогай стварэння і размяшчэння ўласных такенаў у адпаведнасці з заканадаўствам;

у іншых выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі.

Грамадзяне па атрыманне грашовых сродкаў у пазыку могуць звярнуцца ў камерцыйную мікрафінансавую арганізацыю – ламбард, які прадастаўляе мікрапазыкі пад заклад рухомай маёмасці (без абавязку ўказання мэты атрымання мікрапазыкі).

З 27 красавіка 2020 г. прадастаўляць мікрапазыкі пад заклад рухомай маёмасці могуць дзяржаўныя юрыдычныя асобы, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву і зарэгістраваны ў сельскай мясцовасці, а таксама юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць скупку каштоўных металаў і камянёў для папаўнення Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, пасля накіравання ў Нацыянальны банк паведамлення аб намеры ажыццяўляць мікрафінансавую дзейнасць.

Фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць, дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, віды дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх фізічныя асобы, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, выплачваюць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, па атрыманне грашовых сродкаў у пазыку могуць звярнуцца ў некамерцыйную мікрафінансавую арганізацыю, створаную ў форме спажывецкага кааператыва фінансавай узаемадапамогі.

Фізічныя асобы, якія з'яўляюцца ўласнікамі маёмасці, заснавальнікамі (удзельнікамі) камерцыйных арганізацый, па атрыманне грашовых сродкаў у пазыку могуць звярнуцца ў некамерцыйную мікрафінансавую арганізацыю, створаную ў форме спажывецкага кааператыва фінансавай узаемадапамогі.

Суб'екты малога і (або) сярэдняга прадпрымальніцтва (уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў) па атрыманне грашовых сродкаў у пазыку могуць звярнуцца ў некамерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі, створаныя ў форме спажывецкага кааператыва фінансавай узаемадапамогі або ў форме таварыства ўзаемнага фінансавання.

Мікрапазыкі спажывецкімі кааператывамі фінансавай узаемадапамогі і таварыствамі ўзаемнага фінансавання могуць быць прадастаўлены толькі на мэты ажыццяўлення вышэйзгаданых відаў дзейнасці і (або) прадпрымальніцкай дзейнасці.

Спіс ламбардаў і спажывецкіх кааператываў фінансавай узаемадапамогі, уключаных у рэестр мікрафінансавых арганізацый, размешчаны на сайце Нацыянальнага банка (www.nbrb.by/finsector/microfinance/register). Таварыствы ўзаемнага фінансавання на дадзены момант у названым рэестры адсутнічаюць.

З улікам меркаванняў дзяржаўных органаў, якія рэгулююць праваадносіны пры ажыццяўленні рамеснай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці, пры ажыццяўленні якой фізічныя асобы, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, а таксама аналізу заканадаўства Рэспублікі Беларусь дакументамі, якія пацвярджаюць у адпаведнасці з пунктам 9 Указа № 394 адпаведны статус пазычальніка, могуць з'яўляцца:

  • у дачыненні да фізічных асоб, якія з'яўляюцца ўласнікамі маёмасці, заснавальнікамі (удзельнікамі) камерцыйных арганізацый, – засведчаная копія статута арганізацыі з пералікам заснавальнікаў або выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;
  • у дачыненні да ажыццяўлення рамеснай дзейнасці – квітанцыя аб аплаце рамеснага збору альбо яе копія. Пры гэтым фізічная асоба, якая ажыццяўляе рамесную дзейнасць, абавязана стаяць на падатковым уліку ў падатковым органе;
  • у дачыненні да дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму – квітанцыя аб аплаце збору за аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму. Пры гэтым фізічная асоба – суб'ект аграэкатурызму абавязана стаяць на падатковым уліку ў падатковым органе. Пацвярджальнымі дакументамі для фізічных асоб – членаў сям'і фізічнай асобы, якая з'яўляецца суб'ектам аграэкатурызму, могуць быць дадаткова прадстаўленае пасведчанне аб праве ўласнасці фізічнай асобы – суб'екта аграэкатурызму і (або) члена яго сям'і на жылы дом (кватэру ў жылым доме), размешчаны ў сельскай мясцовасці або малых гарадскіх паселішчах, і дакументы, якія пацвярджаюць сумеснае пражыванне з асобай, якой належыць жылы дом або кватэра ў жылым доме (для фізічных асоб, якія не з'яўляюцца ўладальнікамі адпаведнага жылога дома або кватэры ў жылым доме (напрыклад, пашпарт або даведка аб складзе сям'і);
  • у дачыненні да дзейнасці па ажыццяўленні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі – праваўстанаўліваючыя дакументы (іх копіі) на зямельны ўчастак з указаннем на тое, што зямельны ўчастак прадастаўлены для мэт будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, агародніцтва, касьбы і выпасу сельскагаспадарчых жывёл у выглядзе службовага зямельнага надзела, а таксама дакументы (іх копіі), якія пацвярджаюць сумеснае пражыванне з асобай, якой прадастаўлены зямельны ўчастак для мэт вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі (для фізічных асоб, якія не з'яўляюцца ўладальнікамі адпаведнага зямельнага ўчастка (напрыклад, пашпарт або даведка аб складзе сям'і (іх копіі). Акрамя таго, пацвярджальнымі дакументамі могуць з'яўляцца адпаведныя выпіскі з пагаспадарчых кніг.

Даведка, якая пацвярджае, што прадукцыя выраблена фізічнай асобай і (або) асобамі, якія знаходзяцца з ёй у адносінах блізкага сваяцтва (бацькі (усынавіцелі), дзеці (у тым лiку ўсыноўленыя, удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, прадзед, прабабка, праўнукі, муж і жонка), апекуна, папячыцеля i падапечнага, на зямельным участку, што знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і прадастаўлены названым асобам для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома і вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, калектыўнага садаводства, дачнага будаўніцтва, агародніцтва ў выглядзе службовага зямельнага надзела, можа быць выкарыстана ў якасці дакумента, які сведчыць аб ажыццяўленні фізічнай асобай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на прадастаўленым ёй зямельным участку акрамя выпадкаў, калі зямельны ўчастак быў прадастаўлены для ажыццяўлення калектыўнага садаводства, дачнага будаўніцтва.

Улічваючы аналіз заканадаўства, да вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі могуць быць аднесены таксама вышэйназваныя асобы, якія знаходзяцца ў блізкім сваяцтве з асобай, якой зямельны ўчастак прадастаўлены на адпаведныя мэты;

у дачыненні да дзейнасці, пры ажыццяўленні якой фізічныя асобы, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, выплачваюць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, – дакумент, які пацвярджае выплату адпаведнага падатку за бягучы перыяд.

Названыя праваадносіны рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей – ГК), растлумачэнне норм якога не ўваходзіць у кампетэнцыю Нацыянальнага банка. Пры гэтым выказваем пазіцыю Нацыянальнага банка па гэтым пытанні, узгодненую з Міністэрствам фінансаў.

Згодна з часткай пятай пункта 5 артыкула 339 ГК у выпадку, калі сума, выручаная пры рэалізацыі рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання, перададзенай пазычальнікам (залогадавальнікам) ламбарду у забеспячэнне выканання абавязацельстваў пазычальніка па дагаворы мікрапазыкі, перавышае памер забяспечанага закладам патрабавання ламбарда, розніца паміж выручанай ад рэалізацыі сумай і памерам патрабавання без выліку выдаткаў вяртаецца залогадавальніку.

У адпаведнасці з часткай чацвёртай пункта 5 артыкула 339 ГК асаблівасці ажыццяўлення ламбардам аперацый з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі, у тым ліку асаблівасці рэалізацыі каштоўных металаў і каштоўных камянёў, не запатрабаваных з ламбарда, устанаўлiваюцца заканадаўствам у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымі камянямі.

У прыватнасці, асаблівасці ажыццяўлення ламбардам аперацый з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі ўстаноўлены Інструкцыяй аб асаблівасцях ажыццяўлення ламбардамі аперацый з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі, зацверджанай пастановай Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2014 г. № 77.

Названая Інструкцыя не ўтрымлівае палажэнняў, якія рэгулююць пытанні, звязаныя з вяртаннем залогадавальніку розніцы паміж сумай, выручанай ад рэалізацыі каштоўных металаў і каштоўных камянёў, і памерам патрабавання, калі сума, выручаная пры рэалізацыі такой маёмасці, перавышае памер забяспечанага закладам патрабавання.

Праваадносіны з удзелам ламбарда і пазычальніка ў частцы вяртання апошняму розніцы ад рэалізацыі закладзенай і нявыкупленай маёмасці ўзнікаюць на этапе, наступным за момантам рэалізацыі рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання, і ўрэгуляваны ў частцы пятай пункта 5 артыкула 339 ГК.

Улічваючы выкладзенае, гэтая норма распаўсюджваецца на любы від закладзенай рухомай маёмасці. Адпаведна, пасля рэалізацыі вырабаў з каштоўных металаў і каштоўных камянёў ламбард абавязаны вярнуць пазычальніку (залогадавальніку) розніцу, якая ўтварылася паміж сумай, выручанай ад рэалізацыі каштоўных металаў і каштоўных камянёў, і памерам патрабавання ламбарда да пазычальніка.

Нацыянальным банкам па гэтым пытанні атрымана меркаванне Міністэрства фінансаў, якое лічыць мэтазгодным кіравацца пунктам 1 артыкула 121 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім момант фактычнай рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў вызначаецца як прыпадаючы на справаздачны перыяд дзень адгрузкі тавараў (выканання работ, аказання паслуг), перадачы маёмасных правоў незалежна ад даты правядзення разлікаў па іх.

Пунктам 4 Указа № 394 вызначана, што грашовыя сродкі незалежна ад сумы могуць быць атрыманы ў пазыку (прыцягнуты) ад фізічных асоб, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, шляхам заключэння дагавора пазыкі, іншага дагавора, які прадугледжвае аналагічныя ўмовы перадачы ва ўласнасць грашовых сродкаў:

  • камерцыйнымі мікрафінансавымі арганізацыямі – ад фізічных асоб, якія з'яўляюцца ўласнікамі маёмасці, заснавальнікамі (удзельнікамі) такіх арганізацый;
  • некамерцыйнымі мікрафінансавымі арганізацыямі – ад сваіх членаў, якія з'яўляюцца заснавальнікамі, а пры адпаведнасці крытэрыям, устаноўленым Нацыянальным банкам, – ад іншых сваіх членаў;
  • іншымі камерцыйнымі і некамерцыйнымі арганізацыямі – ад фізічных асоб, якія з'яўляюцца ўласнікамі маёмасці, заснавальнікамі (удзельнікамі), членамі такіх арганізацый, а ад іншых фізічных асоб (адной або некалькіх) – не больш за два разы на працягу каляндарнага месяца;
  • індывідуальнымі прадпрымальнікамі – ад фізічных асоб (адной або некалькіх) не больш за два разы на працягу каляндарнага месяца.

У адпаведнасці з пунктам 6 Указа № 394 дзейнасць па атрыманні (прыцягненні) у парушэнне патрабаванняў Указа № 394 грашовых сродкаў ад фізічных асоб, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, з'яўляецца незаконнай і забараняецца.

Дзеянне Указа № 394 не распаўсюджваецца на пазыкі (незалежна ад сумы грашовых сродкаў) паміж фізічнымі асобамі, якія не выступаюць пры заключэнні дадзеных здзелак у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў (пункт 7). Такім чынам, пры кваліфікацыі дзейнасці фізічных асоб як дзейнасці па прадастаўленні пазык іншым фізічным асобам варта кіравацца агульнымі нормамі ГК.

Артыкулам 1 ГК вызначана, што пад прадпрымальніцкай дзейнасцю разумеецца самастойная дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб, якая ажыццяўляецца імі ў грамадзянскім абароце ад свайго імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць і накіравана на сістэматычнае атрыманне прыбытку ад карыстання маёмасцю, продажу рэчаў, вырабленых, перапрацаваных або набытых названымі асобамі для продажу, а таксама ад выканання работ або аказання паслуг, калі гэтыя работы або паслугі прызначаюцца для рэалізацыі іншым асобам і не выкарыстоўваюцца для ўласнага спажывання.

Гэтым жа артыкулам вызначаны закрыты пералік відаў дзейнасці, якія да прадпрымальніцкай дзейнасці не адносяцца. Прадастаўленне грашовых пазык фізічнай асобай іншым фізічным асобам на платнай аснове ў гэты пералік не ўваходзіць.

Такім чынам, калі дзейнасць фізічнай асобы па прадастаўленні грашовых пазык фізічным асобам ажыццяўляецца на платнай аснове, ад свайго імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць, пры гэтым у дзеяннях фізічнай асобы прысутнічае накіраванасць на сістэматычнае атрыманне прыбытку, такая дзейнасць змяшчае прыметы прадпрымальніцкай, значыць, павінна ажыццяўляцца ў рамках прадпрымальніцкай дзейнасці (па растлумачэнні Міністэрства па падатках і зборах).

ГК прадугледжана, што ўласніку належаць правы валодання, карыстання і распараджэння сваёй маёмасцю. Уласнік мае права па сваім меркаванні здзяйсняць у дачыненні да маёмасці, што яму належыць, любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, грамадскай карысці і бяспецы, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, гісторыка-культурным каштоўнасцям і не ўшчамляюць правоў і абараняемых законам інтарэсаў іншых асоб, у тым ліку адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць іншым асобам, перадаваць ім, застаючыся ўласнікам, правы валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, аддаваць маёмасць у заклад і абцяжарваць яе іншымі спосабамі, а таксама распараджацца ёй iншым чынам (артыкул 210 ГК).

Разам з тым часткамі першай і другой пункта 8 Указа № 394 вызначаны пералік відаў дзейнасці, якія маюць права ажыццяўляць камерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі (ламбарды): мікрафінансавая дзейнасць, захоўванне рухомай маёмасці, набыццё рухомай маёмасці з мэтай яе рэалізацыі, камісійны гандаль.

Ажыццяўленне камерцыйнай мікрафінансавай арганізацыяй дзейнасці, не вызначанай у частках першай і другой пункта 8 Указа № 394, з'яўляецца незаконным і забараняецца.

Улічваючы выкладзенае, прымаючы да ўвагі выплатны характар дагавора арэнды, а таксама палажэнні часткі другой артыкула 1 ГК, мяркуем дапушчальным заключэнне ламбардамі дагавораў арэнды ў дачыненні да маёмасці, якая належыць гэтай юрыдычнай асобе на праве ўласнасці, пры ўмове, што здзелкі носяць разавы, а не сістэматычны характар.

Акрамя таго, здача ў арэнду камерцыйнай мікрафінансавай арганізацыяй (ламбардам) маёмасці, набытай для гэтых мэтаў, будзе супярэчыць патрабаванням пункта 8 Указа № 394.

Арандатар са згоды арэндадаўца мае права здаваць арандаваную маёмасць у субарэнду (паднаём) (пункт 2 артыкула 586 ГК). Да дагавораў субарэнды прымяняюцца правілы аб дагаворах арэнды, калі іншае не ўстаноўлена ГК і іншымі актамі заканадаўства.

Разам з тым часткамі першай і другой пункта 8 Указа № 394 вызначаны пералік відаў дзейнасці, якія маюць права ажыццяўляць камерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі (ламбарды): мікрафінансавая дзейнасць, захоўванне рухомай маёмасці, набыццё рухомай маёмасці з мэтай яе рэалізацыі, камісійны гандаль.

Улічваючы выкладзенае, прымаючы да ўвагі выплатны характар дагавора субарэнды, а таксама палажэнні часткі другой артыкула 1 ГК, мяркуем, што здача ў субарэнду камерцыйнай мікрафінансавай арганізацыяй часткі памяшкання ламбарда іншай асобе магчыма, калі такая перадача не забаронена ўласнікам аб'ектаў па дагаворы арэнды або заканадаўствам, а таксама пры ўмове, што дзеянні па заключэнні такой здзелкі носяць разавы, а не сістэматычны характар.

Нацыянальны банк не надзелены паўнамоцтвамі па рэгуляванні гэтай дзейнасцi i кантролі за яе ажыццяўленнем. Пытанні рэгулявання гандлю ўваходзяць у кампетэнцыю Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а пытанні дзяржаўнага рэгулявання і кантролю ў сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі – у кампетэнцыю Міністэрства фінансаў. З улікам пазіцыі названых дзяржаўных органаў паведамляем наступнае.

Падпунктам 3.2 пункта 3 артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2014 г. № 128-З "Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь" і падпунктам 1.2 пункта 1 пастановы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2019 г. № 56 "Аб класіфікацыі форм рознічнага гандлю" вызначана, што камісійны гандаль з'яўляецца формай рознічнага гандлю.

У адпаведнасці з Палажэннем аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 г. № 450 (далей – Палажэнне аб ліцэнзаванні), дзейнасць, звязаная з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі, падлягае ліцэнзаванню па састаўляючых работах і паслугах, названых у пункце 15 дадатку 1 да Палажэння аб ліцэнзаванні, у тым ліку рознічны гандаль каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі, прыём ад насельніцтва каштоўных металаў і каштоўных камянёў па дагаворах камісіі.

Такім чынам, для ажыццяўлення камісійнага гандлю каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі мікрафінансавая арганізацыя павінна атрымаць у Міністэрстве фінансаў у парадку, устаноўленым Палажэннем аб ліцэнзаванні, спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на дзейнасць, звязаную з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі, па састаўляючых работах (паслугах) – рознічны гандаль каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі і прыём ад насельніцтва каштоўных металаў і каштоўных камянёў па дагаворах камісіі.

Прыём каштоўных металаў і каштоўных камянёў на камісію і іх продаж рэгулююцца Правіламі камісійнага гандлю нехарчовымі таварамі, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2007 г. № 744, у прыватнасці пунктамі 12, 16 і 31 названых Правілаў.

Дадаткова інфармуем, што, па інфармацыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь" суб'екты гандлю абавязаны прадстаўляць звесткі для ўключэння ў Гандлёвы рэестр Рэспублікі Беларусь, унясення змяненняў і дапаўненняў ў звесткі, унесеныя ў названы рэестр, выключэння ўнесеных у яго звестак.

Нацыянальны банк не надзелены паўнамоцтвамі па рэгуляванні гэтай дзейнасцi i кантролі за яе ажыццяўленнем. Мяркуем, што набыццё рухомай маёмасці з мэтай яе рэалізацыі ад свайго імя ажыццяўляецца з улікам норм, прадугледжаных главой 30 ГК, гэта значыць афармляецца дагаворам куплі-продажу.

Згодна з артыкулам 424 ГК па дагаворы куплі-продажу адзін бок (прадавец) абавязваецца перадаць маёмасць (рэч, тавар) ва ўласнасць, гаспадарчае распараджэнне, аператыўнае кіраванне другому боку (пакупніку), а пакупнік абавязваецца прыняць гэту маёмасць і выплаціць за яе пэўную грашовую суму (цану).

Пунктам 8 Палажэння аб парадку ажыццяўлення мікрафінансавай дзейнасці, зацверджанага Указам № 394 (далей – Палажэнне), устаноўлена, што акрамя мікрафінансавай дзейнасці камерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі маюць права ажыццяўляць у адпаведнасці з заканадаўствам набыццё рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання, з мэтай яе рэалізацыі ад свайго імя, за выключэннем прынятага ў заклад у якасці забеспячэння выканання абавязацельстваў пазычальніка па дагаворы мікрапазыкі.

Пры гэтым пунктам 3 Палажэння прадугледжана, што асаблівасці ажыццяўлення камерцыйнымі мікрафінансавымі арганізацыямі аперацый з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі ўстанаўлiваюцца заканадаўствам у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымі камянямі. Пры гэтым пытанні кантролю за выкананнем заканадаўства ў сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі ўваходзяць у кампетэнцыю Міністэрства фінансаў.

З улікам атрыманай пазіцыі названага міністэрства інфармуем, што артыкулам 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 чэрвеня 2002 г. № 110-З "Аб каштоўных металах і каштоўных камянях" вызначана, што каштоўныя металы і каштоўныя камяні, скупленыя арганізацыямі, якія ажыццяўляюць скупку ў грамадзян каштоўных металаў і каштоўных камянёў у вырабах i ломе, як і каштоўнасці, не запатрабаваныя з ламбардаў, з'яўляюцца крыніцамі фарміравання Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь.

Пры гэтым дзейнасць па скупцы каштоўных металаў і каштоўных камянёў у вырабах i ломе, за выключэннем скупкі названых каштоўнасцей для выкарыстання ва ўласнай вытворчасці ювелірных вырабаў (далей – скупка каштоўнасцей), аднесена да відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх распаўсюджваецца права дзяржавы, што прадугледжана падпунктам 1.20 пункта 1 артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2010 г. № 169-З "Аб аб'ектах, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, і відах дзейнасці, на ажыццяўленне якіх распаўсюджваецца права дзяржавы" (далей – Закон аб аб'ектах). У гэтай сувязі скупка каштоўнасцей можа ажыццяўляцца ад імя дзяржавы толькі ўпаўнаважанымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі.

У адпаведнасці з пунктам 3 Закона аб аб'ектах рэалізацыя выключнага права дзяржавы на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці можа ажыццяўляцца недзяржаўнымі арганізацыямі, фізічнымі асобамі на аснове актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь вызначаюцца ўмовы і парадак прадастаўлення права на рэалізацыю і рэалізацыі недзяржаўнымі арганізацыямі, фізічнымі асобамі выключнага права дзяржавы на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці.

Ва Указе № 394 адсутнічае норма, якая дазваляе недзяржаўным арганізацыям рэалізаваць выключнае права дзяржавы на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці, да якіх адносіцца скупка каштоўнасцей, адпаведна, не вызначаны ўмовы і парадак прадастаўлення права на рэалізацыю і рэалізацыі недзяржаўнымі арганізацыямі выключнага права дзяржавы на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці.

З 27 красавіка 2020 г. камерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі маюць права ажыццяўляць такі від дзейнасці, як захоўванне рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання, за выключэннем прынятай у заклад у якасці забеспячэння выканання абавязацельстваў пазычальніка па дагаворы мікрапазыкі.

Заўвага: у дачыненні да маёмасці, прынятай ў заклад у якасці забеспячэння выканання абавязацельстваў пазычальніка па дагаворы мікрапазыкі, дагавор захоўвання не заключаецца. Забеспячэнне захаванасці такой маёмасці уваходзіць у абавязак камерцыйных мікрафінансавых арганізацый зыходзячы з норм грамадзянскага заканадаўства.

Захоўванне рухомай маёмасці, у тым ліку каштоўных металаў і каштоўных камянёў, ажыццяўляецца з улікам норм, прадугледжаных главой 47 ГК.

Так, па дагаворы захоўвання адзін бок (захавальнік) абавязваецца захоўваць рэч, перададзеную яму іншым бокам (паклажадаўцам), і вярнуць гэтую рэч у захаванасці (пункт 1 артыкула 776 ГК). Захавальнік абавязаны захоўваць рэч на працягу абумоўленага дагаворам захоўвання тэрміну (пункт 1 артыкула 779 ГК). Па заканчэнні абумоўленага тэрміну захоўвання або тэрміну, прадастаўленага захавальнікам для зваротнага атрымання рэчы на аснове пункта 3 артыкула 779 ГК, паклажадаўца абавязаны неадкладна забраць перададзеную на захоўванне рэч (пункт 1 артыкула 789 ГК).

Пры невыкананні паклажадаўцам свайго абавязку ўзяць назад рэч, перададзеную на захоўванне, у тым ліку пры яго ўхіленні ад атрымання рэчы, захавальнік мае права, калi iншае не прадугледжана дагаворам, пасля пісьмовага папярэджання паклажадаўца самастойна прадаць рэч па цане, якая склалася ў месцы захоўвання, а калі такая цана перавышае ў сто разоў устаноўлены заканадаўствам памер базавай велічыні, – прадаць яе з аўкцыёну ў парадку, прадугледжаным артыкуламі 417–419 ГК. Сума, выручаная ад продажу рэчы, перадаецца паклажадаўцу за вылікам сум, якія належаць захавальніку, у тым ліку яго расходаў на продаж рэчы (пункт 2 артыкула 789 ГК).

Пры невыкананні паклажадаўцам свайго абавязку ўзяць назад рэч з каштоўных металаў і каштоўных камянёў звяртаем увагу на наступнае.

У адпаведнасці з артыкулам 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 чэрвеня 2002 г. № 110-З "Аб каштоўных металах і каштоўных камянях" не запатрабаваныя з ламбардаў каштоўныя металы і каштоўныя камяні з'яўляюцца адной з крыніц фарміравання Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь.

Пры гэтым згодна з пунктам 10 Палажэння аб Дзяржаўным фондзе каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 красавiка 2006 г. № 260, для папаўнення названага фонду Міністэрству фінансаў прадастаўляецца пераважнае права на набыццё каштоўных металаў і каштоўных камянёў у вырабах i ломе, не запатрабаваных з ламбардаў.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 верасня 2019 г. № 326 "Аб удасканаленні ліцэнзавання", які ўнёс змяненні ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 г. № 450 "Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці", для ажыццяўлення захоўвання каштоўных металаў і каштоўных камянёў з 1 кастрычніка 2019 г. не патрабуецца атрыманне спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі).

Згодна з нормамі пункта 8 Указа № 394 дагаворы мікрапазыкі і пазыкі, заключаныя да ўваходжання ў сілу Указа № 394, у двухмесячны тэрмiн падлягаюць прывядзенню ў адпаведнасць з нормамі Указа № 394. Паколькі дагаворы зваротнага лізінгу не з'яўляюцца дагаворамі пазыкі (мікрапазыкі), то на іх гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца.

Часткай другой пункта 1 артыкула 760 ГК вызначана, што актамі заканадаўства могуць устанаўлівацца асаблівасці прадастаўлення юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі пазык у суме, якая не перавышае 15 000 базавых велічынь на аднаго пазычальніка на дзень заключэння дагавора.

Акрамя таго, артыкулам 764 ГК вызначана, што, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам пазыкі, у выпадках, калі пазычальнік не вяртае ў тэрмін суму пазыкі, на гэтую суму падлягаюць выплаце працэнты ў памеры, прадугледжаным пунктам 1 артыкула 366 ГК, з дня, калі яна павінна была быць вернута, да дня яе вяртання пазыкадаўцу незалежна ад выплаты працэнтаў, прадугледжаных пунктам 1 артыкула 762 ГК.

Пры гэтым Указам № 394, які рэгулюе парадак ажыццяўлення мікрафінансавай дзейнасці, вызначаны асаблівасці ажыццяўлення такой дзейнасці мікрафінансавымі арганізацыямі, у прыватнасці, устаноўлены абмежаванні агульнай сумы абавязацельстваў пазычальніка па дагаворы мікрапазыкі, заключаным з мікрафінансавай арганізацыяй.

Так, у адпаведнасці з пунктам 21 Указа № 394 сума абавязацельстваў пазычальніка перад мікрафінансавай арганізацыяй складаецца з:

  • сумы прадастаўленай мікрапазыкі;
  • сумы працэнтаў за карыстанне мікрапазыкай, якая вылічваецца за перыяд фактычнага яе выкарыстання ў адпаведнасці з памерам працэнтнай стаўкі па мікрапазыцы, устаноўленым дагаворам мікрапазыкі, калі дагаворам не прадугледжаны больш кароткі (ільготны) перыяд;
  • сумы няўстойкі (штрафу, пеняў) па дагаворы мікрапазыкі (пры наяўнасці).

Такім чынам, налічэнне працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі як на суму пратэрмінаванай запазычанасці па асноўным доўгу, так і на суму пратэрмінаванай запазычанасці па працэнтах за карыстанне грашовымі сродкамі ў рамках дагавора мікрапазыкі будзе з'яўляцца неправамерным.