25.03.2020  
Інфармацыйнае паведамленне

Аб забеспячэнні банкамі якаснага і бесперабойнага абслугоўвання фізічных асоб


Нацыянальны банк накіраваў на адрас банкаў рэкамендацыі па забеспячэнні якаснага і бесперабойнага абслугоўвання фізічных асоб у сітуацыі павышанага попыту на асобныя банкаўскія аперацыі.

У прыватнасці, банкам указана на недапушчальнасць увядзення неабгрунтаваных абмежаванняў і (або) узнагароджанняў за здзяйсненне банкаўскіх аперацый, у тым ліку звязаных з атрыманнем наяўных грашовых сродкаў кліентамі са сваіх бягучых (разліковых) банкаўскіх рахункаў (уключаючы рахункі, да якіх выпушчана ў абарачэнне банкаўская плацежная картка ) і правядзеннем безнаяўных разлікаў.

Банкам таксама рэкамендавана не завышаць курс канверсіі пры зняцці фізічнымі асобамі наяўнай замежнай валюты, якая адрозніваецца ад валюты бягучага (разліковага) банкаўскага рахунку, у тым ліку рахунку па ўліку ўкладу (дэпазіту), а таксама пры пералічэнні замежнай валюты па рахунках, адкрытых у розных замежных валютах.

Акрамя таго, у існуючых умовах, якія характарызуюцца адсутнасцю па аб'ектыўных прычынах дастатковага аб'ёму наяўных долараў ЗША, банкам неабходна падмацоўваць абменныя пункты (касы) iншай наяўнай замежнай валютай у аб'ёмах, дастатковых для поўнага задавальнення попыту насельніцтва.

Нацыянальны банк таксама звярнуў увагу банкаў на неабходнасць узважанага падыходу да ўстанаўлення розніцы паміж курсамі куплі і продажу замежнай валюты.