Каментарый Праўлення Нацыянальнага банка да рашэння аб захаванні стаўкі рэфінансавання на бягучым узроўні

19 снежня 2018 года Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне захаваць стаўку рэфінансавання і працэнтныя стаўкі па аперацыях рэгулявання ліквіднасці на бягучых узроўнях.

Прымаючы гэта рашэнне, члены Праўлення ўлічвалі бягучую і прагнозную дынаміку інфляцыі, знешнія і ўнутраныя фактары, якія могуць прывесці да яе ўстойлівага адхілення ад устаноўленай на 2019–2020 гады мэты ў 5 працэнтаў.

Развіццё беларускай эканомікі адбываецца ва ўмовах няўстойлівасці знешняй кан'юнктуры, якая захоўваецца.

Высокая ступень нявызначанасці адносна будучага развіцця сітуацыі на знешніх рынках, у тым ліку асцярогі адносна перспектыў росту сусветнай эканомікі і краін – асноўных гандлёвых партнёраў, фарміруе рызыкі павышэння інфляцыйных чаканняў і ўзмацнення ваганняў курсу беларускага рубля.

Пры гэтым знізілася верагоднасць рэзкага пагаршэння знешніх умоў у кароткатэрміновым перыядзе. Пра гэта сведчыць адносная стабілізацыя сітуацыі ў Расіі, у тым ліку зніжэнне валацільнасці курса расійскага рубля.

Разам з тым пад уплывам карэкціроўкі курса расійскага рубля, якая ўжо адбылася, і прынятага рашэння адносна павышэння ПДВ чакаецца часовае паскарэнне інфляцыйных працэсаў у Расіі ў 2019 годзе.

На фоне павышанага інфляцыйнага фону ў краінах – гандлёвых партнёрах рэалізацыя знешніх рызык можа аказаць негатыўны ўплыў на забеспячэнне стабільнасці цэн у Беларусі.

Паступова запавольваючыся пасля высокіх тэмпаў аднаўленчага росту, эканамічная актыўнасць у Беларусі наблізілася да свайго раўнаважнага ўзроўню і не аказвае значнага інфляцыйнага ўздзеяння.

Спажывецкі попыт усё яшчэ застаецца высокім, але яго рост паступова запавольваецца. Пры гэтым падтрыманне ўзроўню спажывання забяспечваецца дамашнімі гаспадаркамі пераважна за кошт бягучых даходаў. Інтэнсіўнасць росту спажывецкага крэдытавання паменшылася.

У сярэднетэрміновай перспектыве чакаецца нейтральны ўплыў на дынаміку інфляцыйных працэсаў з боку эканамічнай актыўнасці.

Павелічэнне заработнай платы, якое адбылося ў кастрычніку 2018 года, фарміруе рызыкі паскарэння інфляцыі. Разам з тым у далейшым рост заработнай платы чакаецца на ўзроўні, адпаведным павышэнню прадукцыйнасці працы, і, як вынік, не будзе мець працяглага інфляцыйнага эфекту.

Манетарныя ўмовы наблізіліся да нейтральных.

У першую чаргу, гэта звязана з дынамікай рэальнага курса беларускага рубля. На фоне паскарэння росту цэн у краінах – гандлёвых партнёрах паслабленне беларускага рубля ў IV квартале 2018 года прывяло да вяртання рэальнага курса беларускага рубля да свайго раўнаважнага ўзроўню. У выніку дэзынфляцыйны ўплыў з боку абменнага курса вычарпаны.

Працэнтныя стаўкі знаходзяцца на ўзроўнях, якія забяспечваюць падтрыманне грашовай прапановы ў запланаваных параметрах і крэдытавання ў памерах, якія не ствараюць рызыкі для захавання цэнавай стабільнасці. У лістападзе 2018 года прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў гадавым выражэнні склаў 9,3 працэнта, што бліжэй да ніжняй мяжы ўстаноўленага дыяпазону 9–12 працэнтаў.

Інфляцыя ў Беларусі некалькі паскорылася, пераважна за кошт часовых фактараў.

У лістападзе 2018 года гадавы прырост спажывецкіх цэн склаў 5 працэнтаў (4,9 працэнта ў кастрычніку 2018 года) на фоне ўмеранага росту свабодных цэн пры запаволенні тэмпаў росту адміністрацыйна рэгулюемых цэн і тарыфаў.

Базавая інфляцыя ў лістападзе 2018 года павялічылася да 4,1 працэнта. Паскарэнне ў сегменце свабоднага цэнаўтварэння звязана галоўным чынам з уздзеяннем кан'юнктурных фактараў (рост цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю). Чакаецца, што іх неспрыяльны ўплыў на агульны ўзровень цэн будзе паступова зніжацца, пацвярджэннем чаго з'яўляецца запаволенне інтэнсіўнасці росту цэн на тавары гэтай групы, якое назіраецца.

Дадатковым фактарам павелічэння базавай інфляцыі з'яўляецца рост выдаткаў, звязаны з павышэннем цэн на паліва на ўнутраным рынку.

У цэлым ацэнка інфляцыі па выніках 2018 года не змянілася. Прырост спажывецкіх цэн не перавысіць 5,5 працэнта.

У пачатку 2019 года чакаецца некаторае часовае паскарэнне базавай інфляцыі, а таксама росту агульнага ўзроўню цэн у сілу ціску з боку названых фактараў, які працягваецца, і росту цэн на імпартуемыя тавары і паслугі, у першую чаргу тыя, што пастаўляюцца з Расіі.

Умераны інфляцыйны ўплыў таксама праглядаецца з боку інфляцыйных чаканняў насельніцтва, якія некалькі павялічыліся ў канцы 2018 года ў сувязі з неспрыяльнай кан'юнктурай.

Па меры вычарпання гэтых эфектаў прагназуецца паступовае запаволенне тэмпаў росту спажывецкіх цэн.

Часовы характар інфляцыйных фактараў і ўмераная велічыня бягучых рызык дазваляюць захаваць працэнтныя стаўкі ў эканоміцы на бягучым узроўні. Інфляцыя застанецца на траекторыі дасягнення мэты.

Прагназуецца, што ў гэтым выпадку прырост спажывецкіх цэн па выніках 2019–2020 гадоў складзецца блізкім да ўстаноўленага мэтавага арыенціра ў 5 працэнтаў.

Мэтазгоднасць змянення стаўкі рэфінансавання ў далейшым будзе вызначацца дынамікай інфляцыі адносна прагнозу, верагоднасцю і велічынёй рэалізацыі інфляцыйных рызык.

Прэс-рэліз