Працэнтная палітыка Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь

Працэнтная палітыка Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на рэгуляванне цаны грошай у эканоміцы і з'яўляецца часткай грашова-крэдытнай палітыкі.

Мэтай працэнтнай палітыкі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь з'яўляецца падтрыманне ўсяго комплексу працэнтных ставак грашовага і крэдытна-дэпазітнага рынкаў на ўзроўні, адпаведным дасягненню прамежкавай і асноўнай мэт манетарнай палітыкі з улікам неабходнасці забеспячэння фінансавай стабільнасці і ўстойлівага развіцця эканомікі.

Нацыянальны банк рэалізуе працэнтную палітыку праз устанаўленне стаўкі рэфінансавання, ставак па пастаянна даступных аперацыях рэгулявання ліквіднасці банкаў, правядзенне аперацый па рэгуляванні ліквіднасці банкаў.

Стаўка рэфінансавання ўяўляе сабой стаўку Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якая з'яўляецца базавым інструментам рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак на грашовым рынку і служыць асновай для ўстанаўлення працэнтных ставак па аперацыях прадастаўлення ліквіднасці банкам.

Стаўкі па пастаянна даступных інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаў фарміруюць калідор працэнтных ставак. Выкарыстанне Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь калідора працэнтных ставак заклікана абмежаваць ваганні працэнтных ставак рынку міжбанкаўскага крэдытавання.

Аперацыі па рэгуляванні ліквіднасці банкаў накіраваны на дасягненне аперацыйнага арыенціру манетарнай палітыкі. Галоўную ролю ў рэгуляванні ліквіднасці банкаў адыгрываюць асноўныя аперацыі на адкрытым рынку, якія могуць ажыццяўляцца ў форме крэдытаў, здзелак СВОП, эмісіі аблігацый, прамога і зваротнага РЭПО, дэпазітаў. З дапамогай правядзення асноўных аперацый на адкрытым рынку Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь фарміруе неабходны ўзровень стаўкі аднадзённых міжбанкаўскіх крэдытаў у беларускіх рублях.

Рашэнні аб узроўні стаўкі рэфінансавання і ставак па пастаянна даступных інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаў прымаюцца Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Выпрацоўка і прыняцце рашэнняў па правядзенні аперацый рэгулявання ліквіднасці банкаў знаходзяцца ў кампетэнцыі Камітэта па аперацыях на фінансавых рынках Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Пытанні, якія часта задаюцца (FAQ)

Выкарыстанне інструментаў працэнтнай палітыкі дазваляе Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь аказваць прамы ўплыў на ўзровень кароткатэрміновых працэнтных ставак рынку міжбанкаўскага крэдытавання, забяспечваючы такім чынам дасягненне аперацыйнай мэты манетарнай палітыкі.

Змяненне кароткатэрміновых працэнтных ставак рынку міжбанкаўскага крэдытавання вядзе да змянення кароткатэрміновых, а пасля доўгатэрміновых працэнтных ставак па банкаўскіх крэдытах і дэпазітах насельніцтва і прадпрыемстваў.

Змяненне ставак крэдытна-дэпазітнага рынку аказвае ўплыў на ашчадна-інвестыцыйныя працэсы ў нефінансавым сектары эканомікі і сектары хатніх гаспадарак, што знаходзіць адлюстраванне ў дынаміцы крэдытавання і попыту ў эканоміцы. У выніку адбываецца змяненне шырокай грашовай масы, якое з пэўным часовым лагам адлюстроўваецца на дынаміцы інфляцыі.