Агульная характарыстыка падыходаў да рэалізацыі манетарнай палітыкі

Манетарная (грашова-крэдытная) палітыка – гэта сукупнасць мерапрыемстваў, якія прадпрымае цэнтральны банк для падтрымання цэнавай стабільнасці ў мэтах садзейнічання ўстойліваму і збалансаванаму развіццю эканомікі.

Канчатковай (асноўнай) мэтай манетарнай палітыкі з'яўляецца забеспячэнне цэнавай стабільнасці. Гэта звязана з тым, што ў доўгатэрміновым перыядзе тэмпы змянення цэн у эканоміцы (інфляцыя) цалкам вызначаюцца тэмпамі змянення грашовай прапановы. У гэтым сэнсе інфляцыя ўяўляе сабой грашовы феномен. Уздзеянне манетарнай палітыкі на доўгатэрміновы рост эканомікі праяўляецца не наўпрост, а ўскосна праз фарміраванне спрыяльнага цэнавага асяроддзя для інвестыцыйнай дзейнасці.

Пры гэтым у каротка- і сярэднетэрміновым перыядах меры манетарнай палітыкі аказваюць уплыў на эканамічную актыўнасць, а на інфляцыю, акрамя грашовай прапановы, уздзейнічаюць і іншыя фактары. У выніку ўздзеянне мер манетарнай палітыкі на інфляцыю ажыццяўляецца не наўпрост, а апасродкавана праз іх уплыў на сукупны попыт у эканоміцы і выдаткі вытворчасці, што абумоўлівае функцыянаванне трансмісійнага механізма манетарнай палітыкі.

Механізм уплыву манетарнай палітыкі на стан эканомікі і інфляцыю дастаткова складаны. Разам з тым спецыфіка яго работы выступае адным з ключавых крытэрыяў выбару рэжыму манетарнай палітыкі краіны – сукупнасці правіл і працэдур правядзення цэнтральным банкам манетарнай палітыкі.

Ключавой характарыстыкай манетарнага рэжыму з'яўляецца сістэма мэтавых арыенціраў, якая ўтварае свайго роду іерархічную структуру, у якой для дасягнення канчатковай мэты неабходна паслядоўна паставіць і выканаць аперацыйныя і прамежкавыя арыенціры з дапамогай прымянення адпаведных інструментаў манетарнай палітыкі.

Агульнай характарыстыкай прамежкавых арыенціраў з'яўляецца іх устойлівая ўзаемасувязь з канчатковай мэтай, колькасная вымяральнасць, магчымасць цэнтральнага банка ўплываць на іх сваімі інструментамі, празрыстасць і зразумеласць. Выкарыстанне прамежкавых арыенціраў неабходна з прычыны таго, што ўзаемасувязь паміж інструментамі і канчатковай мэтай манетарнай палітыкі складаная. Сігналы, якія пасылаюцца эканоміцы праз аперацыі і інструменты цэнтральнага банка, праяўляюцца на дынаміцы агульнага ўзроўню цэн са спазненнем (часовым лагам).

Аперацыйныя мэты ўзмацняюць узаемасувязь інструментаў манетарнай палітыкі і прамежкавых арыенціраў. Праз іх пастаноўку і дасягненне цэнтральныя банкі забяспечваюць выкананне прамежкавых і, такім чынам, канчатковых мэт. Выбар аперацыйных мэт вызначаецца рэжымам манетарнай палітыкі, а самі аперацыйныя мэты прадвызначаюць выкарыстанне канкрэтных інструментаў грашова-крэдытнай палітыкі.

У сусветнай практыцы найбольш распаўсюджанымі з'яўляюцца наступныя рэжымы манетарнай палітыкі:

  • таргеціраванне абменнага курса;
  • манетарнае таргеціраванне;
  • інфляцыйнае таргеціраванне.
Рэжым Аперацыйная мэта Прамежкавая мэта Канчатковая мэта
Таргеціраванне абменнага курса Намінальны абменны курс Намінальны абменны курс Цэнавая стабільнасць
Манетарнае таргеціраванне Грашовая база / працэнтная стаўка Грашовы агрэгат
Інфляцыйнае таргеціраванне Працэнтная стаўка Прагноз інфляцыі

Рэжым таргеціравання абменнага курса азначае, што цэнтральны банк прывязвае кошт нацыянальнай валюты да курса валюты (кошыка валют) краіны (краін) з нізкім узроўнем інфляцыі, гэта значыць прамежкавым арыенцірам манетарнай палітыкі з'яўляецца пэўны ўзровень або змяненне абменнага курса. Абапіраючыся на тэорыю адноснага парытэту пакупніцкай здольнасці, гэты рэжым прадугледжвае, што пры фіксацыі абменнага курса інфляцыя ўнутры краіны павінна набліжацца да інфляцыі ў краіне валюты прывязкі. Асноўным інструментам дасягнення мэт манетарнай палітыкі выступаюць валютныя інтэрвенцыі.

Для таго каб эфектыўна выкарыстоўваць гэты рэжым, краіна павінна валодаць істотнымі золатавалютнымі рэзервамі для процідзеяння шокам на валютным рынку.

Рэжым манетарнага таргеціравання ў якасці прамежкавага арыенціру выкарыстоўвае адзін з паказчыкаў грашовай масы. Тэарэтычна абапіраючыся на ўраўненне абмену І.Фішара, гэты рэжым прадугледжвае наяўнасць у краіне цеснай прамой узаемасувязі абранага прамежкавага арыенціру і індэкса спажывецкіх цэн. Асноўным інструментам дасягнення мэт манетарнай палітыкі выступаюць інструменты рэгулявання ліквіднасці банкаў.

Важнай умовай эфектыўнага ажыццяўлення рэжыму манетарнага таргеціравання з'яўляецца наяўнасць гібкага курса нацыянальнай валюты да замежных валют. Гэта дазваляе цэнтральнаму банку засяродзіцца на вырашэнні задачы па кіраванні грашовай прапановай праз інструменты рэгулявання ліквіднасці банкаў і мінімізаваць уплыў валютнага канала на прамежкавы арыенцір.

Рэжым таргетавання інфляцыі прадугледжвае, што цэнтральны банк дасягае сваёй канчатковай мэты праз кіраванне інфляцыйнымі чаканнямі. У якасці прамежкавага арыенціру выступае прагноз інфляцыі. Асноўнае ўздзеянне манетарнай палітыкі ажыццяўляецца, як правіла, праз канал працэнтнай стаўкі.

Падрабязней з тэарэтычнымі і практычнымі аспектамі рэжымаў манетарнай палітыкі можна азнаёміцца ў работах Мірончык і Безбародавай (2015), Лузгіна і Годэс (2010).

ЧАСТО ЗАДАВАЕМЫЕ ВОПРОСЫ (FAQ)

Трансмісійны механізм манетарнай палітыкі ўяўляе сабой сукупнасць каналаў, з дапамогай якіх імпульсы грашова-крэдытнай палітыкі ўздзейнічаюць на эканамічную актыўнасць і ўзровень цэн у эканоміцы ў каротка- і сярэднетэрміновым перыядах. У доўгатэрміновым перыядзе ў адпаведнасці з канцэпцыяй нейтральнасці грошай грашова-крэдытнае рэгуляванне не аказвае ўплыву на рэальныя эканамічныя пераменныя (ВУП, працэнтная стаўка і інш.).

Трансмісія манетарнага імпульсу ажыццяўляецца ў тры асноўныя этапы, што абумоўлівае наяўнасць часовай затрымкі – лага. На першым этапе змяненне аперацыйнага інструмента манетарнай палітыкі ўздзейнічае на пераменныя фінансавага сектара, цэны нефінансавых актываў і чаканні эканамічных агентаў. На другім этапе адбываецца карэкціроўка паводзінаў эканамічных агентаў, якая адлюстроўваецца ў дынаміцы спажывецкай і інвестыцыйнай актыўнасці, а таксама знешняга гандлю. На трэцім этапе змяняецца аб'ём вытворчасці ў краіне, што знаходзіць адлюстраванне ў дынаміцы грашовай масы і ўнутраных цэн на тавары і паслугі.

Канал трансмісійнага механізма манетарнай палітыкі можна вызначыць як сістэму эканамічных адносін, якія складваюцца паміж сектарамі эканомікі ў працэсе паслядоўнай перадачы імпульсу манетарнай палітыкі праз спецыфічную эканамічную катэгорыю ў рэальную эканоміку і інфляцыю. Найбольш часта вылучаюць наступныя каналы трансмісійнага механізма: працэнтны, абменнага курса, крэдытны, цэн на актывы і чаканняў.

Больш падрабязна з тэарэтычным прадстаўленнем аб манетарнай трансмісіі можна азнаёміцца ў работах Мірончык (2015), Харытончыка і Дзмітрыева (2018).

Доўгатэрміновы эканамічны рост вызначаецца фактарамі з боку прапановы (структурнымі фактарамі). Да іх адносяць даступныя тэхналогіі, памер і кваліфікацыю працоўных рэсурсаў, велічыню і стан асноўнага капіталу, эканамічныя інстытуты, якія функцыянуюць, і інш. Дзяржава здольна аказаць уздзеянне на доўгатэрміновы рост пры дапамозе ўдасканалення рыначнай сістэмы функцыянавання эканомікі, змянення бюджэтна-падатковай палітыкі, механізма дзяржаўнага рэгулявання эканомікай, а не мерамі манетарнай палітыкі. Стымуляванне эканамічнай актыўнасці манетарнымі інструментамі звыш патэнцыйных магчымасцей эканамічнай сістэмы непазбежна прывядзе да залішняга росту грашовай прапановы, што будзе мець негатыўныя інфляцыйныя вынікі і, як следства, сацыяльныя выдаткі. Больш падрабязна пра фактары доўгатэрміновага росту эканомікі гл. у работах Мірончык і інш. (2016), Дземідзенка і Кузняцова (2012), Камкова (2011).

У каротка- і сярэднетэрміновым перыядах манетарная палітыка здольна аказаць істотнае ўздзеянне на эканамічную актыўнасць. Карэкціроўка цэн на тавары і паслугі ў адказ на змяненне манетарнай палітыкі ажыццяўляецца не ў адзін момант, а з часовай затрымкай. Гэта азначае, што ў выніку прымянення мер манетарнай палітыкі адбываецца часовае змяненне ўмоў функцыянавання (напрыклад, рэальны кошт крэдытных рэсурсаў) суб'ектаў эканомікі, якое прыводзіць да змянення іх інвестыцыйна-ашчадных паводзін і, такім чынам, попыту ў эканоміцы. Падрабязней гл. у рабоце Мірончык і інш. (2007 г.).