Гласарый тэрмінаў у галіне мікрафінансавай дзейнасці

Тэрміны, якія выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні мікрафінансавай дзейнасці:

мікрафінансавыя арганізацыі – юрыдычныя асобы, якія ўключаны Нацыянальным банкам у рэестр мікрафінансавых арганізацый і ажыццяўляюць мікрафінансавую дзейнасць;

мікрафінансавая дзейнасць – дзейнасць па прадастаўленні трох і больш пазык на працягу каляндарнага месяца аднаму або некалькім пазычальнікам у суме, якая не перавышае 15 000 базавых велічынь на аднаго пазычальніка на дзень заключэння дагавора (мікрапазыка);

мікрапазыка – пазыка ў суме, якая не перавышае 15 000 базавых велічынь на аднаго пазычальніка на дзень заключэння дагавора;

дагавор мікрапазыкі – від дагавора пазыкі, па ўмовах якога адзін бок (пазыкадаўца) перадае ва ўласнасць другому боку (пазычальніку) грашовыя сродкі ў суме, якая не перавышае 15 000 базавых велічынь на дату заключэння дагавора, а пазычальнік абавязуецца вярнуць пазыкадаўцу гэту суму з выплатай працэнтаў за фактычны тэрмін карыстання атрыманымі грашовымі сродкамі або без выплаты працэнтаў;

залогавы білет – спосаб афармлення дагавора аб залогу рэчаў у ламбардзе і спецыялізаванай арганізацыі;

камерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі – мікрафінансавыя арганізацыі, якія з'яўляюцца ламбардамі і зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь у форме гаспадарчага таварыства альбо ўнітарнага прадпрыемства, якія ажыццяўляюць мікрафінансавую дзейнасць у форме прадастаўлення мікрапазык фізічным асобам пад заклад рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання;

некамерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі – мікрафінансавыя арганізацыі, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь у арганізацыйна-прававой форме спажывецкага кааператыва (спажывецкі кааператыў фінансавай узаемадапамогі, таварыства ўзаемнага фінансавання суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, спажывецкі кааператыў другога ўзроўню);

спажывецкі кааператыў фінансавай узаемадапамогі – некамерцыйная мікрафінансавая арганізацыя, створаная фізічнымі асобамі для акумулявання часова свабодных грашовых сродкаў членаў спажывецкага кааператыва і сродкаў з іншых незабароненых крыніц з мэтай аказання членам кааператыва фінансавай дапамогі ў форме прадастаўлення мікрапазык.

Пры гэтым членамі такога кааператыва могуць быць:

фізічныя асобы, якія з'яўляюцца ўласнікамі маёмасці, заснавальнікамі (удзельнікамі) камерцыйных арганізацый;

фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць, дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, віды дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх фізічныя асобы, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, выплачваюць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб;

суб'екты малога і (або) сярэдняга прадпрымальніцтва;

таварыства ўзаемнага фінансавання суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва – некамерцыйная мікрафінансавая арганізацыя, створаная суб'ектамі малога і (або) сярэдняга прадпрымальніцтва для акумулявання часова свабодных грашовых сродкаў членаў спажывецкага кааператыва і сродкаў з іншых незабароненых крыніц з мэтай аказання членам кааператыва фінансавай дапамогі ў форме прадастаўлення мікрапазык на мэты ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Членамі такога кааператыва могуць быць выключна суб'екты малога і (або) сярэдняга прадпрымальніцтва;

спажывецкі кааператыў другога ўзроўню – некамерцыйная мікрафінансавая арганізацыя, створаная спажывецкімі кааператывамі фінансавай узаемадапамогі, таварыствамі ўзаемнага фінансавання суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва для акумулявання часова свабодных грашовых сродкаў членаў гэтага спажывецкага кааператыва з мэтай аказання членам кааператыва часовай фінансавай дапамогі ў форме прадастаўлення пазык, у тым ліку мікрапазык;

спецыялізаваныя арганізацыі – дзяржаўныя юрыдычныя асобы, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву і зарэгістраваныя ў сельскай мясцовасці, а таксама юрыдычныя асобы, якiя ажыццяўляюць скупку каштоўных металаў і камянёў для папаўнення Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь. Названыя юрыдычныя асобы не з'яўляюцца мікрафінансавымі арганізацыямі і маюць права ажыццяўляць мікрафінансавую дзейнасць толькі ў форме прадастаўлення мікрапазык пад залог рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання, з абавязковай перадачай у валоданне прадмета залогу такой юрыдычнай асобе (заклад);

прадмет залогу, залогавая маёмасць – рухомая маёмасць, якая прымаецца ў залог, прызначаная для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання, якая служыць забеспячэннем выканання абавязацельстваў па дагаворы мікрапазыкі ў ламбардзе ці спецыялізаванай арганізацыі;

сума ацэнкі залогу – кошт прадмета залогу, які вызначаецца па пагадненні бакоў і які склаўся на спажывецкім рынку на рэчы такога роду і якасці з улікам тэхнічнага стану і зносу (цэны на каштоўныя металы ўстанаўліваюцца нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства фінансаў);

сума мікрапазыкі – грашовыя сродкі, прадастаўленыя пазычальніку мікрафінансавай арганізацыяй па дагаворы мікрапазыкі, якія пазычальнік абавязаны вярнуць і выплаціць працэнты за карыстанне імі ў памеры i парадку, прадугледжаных дагаворам мікрапазыкі, альбо без выплаты працэнтаў;

працэнты за карыстанне мікрапазыкай – працэнты, якія налічваюцца мікрафінансавай арганізацыяй за кожны дзень карыстання пазычальнікам мікрапазыкай у памеры i парадку, прадугледжаных дагаворам мікрапазыкі;

дзённая (месячная) працэнтная стаўка – памер працэнтаў, што атрымлівае пазыкадаўца з пазычальніка, у залежнасці ад тэрміну карыстання мікрапазыкай, які з'яўляецца адной з істотных умоў дагавора мікрапазыкі (пры збіранні працэнтаў);

гадавая працэнтная стаўка – памер працэнтаў, што атрымлівае пазыкадаўца з пазычальніка за карыстанне мікрапазыкай у гадавым вылічэнні, які з'яўляецца адной з істотных умоў дагавора мікрапазыкі (пры збіранні працэнтаў);

сума абавязацельстваў пазычальніка – грашовыя сродкі, якія ўключаюць суму прадастаўленай мікрапазыкі, суму працэнтаў за карыстанне мікрапазыкай, якая вылічваецца за перыяд фактычнага яе выкарыстання ў адпаведнасці з памерам працэнтнай стаўкі па мікрапазыцы, устаноўленым дагаворам мікрапазыкі, калі дагаворам не прадугледжаны больш кароткі (ільготны) перыяд, і суму няўстойкi (штрафу, пеняў) па дагаворы мікрапазыкі (пры наяўнасці);

перыяд фактычнага карыстання мікрапазыкай – перыяд з даты прадастаўлення мікрапазыкі да даты яе вяртання ўключна або рэалізацыі камерцыйнай мікрафінансавай арганізацыяй ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання, якой забяспечана выкананне абавязацельстваў па дагаворы мікрапазыкі.