01.06.2020  
Інфармацыйнае паведамленне

Інфармацыя аб выніках публічнага абмеркавання праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні заканадаўчых актаў па пытаннях абароны правоў спажыўцоў»


Арганізатар публічнага абмеркавання праекта – Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.

Від публічнага абмеркавання – грамадскае.

Спосабы публічнага абмеркавання – публічнае абмеркаванне ажыццяўляецца ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт на сайце "Прававы форум Беларусі".

Тэрміны правядзення публічнага абмеркавання:

дата пачатку – 13 мая 2020 г.;

дата заканчэння – 23 мая 2020 г.

Від, назва праекта нарматыўнага прававога акта, які выносіцца на публічнае абмеркаванне, – праект Закона Рэспублікі Беларусь "Аб змяненні заканадаўчых актаў па пытаннях абароны правоў спажыўцоў".

Свае заўвагі, прапановы і каментарыі па рэдакцыі праекта Закона пакінулі 4 фізічныя асобы і 4 юрыдычныя асобы (ААТ "БПС-Сбербанк", Асацыяцыя лізінгадаўцаў, група кампаній "Актыўлізінг", СТАА"РЕСО-БелЛізінг").

Грамадзянамі падчас абмеркавання выказаны наступныя заўвагі і прапановы:

вылучыць з прадмета мяркуемых да рэгулявання законапраектам грамадскіх адносін адносіны, якія вынікаюць з дагавораў, заключаных паміж спажыўцамі і банкамі. Прыняць на гэтую тэму лаканічны, зразумелы, асобны закон. У якасці прыкладу прыводзіўся Закон Расійскай Федэрацыі ад 21 снежня 2013 г. № 353-ФЗ (рэд. ад 03.04.2020) "Аб спажывецкім крэдыце (пазыцы)";

арганізаваць у Нацыянальным банку работу структурнага падраздзялення, якое будзе займацца абаронай правоў спажыўцоў у сферы фінансавых паслуг, для чаго ўнесці змяненні ў адпаведныя заканадаўчыя акты і надзяліць гэта падраздзяленне неабходнымі паўнамоцтвамі. Разам з тым, удзельнікі абмеркавання пісалі, што для фінансавання дзейнасці гэтага падраздзялення будзе няправільным спаганяць узносы з выканаўцаў фінансавых паслуг (сярод якіх ёсць добрасумленныя), так як гэта пацягне павелічэнне сабекошту фінансавых паслуг. У якасці магчымай крыніцы фінансавання прапаноўвалася наступнае. У выпадку, калі гэтым падраздзяленнем будзе ўстаноўлена парушэнне правоў спажыўца, што пацягнула прычыненне яму матэрыяльнага ўрону, – спагнаць з нядобрасумленнага выканаўцы фінансавых паслуг суму ўрону, напрыклад, у падвойным памеры. Сума, якая засталася пасля пакрыцця ўрону, будзе накіроўвацца ў бюджэт структурнага падраздзялення для фінансавання яго дзейнасці. Таксама прапаноўвалася прадугледзець механізм абскарджання рашэння гэтага падраздзялення выканаўцам фінансавых паслуг, у тым ліку і ў судовым парадку.

Юрыдычнымі асобамі выказаны наступныя заўвагі і прапановы:

выключыць з праекта Закона норму, якая прадугледжвае няўстойку 1% за дзень (365% гадавых) за парушэнне тэрміну задавальнення патрабаванняў спажыўца фінансавых паслуг, якую выканаўца фінансавых паслуг выплачвае спажыўцу за кожны дзень (гадзіну, калі тэрмін вызначаны ў гадзінах) пратэрміноўкі;

канкрэтызаваць паняцце "недахопы аказання фінансавай паслугі";

адзначана, што нормы праекта Закона па сваёй сутнасці дыскрымінацыйныя ў дачыненні да выканаўцы і парушаюць галоўны прынцып роўнасці бакоў (часткі 1, 2, 4 артыкула 401, артыкул 405);

пункт 4 артыкула 4010 дапоўніць словамі "Зварот выканаўцы фінансавай паслугі ў суд з заявай аб адмене рашэння прыпыняе выкананне рашэння, якое ўвайшло ў сілу";

адзначана, што нормы праекта Закона ў частцы лізінгу не адпавядаюць, а часам і супярэчаць шэрагу канцэптуальных палажэнняў Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў Рэспублікі Беларусь (частка 3 артыкула 401, часткі 1 і 3 артыкула 402, частка 1 артыкула 403 праекта Закона);

адзначана, што прынцып добрасумленнага (адказнага) аказання фінансавых паслуг павінен прымяняцца да ўсіх удзельнікаў праваадносін;

адзначана, што абавязак лізінгавай кампаніі даць інфармацыю аб тэрміне лізінгу ўжо замацаваны ў заканадаўстве;

выказаны сумненні ў частцы дапаўнення праекта Закона падставай прызнання дагавора несапраўдным, калі ўмовы заключанага са спажыўцом дагавора хоць і не супярэчаць заканадаўству, але прыводзяць або могуць прывесці да значнага дысбалансу правоў і абавязкаў бакоў па дамове на шкоду эканамічным інтарэсам і намерам спажыўца.

Таксама выказаны прапановы па карэкціроўцы асобных нормаў праекта Закона (артыкула 2, 5, 7, 19, 401, 407, 4010).

Ніжэй прыводзіцца пазіцыя распрацоўшчыка па абагульненых тэмах, якія знайшлі найбольш актыўны водгук грамадзян і юрыдычных асоб у працэсе публічнага абмеркавання праекта Закона.

1. Прапануемая сістэма абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг.

У адпаведнасці з пералікам дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, адказных за разгляд зваротаў па сутнасці ў асобных сферах жыццядзейнасці насельніцтва, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 "Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб", Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і аддзелы/упраўленні гандлю і паслуг у мясцовых выканаўчых органах дзяржаўнага кіравання не ўпаўнаважаны абараняць правы спажыўцоў фінансавых паслуг, у тым ліку ў частцы разгляду зваротаў спажыўцоў.

Дзяржаўныя органы як складнікі выканаўчай улады не маюць права прымаць рашэнні, якія абавязваюць фінансавую арганізацыю ўрэгуляваць сітуацыю з канкрэтным спажыўцом пэўным чынам.

У сваю чаргу, Цэнтр па абароне правоў спажыўцоў фінансавых паслуг (далей – Цэнтр), які ствараецца, надзяляецца паўнамоцтвамі па прыняцці абавязковых рашэнняў па канкрэтнай сітуацыі ў частцы яе ўрэгулявання пэўным чынам.

Такім чынам, стварэнне пазасудовага органа па разглядзе скаргаў спажыўцоў фінансавых паслуг накіравана на фарміраванне дадатковага механізма атрымання прававой дапамогі і абароны спажыўцамі фінансавых паслуг.

Дзейнасць створанага органа не можа разглядацца як дубліраванне паўнамоцтваў дзяржаўнага органа.

2. Адпаведнасць праекта Закона міжнародным дагаворам.

Рашэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ад 01.10.2019 № 20 у адпаведнасці з Дагаворам аб ЕАЭС зацверджана Канцэпцыя фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС. Гэта Канцэпцыя рэкамендуе урадам і нацыянальным (цэнтральным) банкам пры стварэнні механізма абароны правоў і законных інтарэсаў інвестараў і спажыўцоў фінансавых паслуг прадугледзець на фінансавым рынку наяўнасць механізмаў пазасудовага ўрэгулявання спрэчак спажыўцоў і пастаўшчыкоў фінансавых паслуг.

Стварэнне Цэнтра адпавядае рэкамендацыям па ўкараненні альтэрнатыўных механізмаў урэгулявання спажывецкіх спрэчак на прыкладзе дзейнасці фінансавага амбудсмена (упаўнаважанага), выкладзеным у падпункце 1.3 пункта 1 пратакола сумеснага пасяджэння Кансультатыўнага камітэта па абароне правоў спажыўцоў дзяржаў – членаў ЕАЭС і Кансультатыўнага савета па абароне правоў спажыўцоў дзяржаў – удзельніц СНД ад 26 верасня 2019 г. № ЗПП-1/пр.

3. Арганізацыйна-прававая форма Цэнтра – некамерцыйная арганізацыя (фонд), фінансаванне Цэнтра – за кошт абавязковых узносаў удзельнікаў фінансавага рынку.

Стварэнне некамерцыйнай арганізацыі ў форме фонду абумоўлена мэтай яе дзейнасці, якой з'яўляецца абарона правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, а таксама неабходнасцю забеспячэння прынцыпу незалежнасці дзейнасці Цэнтра, у тым ліку ад заснавальнікаў і выканаўцаў фінансавых паслуг, якімі будзе фінансавацца работа Цэнтра.

Сусветным банкам у Дапаможніку па стварэнні схемы амбудсмена па фінансавых паслугах (сакавік 2018 г.) (старонкі 28, 29, 31, пераклад з англійскай мовы) адлюстраваны шэраг момантаў, якія трэба ўлічваць пры стварэнні Цэнтра. У прыватнасці, "паколькі праца амбудсмена па фінансавых паслугах аплачваецца галіной фінансавых паслуг, яна будзе адлюстравана ў выдатках кампаній, якія аказваюць фінансавыя паслугі, – такім чынам, кошт у канчатковым выніку будзе ўскосным чынам класціся на кліентаў у цэлым".

Акрамя таго, у Дапаможніку адзначаецца, што работа амбудсмена па фінансавых паслугах мае патрэбу ў адэкватным аператыўным фінансаванні для таго, каб ён мог эфектыўна і аператыўна ажыццяўляць сваю дзейнасць. Гэта ўключае прадастаўленне адпаведных аперацыйных рэзерваў для:

пакрыцця ваганняў грашовых патокаў і рабочай нагрузкі;

згладжвання любых ваганняў сум, якія павінны плаціць арганізацыі, што аказваюць фінансавыя паслугі.

Па агульным правіле работа амбудсмена па фінансавых паслугах, а таксама структура фінансавання павінны быць арганізаваны такім чынам, каб тыя, хто дае сродкі (незалежна ад формы ўласнасці – дзяржаўная або прыватная), не маглі ўплываць на работу амбудсмена па фінансавых паслугах.

Аператыўнае фінансаванне тэарэтычна можа быць прадастаўлена урадам (за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту) або рэгулятарам фінансавых паслуг (з яго бюджэту). Разам з тым, на практыцы падобныя схемы сустракаюцца рэдка. Звычайна аперацыйнае фінансаванне паступае ад кампаній, якія аказваюць фінансавыя паслугі.

За аснову стварэння ў Рэспубліцы Беларусь інстытута абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг у форме фонду прынята мадэль аналагічнага інстытута ў Рэспубліцы Арменія, пры стварэнні якога быў вывучаны вопыт больш за 40 краін свету. Фінансаванне дзейнасці аналагічных інстытутаў за кошт узносаў фінансавых арганізацый прадугледжваецца таксама ў Расійскай Федэрацыі.

4. Узмацненне правоў спажыўцоў і ўвядзенне прынцыпу добрасумленнага (адказнага) аказання фінансавых паслуг.

Гэты прынцып азначае аказанне фінансавай паслугі ў адпаведнасці з эканамічнымі інтарэсамі і намерамі спажыўца фінансавых паслуг. Устанаўленне гэтага прынцыпу мае на мэце пашырэнне абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг выпадкамі, калі адсутнічаюць парушэнні канкрэтнай нормы заканадаўства з боку выканаўцы фінансавых паслуг. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным банкам вызначаюцца пералікі дзеянняў (бяздзейнасці), якія не адпавядаюць прынцыпу добрасумленнага (адказнага) аказання фінансавых паслуг, а таксама прыкмет неадпаведнасці ўмоў дагавораў гэтага прынцыпу. Такім чынам, забяспечваецца фактычная роўнасць выканаўцаў фінансавых паслуг і спажыўцоў фінансавых паслуг. Прызнанне дзеянняў (бяздзейнасці), умоў дагавора не адпаведнымі прынцыпу добрасумленнага (адказнага) аказання фінансавых паслуг будзе ажыццяўляцца Цэнтрам, судом пры разглядзе канкрэтных скаргаў спажыўцоў фінансавых паслуг або судом пры звароце Нацыянальнага банка або Міністэрства фінансаў з іскам аб абароне правоў нявызначанага кола спажыўцоў фінансавых паслуг.

Упраўленне па абароне правоў спажыўцоў