Рэжым таргеціравання абменнага курса азначае, што цэнтральны банк прывязвае кошт нацыянальнай валюты да курса валюты (кошыка валют) краіны (краін) з нізкім узроўнем інфляцыі, гэта значыць, прамежкавым арыенцірам манетарнай палітыкі з'яўляецца пэўны ўзровень або змяненне абменнага курса. Абапіраючыся на тэорыю адноснага парытэту пакупной здольнасці, гэты рэжым прадугледжвае, што пры фіксацыі абменнага курса інфляцыя ўнутры краіны павінна набліжацца да інфляцыі ў краіне валюты прывязкі.
Ажыццяўленне эмісіі (вывядзенне) нацыянальнай валюты ажыццяўляецца ў абмен на замежную валюту.
Для таго каб эфектыўна выкарыстоўваць гэты рэжым, краіна павінна валодаць істотнымі золатавалютнымі рэзервамі для процідзеяння шокам на валютным рынку.
Рэжым манетарнага таргеціравання ў якасці прамежкавага арыенціра выкарыстоўвае адзін з паказчыкаў грашовай масы. Тэарэтычна абапіраючыся на ўраўненне абмену І.Фішара, гэты рэжым прадугледжвае наяўнасць у краіне цеснай прамой узаемасувязі абранага прамежкавага арыенціра і індэкса спажывецкіх цэн.
Ураўненне Фішара (ураўненне абмену) — ураўненне, якое апісвае суадносіны грашовай масы, хуткасці абарачэння грошай, ўзроўню цэн і аб'ёму вытворчасці прадукцыі.
M*V=P*Q,
дзе:
M — грашовая маса;
V — хуткасць абарачэння грошай;
P — узровень цэн;
Q — аб'ём вытворчасці.
Абгрунтаванне формулы даў амерыканскі эканаміст Ірвінг Фішар у сваёй рабоце "Пакупная сіла грошай" у 1911 годзе. З ураўнення абмену відаць, што здабытак колькасці грошай на хуткасць іх абарачэння ў год павінен быць роўным намінальнаму даходу (гэта значыць намінальнаму кошту набытых тавараў і паслуг).
Эмісія (вывядзенне) нацыянальнай валюты, як правіла, ажыццяўляецца праз інструменты рэфінансавання (вывядзенне ліквіднасці) банкаў. Аб'ёмы эмісіі (вывядзенне) вызначаюцца зыходзячы з неабходнасці дасягнення прамежкавага арыенціра.
Важнай умовай эфектыўнага ажыццяўлення рэжыму манетарнага таргеціравання з'яўляецца наяўнасць гібкага курса нацыянальнай валюты да замежных валют. Гэта дазваляе цэнтральнаму банку засяродзіцца на вырашэнні задачы па кіраванні грашовай прапановай праз інструменты рэфінансавання (вывядзенне) і мінімізаваць уплыў валютнага канала на прамежкавы арыенцір.
Рэжым таргеціравання інфляцыі прадугледжвае, што цэнтральны банк дасягае сваёй канчатковай мэты праз кіраванне інфляцыйнымі чаканнямі. У якасці прамежкавага арыенціра выступае прагноз інфляцыі. Пры ўзнікненні рызыкі адхілення інфляцыі ад аб’яўленага мэтавага арыенціра цэнтральны банк прымяняе інструменты манетарнай палітыкі, каб прывесці яе ў адпаведнасць з мэтавым значэннем.
Асноўнае ўздзеянне манетарнай палітыкі ажыццяўляецца, як правіла, праз канал працэнтнай стаўкі. Адпаведна аб'ёмы эмісіі (вывядзення) вызначаюцца рынкам зыходзячы з заданай цэнтральным банкам цаны грошай.
Прымяненне гэтага рэжыму патрабуе наяўнасці ў краіне комплексу базавых арганізацыйна-прававых і макраэканамічных умоў:
- наяўнасць у грамадстве кансэнсусу па тым, што падтрыманне цэнавай стабільнасці павінна з'яўляцца галоўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі цэнтральнага банка;
- наяўнасць фінансавых інстытутаў і рынкаў, якія дастаткова добра функцыянуюць;
- дасягненне пагаднення з урадам аб колькасным параметры мэты па інфляцыі або незалежнае вызначэнне гэтай мэты цэнтральным банкам;
- адсутнасць фіскальнага дамінавання над манетарнай палітыкай;
- незалежнасць цэнтральнага банка ў выбары інструментаў манетарнай палітыкі;
- празрыстая сістэма цэнаўтварэння;
- наяўнасць цеснай узаемасувязі паміж узроўнем кароткатэрміновай працэнтнай стаўкі на грашовым рынку і інфляцыяй.