Каментарый Праўлення Нацыянальнага банка да рашэння аб захаванні стаўкі рэфінансавання на бягучым узроўні

19 верасня 2018 года Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне захаваць стаўку рэфінансавання і працэнтныя стаўкі па аперацыях рэгулявання ліквіднасці на бягучых узроўнях.

Прымаючы гэта рашэнне, члены Праўлення ўлічвалі прагнозную дынаміку інфляцыі і ўплыў на яе знешніх і ўнутраных фактараў, а таксама неабходнасць падтрымання інфляцыі паблізу ўстаноўленай на 2019–2020 гады мэты ў 5 працэнтаў.

Развіццё беларускай эканомікі адбываецца ва ўмовах пагаршэння знешняй кан'юнктуры. Важным фактарам гэтага выступае сітуацыя ў Расіі, якая складваецца, перш за ўсё праз павелічэнне гандлёвых абмежаванняў і палітыкі санкцый супраць яе. Назіраецца ўзмацненне адтоку капіталу і істотнае паслабленне расійскага рубля, што стане фактарам паскарэння інфляцыйных працэсаў у Расіі.

Павялічылася ступень нявызначанасці ў дачыненні да далейшага развіцця сітуацыі на сусветных фінансавых рынках і геапалітычнай абстаноўкі. Праз эскалацыю гандлёвых войнаў існуюць рызыкі запаволення тэмпаў росту эканомік іншых краін – асноўных гандлёвых партнёраў і ўзмацнення ваганняў на фінансавых рынках.

Рэалізацыя знешніх рызык можа прывесці да ціску на інфляцыю і павысіць інфляцыйныя чаканні ў Беларусі.

Інфляцыя ў Беларусі знаходзіцца на ўзроўні ўстаноўленай на 2019–2020 гады мэты. У жніўні 2018 года прырост спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні склаў 5 працэнтаў і павялічыўся ў параўнанні з папярэднімі месяцамі (4,1 працэнта ў чэрвені і ліпені 2018 года). Фактарам росту агульнага ўзроўню цэн стала павелічэнне адміністратыўна рэгулюемых цэн, у тым ліку тарыфаў на паслугі сувязі, рознічных цэн на паліва і тытунёвыя вырабы.

Базавая інфляцыя ў жніўні 2018 года павялічылася да 3,3 працэнта, галоўным чынам пад уплывам кан'юнктурных фактараў (рост цэн на мяса птушкі і свініну). Да канца года прагназуецца некаторае яе паскарэнне, звязанае як з захаваннем названых кан'юнктурных фактараў, так і з ростам цэн на імпартуемыя тавары і паслугі пад уплывам пагаршэння знешнеэканамічных умоў.

Па выніках 2018 года інфляцыя чакаецца каля 5,5 працэнта, у наступныя гады – паблізу ўстаноўленага мэтавага арыенціра 5 працэнтаў.

Эканамічны рост набліжаецца да раўнаважнага ўзроўню. Эканамічная актыўнасць Беларусі запавольваецца пасля высокіх тэмпаў аднаўленчага росту. Спажывецкі попыт пакуль застаецца дастаткова высокім. У той жа час інтэнсіўнасць росту спажывецкага крэдытавання і рэальных заробкаў запавольваецца.

Надалей тэмп росту эканомікі ацэньваецца блізкім да раўнаважнага і, як вынік, не будзе аказваць на цэны ні паніжальнага, ні павышаючага ўплыву. На адсутнасць значнага інфляцыйнага ўплыву ў будучыні з боку спажывецкай актыўнасці ўказваюць даныя апытання насельніцтва, праведзенага ў жніўні 2018 года, згодна з якімі зніжаецца колькасць рэспандэнтаў, схільных купляць тавары ў крэдыт.

Для стрымлівання інфляцыйнага ціску з боку знешняга сектара і дасягнення мэтавага паказчыка па інфляцыі спатрэбіцца захаванне манетарных умоў, якія склаліся. У III квартале 2018 года манетарныя ўмовы аказваюць дэзынфляцыйны ўплыў, у першую чаргу за кошт дынамікі рэальнага курса беларускага рубля. Назапашанае з пачатку 2018 года ўмацаванне беларускага рубля абумовіла нязначнае адхіленне рэальнага курса беларускага рубля ад сваёй раўнавагі ў бок пераацэненасці. Гэта спрыяе зніжэнню інфляцыйнага ціску з боку цэн на імпартуемыя тавары.

Дынаміка працэнтных ставак на грашовым рынку забяспечвае ўмераны рост крэдытавання эканомікі і падтрыманне грашовай прапановы ў запланаваных параметрах. За жнівень 2018 года прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў гадавым выражэнні склаў 10,8 працэнта. У цэлым працэнтныя стаўкі не прыводзяць ні да зніжэння, ні да паскарэння інфляцыі.

У гэтых умовах захаванне стаўкі рэфінансавання на бягучым узроўні будзе спрыяць знаходжанню інфляцыі ў бліжэйшыя гады на ўзроўні 5 працэнтаў.

Далейшыя рашэнні па змяненні стаўкі рэфінансавання будуць вызначацца прагнозам інфляцыі, а таксама верагоднасцю і велічынёй рэалізацыі інфляцыйных рызык, якія стрымліваюць дасягненне ўстаноўленай мэты.

Наступнае пасяджэнне Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, на якім будзе разглядацца пытанне аб узроўні стаўкі рэфінансавання, запланавана на 19 снежня 2018 года.

Прэс-рэліз