18.03.2020  
Інфармацыйнае паведамленне

Абноўленыя банкноты наміналам 20 і 50 беларускіх рублёў будуць уведзены ў абарачэнне з 23 сакавіка 2020 года


Абноўленыя банкноты ўзору 2009 года наміналам 20 і 50 беларускіх рублёў 2020 года выпуску будуць уведзены ў абарачэнне з 23 сакавіка 2020 года. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 13 сакавiка 2020 года № 74 у межах правядзення мерапрыемстваў па замене старых банкнотаў, якія выводзяцца з абарачэння, і аптымізацыі ахоўнага комплексу банкнотаў, якія знаходзяцца ў абарачэнні.

Ахоўны комплекс абноўленых банкнотаў наміналам 20 і 50 беларускіх рублёў узмоцнены за кошт дадатковага вадзянога знака, больш шырокай ахоўнай ніткі, а для 50 беларускіх рублёў яшчэ і выявы з колерапераменным эфектам.

У дызайн абноўленых банкнотаў, у параўнанні з тымі банкнотамі наміналам 20 і 50 беларускіх рублёў, што знаходзяцца ў абарачэнні, унесены наступныя змяненні:

  • выключаны рэквізіт "Старшыня Праўлення" і факсіміле подпісу;
  • прыведзены ў адпаведнасць з актуальным знешнім выглядам выявы архітэктурных збудаванняў на пярэдніх баках банкнотаў і пазначаны іх назвы;
  • замест "2009" указаны год выпуску ў абарачэнне – "2020";
  • надпіс "ПЯЦЬДЗЕСЯТ" на банкноце наміналам 50 рублёў заменены на "ПЯЦЬДЗЯСЯТ".

Выявы новых банкнотаў і падрабязная інфармацыя пра іх ахоўны комплекс будуць размешчаны на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт у раздзеле "Банкноты і манеты" 23 сакавіка 2020 года.

Банкноты 2020 года выпуску выраблены акцыянерным таварыствам "Гознак" (Расійская Федэрацыя).

Банкноты ўзору 2009 года наміналам 20 і 50 беларускіх рублёў, выпушчаныя ў абарачэнне ў 2016 годзе, застаюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь.

Даведачна. Рашэнне аб правядзенні мадыфікацыі банкнотаў, якія знаходзяцца ў абарачэнні, было прынята Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у верасні 2018 года. У маі 2019 года ў абарачэнне былі ўведзены абноўленыя банкноты ўзору 2009 года наміналам 5 і 10 беларускіх рублёў.