Курсавая палітыка Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь

Рэалізацыя курсавой палітыкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў рэжыме кіраванага плаваючага курса.

Курс беларускага рубля не з'яўляецца фіксаваным як у адносінах да асобных замежных валют, так і да кошыка валют, а Нацыянальны банк не ўстанаўлівае якія-небудзь мэты па ўзроўні курса або тэмпах яго змянення. Дынаміка курса беларускага рубля фарміруецца пад уздзеяннем рыначных сіл – суадносін попыту на замежную валюту і яе прапановы на ўнутраным валютным рынку. Зыходзячы з гэтага, змяненне курса можа быць абумоўлена досыць шырокім наборам фактараў, якія ўплываюць на гэтыя суадносіны.

Так, змяненне курса беларускага рубля ў адносінах да асобных замежных валют (напрыклад, да долара ЗША) можа быць выклікана ўздзеяннем не толькі ўнутраных фактараў, але і звязана з дынамікай курсаў на сусветных рынках і эканамічнай сітуацыяй у краінах, у адносінах да валют якіх ён устанаўліваецца. Выкарыстанне гібкага курса выступае ў ролі свайго роду «аўтаматычнага стабілізатара» пры ўздзеянні знешніх шокаў і зніжае ўплыў іх негатыўных вынікаў на эканоміку краіны.

Рэалізацыя курсавой палітыкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у рэжыме кіраванага плавання дапускае правядзенне валютных інтэрвенцый з мэтай згладжвання рэзкіх ваганняў курса ў ходзе таргоў замежнымі валютамі на ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа». Арыенцірам курсавой палітыкі з'яўляецца кошт кошыка замежных валют, які ўключае ў сябе долар ЗША, еўра і расійскі рубель. Механізм прыняцця рашэнняў аб правядзенні Нацыянальным банкам аперацый па куплі і продажы замежнай валюты з'яўляецца фармалізаваным і рэгламентуецца правіламі курсавой палітыкі Нацыянальнага банка.

Правілы курсавой палітыкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь

Правілы курсавой палітыкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца фармалізаваным і рэгламентаваным механізмам прыняцця рашэнняў аб ажыццяўленні Нацыянальным банкам аперацый па куплі або продажы замежнай валюты ў ходзе таргоў на ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа».

Дзеянне правілаў курсавой палітыкі накіравана на:

  • згладжванне дзённых ваганняў кошту кошыка валют;
  • забеспячэнне станоўчага сальда аперацый Нацыянальнага банка (перавышэнне аб'ёмаў куплі замежнай валюты над аб'ёмамі яе продажу) у сярэднетэрміновым перыядзе для папаўнення золатавалютных рэзерваў;
  • абмежаванне дзённых аб'ёмаў інтэрвенцый.

Правілы курсавой палітыкі можна падзяліць на два блокі:

  • асноўныя элементы, якія фарміруюць сістэму калідораў для кошту кошыка валют;
  • і аперацыйнае правіла, якое з'яўляецца кіраўніцтвам у дачыненні да аб'ёмаў інтэрвенцый і кошту кошыка, па якім іх трэба праводзіць падчас гандлёвай сесіі.

Асноўныя элементы ўключаюць у сябе:

  • цэнтральнае значэнне;
  • нейтральны дыяпазон і яго межы;
  • аперацыйны інтэрвал і яго межы;
  • дзённы ліміт інтэрвенцый.

Пабудова калідораў ажыццяўляецца вакол цэнтральнага значэння – разліковай велічыні, якая фарміруе сярэдзіну калідора, змяненне і пералік якой адбываецца штодня і залежыць ад вынікаў папярэдніх таргоў. На яго змяненне ўплываюць тры фактары:

  1. змяненне курса (павелічэнне кошту кошыка валют па выніках таргоў прыводзіць да зруху цэнтральнага значэння ўверх, а скарачэнне – уніз);
  2. праведзеныя інтэрвенцыі (пры ажыццяўленні Нацыянальным банкам продажу замежнай валюты па выніках таргоў цэнтральнае значэнне карэктуецца ў бок павышэння, пры куплі – зніжэння);
  3. дастатковасць золатавалютных рэзерваў (нізкі ўзровень золатавалютных рэзерваў прыводзіць да паступовага зрушэння цэнтральнага значэння ўверх, але ступень гэтага зрушэння слабее па меры назапашвання рэзерваў).

Нейтральны дыяпазон уяўляе сабой калідор, у межах якога Нацыянальны банк не ажыццяўляе ўмяшання ў ход таргоў і дазваляе кошту кошыка валют вольна змяняцца.

Пры выхадзе за межы нейтральнага дыяпазону кошт кошыка трапляе ў аперацыйны інтэрвал, унутры якога Нацыянальны банк пачынае праводзіць аперацыі па куплі або продажы замежнай валюты (у залежнасці ад кірунку змянення кошту кошыка), абмяжоўваючы яе далейшы рух. Аб'ёмы аперацый узрастаюць па меры аддалення кошту кошыка ад цэнтральнага значэння, а іх велічыня вызначаецца аперацыйным правілам. Па дасягненні мяжы аперацыйнага інтэрвалу дапускаецца выкарыстанне поўнага аб'ёму дзённага ліміту інтэрвенцый.

Памер дзённага ліміту інтэрвенцый з'яўляецца разліковым і на яго змяненне аказваюць уплыў аперацыі на валютным рынку, здзейсненыя Нацыянальным банкам. Так, продаж замежнай валюты вядзе да скарачэння дзённага ліміту інтэрвенцый, у той час як купля – да павелічэння. Тым не менш каб пазбегнуць сітуацыі, калі пасля працяглых перыядаў куплі замежнай валюты памер дзённага ліміту інтэрвенцый можа стаць празмерна вялікім, яго максімальная велічыня з'яўляецца абмежаванай. Апісаны парадак вызначэння дзённага ліміту інтэрвенцый дазваляе звесці да мінімуму рызыку поўнай страты рэзерваў у выніку продажу замежнай валюты.

Акрамя таго, задача дзённага ліміту інтэрвенцый заключаецца таксама і ў рэалізацыі прынцыпу «процідзейнічаць, але ведаць, калі адступіць». Іншымі словамі, Нацыянальны банк ажыццяўляе згладжванне ваганняў курса, але пры ўзнікненні істотнага ціску не будзе адстойваць той ці іншы яго ўзровень любой цаной, а дазволіць рыначным сілам вызначыць яго самастойна.

У экстранных сітуацыях, калі рэзкія і значныя ваганні курса нясуць пагрозу фінансавай стабільнасці і ўстойлівай рабоце рынкаў, можа быць прадастаўлены дадатковы ліміт інтэрвенцый, але толькі пасля выкарыстання дзённага ліміту ў поўным аб'ёме.

Пытанні, якія часта задаюць (FAQ)

Пад валютным курсам звычайна разумеюць суму адной валюты, якую неабходна заплаціць для куплі іншай валюты або, іншымі словамі, для ажыццяўлення абмену на яе. Таму валютны курс часта яшчэ называюць абменным.

Рэжым валютнага курса – гэта сістэма вызначэння курсавых суадносін паміж валютамі. У залежнасці ад таго, як устанаўліваецца валютны курс, магчымы два крайніх варыянты: курс можа быць жорстка фіксаваны да замежнай валюты альбо можа вольна плаваць у залежнасці ад суадносін яе прапановы і попыту на яе. Натуральна, паміж гэтымі двума крайнімі варыянтамі магчымы камбінацыі элементаў плаваючага і фіксаванага курсаў.

Так, напрыклад, вылучаюць дзве разнавіднасці плаваючага курса: свабоднае і кіраванае плаванне. Пры вольным плаванні дзяржава не ўмешваецца ў працэс фарміравання курса. Рэжым кіраванага плавання азначае, што курс вызначаецца пад уздзеяннем попыту і прапановы, на якія дзяржава можа ўплываць шляхам валютных інтэрвенцый.

Асноўная перавага фіксаваных валютных курсаў – іх прадказальнасць і вызначанасць. Аднак з прычыны таго, што дзяржава бярэ на сябе абавязацельства падтрымліваць фіксаваны валютны курс, то ў выпадку перавышэння попыту на замежную валюту над прапановай цэнтральны банк пачынае прадаваць валюту са сваіх рэзерваў, каб утрымаць курс на зададзеным узроўні. У той жа час валютныя рэзервы дзяржавы небязмежныя, і доўгі час утрымліваць курс нацыянальнай валюты ад падзення шляхам продажу замежнай валюты з рэзерваў немагчыма.

Сістэма плаваючых валютных курсаў вызначаецца магчымасцю праводзіць больш гібкую грашова-крэдытную і бюджэтна-падатковую палітыку, а таксама хутка ажыццяўляць карэкціроўкі знешніх макраэканамічных дысбалансаў.

Валютная інтэрвенцыя – гэта ўмяшанне дзяржавы, як правіла ў асобе цэнтральнага банка, у аперацыі на валютным рынку з дапамогай ажыццяўлення пакупкі ці продажу валюты.

Звычайна галоўнай мэтай здзяйснення валютных інтэрвенцый з'яўляецца ўздзеянне на валютны курс. Тым не менш яны могуць быць выкарыстаны і для дасягнення іншых мэт, напрыклад кіравання золатавалютнымі рэзервамі.

З 1 чэрвеня 2015 г. таргі асноўнымі замежнымі валютамі (долар ЗША, еўра і расійскі рубель) ажыццяўляюцца на ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» ў рэжыме бесперапыннага двайнога аўкцыёну.

У ходзе бесперапыннага двайнога аўкцыёну ўдзельнікі таргоў маюць права падаваць заяўкі ў гандлёвую сістэму на працягу ўсяго часу правядзення гандлёвай сесіі. У працэсе таргоў задавальненне заявак на куплю або продаж замежнай валюты ажыццяўляецца па меры падачы заявак зыходзячы з заяўленых курсаў.

Пры падачы удзельнікам заяўкі на куплю гандлёвая сістэма правярае наяўнасць заявак на продаж з курсам меншым або роўным курсу заяўкі на куплю і, пры іх наяўнасці, задавальняе заяўку на куплю па курсах падыходзячых заявак на продаж, пачынаючы з найменшага курса.

Пры падачы ўдзельнікам заяўкі на продаж гандлёвая сістэма правярае наяўнасць заявак на куплю з курсам вышэй або роўным курсу заяўкі на продаж і, пры іх наяўнасці, задавальняе заяўку на продаж па курсах падыходзячых заявак на куплю, пачынаючы з найвышэйшага курса.

Незадаволеныя заяўкі ў залежнасці ад іх характарыстык адпраўляюцца ў чаргу заявак альбо адхіляюцца сістэмай. Паступленне новай заяўкі пры наяўнасці ў гандлёвай сістэме сустрэчнай прапановы прыводзіць да ажыццяўлення адной або некалькіх здзелак.

У выніку ў ходзе гандлёвай сесіі па адной валюце заключаецца мноства здзелак па розных курсах. Сярэднеўзважаны курс здзелак па выніках таргоў становіцца афіцыйным.